На працягу чатырох дзён у Познані праходзяць сустрэчы прадстаўнікоў бізнесу і інстытуцый з Польшчы, Украіны і іншых краін Еўропы і свету, якія маюць намер працаваць над адбудовай і мадэрнізацыяй Украіны.
Прадпрымальнікі, нацыянальныя і міжнародныя арганізацыі, што падтрымліваюць развіццё, і прадстаўнікі ўрада на высокім міністэрскім узроўні сустракаюцца, каб абмеркаваць рэканструкцыю, мадэрнізацыю Украіны і яе шлях у Еўрапейскі Саюз.
Дырэктар Кангрэсу Ян Гладысяк адзначыў нашаму радыё, што сёлетні форум больш складанейшы, чым леташні, паколькі вайна ва Украіне працягваецца. Тым не менш перспектыва адбудовы Украіны, паводле яго слоў, застаецца той тэмай, пра якую варта размаўляць, бо вайна раней ці пазней скончыцца.
— І прадстаўнікі бізнесу, і дзяржаўныя ўстановы Польшчы падтрымліваюць тэматыку адбудовы Украіны, бо мы, як найбліжэйшы сусед Украіны, будзем адыгрываць у гэтым ці не самую значную ролю. Напэўна, станем лагістычным цэнтрам гэтага праекта. Да таго ж польскія фірмы ўжо цяпер прысутнічаюць ва Украіне, існуюць і дзейнічаюць дзяржаўныя прадстаўніцтвы Польшчы. Мы маем гандлёвыя прадстаўніцтвы ў Кіеве і Львове, што дае нам перавагу перад іншымі партнёрамі. Мы там ёсць, мы ведаем рынак і маем добрыя кантакты з украінскімі фірмамі і прадстаўнікамі ўрада. Польшча, безумоўна, будзе браць удзел у гэтым праекце, і мы павінны быць гатовыя, каб у той момант, калі канфлікт скончыцца, адразу прыступіць да працэсу адбудовы.
Кангрэс «Адбудовы Украіны», паводле спадара Гладысяка, — гэта пачатак дыялогу аб патрэбах украінскай эканомікі і магчымасцях, якія прапануюць польскія партнёры, гатовыя да супрацоўніцтва. Кангрэс стаў пляцоўкай для дыскусійных панэляў, семінараў і наладжвання кантактаў з мэтай лепшай падрыхтоўкі прававой і эканамічнай асновы для супрацоўніцтва ў аднаўленні Украіны. Падчас мерапрыемства ўдзельнічае каля 1000 бізнесоўцаў і спецыялістаў, запланавана правядзенне 40 дэбатаў з удзелам 100 спікераў.
Дырэктар Кангрэсу звяртае ўвагу на тое, што польскія бізнесмены і сёлета актыўна ўдзельнічаюць у кангрэсе і праяўляюць сваю зацікаўленасць.
— Усе зараз знаходзяцца ў стане чакання, ніхто пакуль не прымае стратэгічных рашэнняў, але ўсе хочуць быць у курсе справы, каб не прапусціць той момант, калі тыя дзверы адчыняцца. Мы бачым, што бізнес адчувае: гэты працэс можа заняць пэўны час, і трэба пачакаць, пакуль з’явяцца магчымасці пачаць працу.
Дамінік Шульга, прадстаўнік польскай фірмы APL, якая займаецца дыстрыбуцыяй высокаякасных будаўнічых матэрыялаў, кажа, што найперш чакае ад кангрэсу больш поўнай інфармацыі пра магчымасці ўдзелу ў праекце «Адбудовы Украіны».
— Мы таксама хочам наладзіць кантакты, пазнаёміцца з людзьмі, якія займаюцца не толькі будаўнічымі матэрыяламі, але і з іншымі ўдзельнікамі кангрэсу. Мы не чакаем вялікіх бізнес-адкрыццяў, але хочам прадставіць нашу фірму з лепшага боку, пашукаць добрыя кантакты і магчымасці для развіцця бізнесу. Мы ўжо маем прадстаўніцтвы ў Львове і Кіеве і з’яўляемся цікавымі партнёрамі для тых, хто плануе працаваць ва Украіне і з кім мы маглі б наладзіць супрацоўніцтва.
Прадстаўнік HOLDING-ZREMB Gorzów S.A. Сельвестар Кубала адзначыў, што іх фірму цікавіць інфармацыя пра магчымасці ўдзелу ў праекце.
— Гэта вельмі цікавы праект, бо працы будзе шмат для ўсіх. Пакуль цяжка нешта дакладна сказаць, але спадзяюся, што з канферэнцыі атрымаю адказы на многія пытанні. Здаецца, што працы, звязаныя з адбудовай Украіны, павінны нарэшце пачацца. Мы займаемся вытворчасцю металаканструкцый і, вядома, зможам там працаваць. Думаю, што пра гэта трэба гаварыць ужо зараз, бо такі праект павінен быць добра запланаваны і падрыхтаваны.
Чарненка Марыя, кіраўніца вайсковай адміністрацыі Арганскай рады на Харкаўшчыне, адзначыла, што мэта яе візіту — знайсці шляхі аднаўлення Украіны.
— Мы спадзяёмся, што ў найбліжэйшы час пасля перамогі накіруем усе намаганні на аднаўленне нашых сёл і гарадоў.
Прадстаўніца Савенскай адміністрацыі Ізюмінскага раёна Харкаўскай вобласці спадарыня Аксана распавяла, што іх раён на 100% быў пад акупацыяй. Яна прыводзіць канкрэтныя лічбы:
— Жылы фонд налічваў тры з паловай тысячы дамоў, з іх 1015 былі пашкоджаны, а 150 — цалкам зруйнаваны. Што тычыцца аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, то кожны будынак у той ці іншай ступені быў пашкоджаны. З іх чатыры школы, будынкі культуры і адміністрацыі знішчаны цалкам.
Яна адзначыла, што іх раён шукае партнёраў, бо самастойна аднавіць усё немагчыма.
— Мы стараемся браць удзел ва ўсіх падобных форумах, каб знайсці партнёраў і атрымаць экспертную ацэнку нашых дзеянняў. Мы маем замінаваныя тэрыторыі і не можам працаваць у поўнай меры. Таму партнёрства для нас вельмі важнае.
Кангрэс «Адбудовы Украіны» арыентаваны не толькі на інстытуцыйных прадстаўнікоў дзвюх краін, але і на малыя, сярэднія і буйныя прадпрыемствы, якія ўжо працуюць на ўкраінскім рынку або маюць намер на яго выйсці ці вярнуцца.
Яго арганізатарам выступілі Grupa MTP і Міністэрства тэхналагічнага развіцця ў супрацоўніцтве з асноўнымі партнёрамі: Польска-ўкраінскай гаспадарчай палатай і Польскай асацыяцыяй працадаўцаў будаўніцтва.
Павел ЗАЛЕСКІ