Беларуская Служба

У Польшчы на 150% павялічаць акцыз на вадкасці для вейпінга

03.10.2024 06:07
Урад плануе таксама ўвесці акцыз на электронныя цыгарэты і іншыя вырабы для вейпінга – у сярэднім па 9-11 еўра за адзінку.
Электронная цыгарэтаNatali Brillianata/ Shutterstock

У Польшчы прыняты праект паправак у Закон аб акцызе. Ён прадугледжвае рост акцызу «на тытунёвыя вырабы, інавацыйныя тавары і вадкасць для электронных цыгарэт, а таксама ўвядзенне акцызу на прылады, якія выкарыстоўваюцца для вейпінгу». 

Паводле дадзеных Еўрапейскай камісіі, цэны на цыгарэты ў Польшчы - адны з самых нізкіх у Еўрапейскім Саюзе. 

Так, згодна з законапраектам у наступным годзе стаўка акцызу на цыгарэты вырасце на 25%, у 2026-м – на 20%, а ў 2027 годзе – на 15%. У сваю чаргу акцыз на тытунь для люлек і самакрутак у 2025 годзе вырасце ажно на 38%, у 2026-м – на 30%, а ў 2027 годзе – на 22%. 

Цэны пойдуць уверх таксама на вырабы для награвання тытуню, якія сталі надзвычай папулярнымі ў апошні час. Так, у наступным годзе яны падаражаюць на 50%, у 2026-м рост акцызу складзе 20%, а ў 2027 годзе – на 15%. 

У 2025 годзе таксама на 75% павялічыцца акцыз на вадкасці для выпарвання, якія ўтрымліваюць нікацін, у 2026 годзе – на 50%, а ў 2027-м – на 25%. 

З апублікаванага дакументу вынікае, што сярэдні кошт пачкі цыгарэт у 2025 годзе складзе 20 злотых 82 грошы (4 еўра 85 цэнтаў), праз год – 23 злотыя 85 грошаў (5 еўра 55 цэнтаў), праз два гады – 26 злотых 54 грошы (6 еўра 20 цэнтаў). 

Больш за тое, урад плануе ўвесці акцыз на электронныя цыгарэты і іншыя вырабы для вейпінга – у сярэднім па 40-50 злотых за адзінку (9-11 еўра).

вс