Беларуская Служба

Звышхуткія цягнікі (320 км/г) змогуць затрымлівацца таксама ў невялікіх гарадах Польшчы

07.10.2024 17:04
Рашэнне заснавана на мадэлях хуткаснай чыгункі ў Заходняй Еўропе.
Чыгункакрыніца: Pixabay.com/652234

Rzeczpospolita піша, што хуткасныя цягнікі пачнуць курсіраваць не толькі паміж вялікімі гарадамі Польшчы, але таксама больш правінцыйнымі. Паміж лініяй хуткаснай чыгункі і, напрыклад, Калішам і Серадзам, будуць пабудаваныя спецыяльныя злучальнікі – паведамляе выданне.

Такім чынам, хуткасныя цягнікі, якія курсіруюць з Варшавы праз Лодзь у Познань і Уроцлаў з хуткасцю 320 км/г, змогуць як абысці меншыя гарады, скарачаючы час у дарозе паміж агламерацыямі, так і затрымацца ў іх, а потым вярнуцца на высакахуткасную чыгуначную лінію (HSR).

Па словах старшыні прадпрыемства Цэнтральны камунікацыйны порт (CPK) Філіпа Чэрніцкага (Filip Czernicki), прапанаванае рашэнне заснавана на мадэлях хуткаснай чыгункі ў Заходняй Еўропе, і мясцовыя вакзалы змогуць стаць перасадачнымі вузламі, дазваляючы пасажырам перасаджвацца з экспрэс-цягніка на рэгіянальны цягнік, аўтобус або ўласны аўтамабіль. Аднак, ці такая магчымасць паявіцца, будуць вырашаць бізнес-меркаванні.

«Колькі пасажырскіх цягнікоў спыніцца ў Серадзі ці Калішы (гарады сярэдняй велічыні – рэд.), будзе залежаць ад арганізатараў перавозак», – сказаў выданню ўпаўнаважаны ўраду па пытаннях CPK Мацей Лясек (Maciej Lasek).

Газета адзначае, што Польская дзяржаўная чыгунка InterCity (PKP InterCity) не хоча каментаваць планы кампаніі CPK. Аднак, на думку экспертаў, каб хуткасная чыгунка апраўдала спадзяванні, колькасць прыпынкаў цягнікоў павінна быць абмежаваная.

нг