Беларуская Служба

Як сэканоміць 5-6 тысяч злотых у год на харчаванні? Эколагі расказваюць пра крытычнае спажыванне

21.10.2024 12:42
Бананы і кава — неэкалагічныя прадукты.
Аўдыё
  • Колькасць людзей, якія марнуюць ежу, змяншаецца, але прадукты ўсё роўна трапляюць у сметніцы.
GIOŚ apeluje o niemarnowanie jedzenia
GIOŚ apeluje o niemarnowanie jedzeniaShutterstock/Andrey_Popov

Слухайце сюжэт у далучаным файле!

Палякі марнуюць тры мільёны тон харчоў штогод, і ў той жа час больш за шэсць з паловай працэнтаў насельніцтва краіны жыве за рысай беднасці. Пра гэта гаворыцца ў апошняй справаздачы «Не марнуйце ежу 2024». Справаздачу апублікавала Федэрацыя польскіх харчовых банкаў у Сусветны дзень харчавання.

Лукаш Солтысяк (Łukasz Sołtysiak) з Федэрацыі польскіх харчовых банкаў кажа, што амаль 45 працэнтаў жыхароў Польшчы марнуюць ежу, але ў параўнанні з мінулым годам гэтая група меншая на 11 працэнтаў.

«Можна сказаць, што наша інфармаванасць расце, а таксама гэта абумоўлена ўсё больш высокімі цэнамі на прадукты харчавання. У выніку мы не можам дазволіць сабе гэтую ежу і купляем менш прадуктаў, стараемся выбіраць прадукты па больш прывабнай цане», — дадае ён.

Лукаш Солтысяк падкрэслівае, што хоць адсотак людзей, якія марнуюць ежу, змяншаецца, прадукты ўсё роўна трапляюць у сметніцы. Часцей за ўсё выкідваюць розныя віды хлебабулачных вырабаў, мясную нарэзку, гародніну і садавіну.

Лукаш Салтысяк кажа, што найперш прадукты выкідаюць, бо сышоў тэрмін іх прыдатнасці, людзі не ўмеюць планаваць пакупкі, захоўваць прадукты.

Паводле ацэнак, з-за нерацыянальнага выкарыстання прадуктаў хатнія гаспадаркі штогод губляюць ад 5000 да 6000 злотых.

Беларускі эколаг, даследчык Аляксей Аўчыннікаў гаворыць, што яму невядомыя лічбы, колькі марнуецца ў Беларусі ежы. Але ў краіне гэта найперш тычыцца крам, нейкіх устаноў, а не людзей. І звяртае ўвагу на праблемы выкіду метану, калі прадукты трапляюць на палігоны:

— Арганічныя адкіды, ежа — вялікае пытанне. Гэта ўсё нельга везці на палігоны смецця, бо такія адкіды прадукуюць метан. Калі гавораць пра перапрацоўку, то часта людзі факусуюцца на тэме пластыку, а пра біяадходы згадваюць менш, хаця яны таксама шкодзяць наваколлю. Яны пераўтвараюцца ў кампост, калі гэта арганізавана. На звычайных палігонах смецця гэтыя адкіды пераўтвараюцца ў метан. Гэта газ, якія стварае парніковы эфект, ён ніяк не забіраецца з атмасферы. Вуглякіслы газ, напрыклад, забіраюць расліны. Таксама метан можа прывезці да выбухаў.

Разважаючы пра нерацыянальнае спажыванне, Аляксей Аўчыннікаў згадвае шопінг як спосаб зняцця стрэсу:

— Спажыванне, шопінг — адзін са спосабаў змагацца са стрэсам. А ў сучасным свеце, як мы ведаем, стрэс — частая з'ява. Часта гэта прадукты харчавання, якія потым ідуць у сметніцу. Таму думаю, што вялікае спажыванне звязана з інтэнсіўнасцю жыцця. Спажыванне на высокім узроўні ва ўсім свеце, і ў Беларусі таксама. Але варта развіваць крытычны падыход да спажывання, бо гэта ўплывае і на кліматычныя праблемы.

Аляксей раіць перад паходам у краму рабіць спіс пакупак і набываць усё паводле спісу. Імпульсіўныя пакупкі часта робяцца, калі чалавек галодны, стомлены, раздражнёны, як рэакцыя на маркетынгавыя прыёмы і гэтак далей.



Крытычнае ці рацыянальнае спажыванне палягае таксама на тым, каб набываць мясцовыя прадукты.

— Ідэя ў тым, што набываць мясцовыя прадукты, бо яны не маюць такога вялікага вугляроднага следу як імпартныя. Тыя ж бананы, кава маюць вялікі вугляродны след, пад іх вырошчванне, пад плантацыі занятыя вялікія тэрыторыі. І цяпер ёсць пытанні, як яшчэ доўга людзі змогуць вырошчваць, атрымліваць гэтыя прадукты.
Калі мы выкарыстоўваем мясцовыя прадукты, то больш устойліва падыходзім да вырошчвання культур на сваёй зямлі. Гэта і падтрымка фермерскіх гаспадарак, якія выкарыстоўваюць менш пестыцыдаў, гэта наш вялікі ўнёсак у пытаннях змены клімату, экалагічных рашэнняў, — расказвае Аляксей Аўчыннікаў.

Да слова, падчас фестывалю інтэлектуальнай літаратуры «Прадмова» ў Вільні ў пачатку кастрычніка беларускія экаактывісты назвалі самай экалагічнай кнігай гістарычнае даследаванне беларуска-габрэйскай кухні Алеся Белага «Самы цымус». Бо выданне  прапагандуе традыцыйную беларускую кухню, якая заснаваная на лакальных прадуктах.

Аляксей Аўчыннікаў таксама раіць звярнуць увагу на розныя сэрвісы шэрынгу прадуктаў, то бок адмысловыя месцы ці арганізацыі, дзе можна пакінуць непатрэбныя вам (канешне, не пратэрмінаваныя ці сапсаваныя) прадукты ці ўзяць сабе. На Захадзе такія сэрвісы даволі папулярныя — імі могуць скарыстацца і тыя, хто не мае грошай на ежу, і тыя, хто ашчадна ставіцца да спажывання. І, канешне, варта прадумваць свае пакупкі. Гэта, у тым ліку, дазволіць сэканоміць свой бюджэт.

Сусветны дзень харчавання быў заснаваны ў 1979 годзе Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй. Ён адзначаецца ва ўсім свеце 16 кастрычніка. Яго мэта — паглыбіць дасведчанасць грамадскасці аб глабальных харчовых праблемах і ўмацаваць пачуццё салідарнасці ў барацьбе з голадам і недаяданнем.

IAR/вх