Беларуская Служба

Зраўняць пенсійны ўзрост і падняць падаткі для заможных. Так раіць Польшчы МВФ

18.10.2024 15:05
Польская мадэль эканамічнага росту на аснове экспарту патрабуе пераасэнсавання.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

Яе патэнцыял вычарпаны, лічаць эканамісты Міжнароднага валютнага фонду. На іх думку, польскі ўрад таксама павінен паскорыць скарачэнне дэфіцыту дзяржаўных фінансаў. Дапамог бы рост падаткаў для заможных палякаў, у тым ліку самазанятых, піша эканамічны партал money.pl.

Гэта папярэднія высновы супрацоўнікаў вашынгтонскай установы пасля заканчэння місіі ў Польшчы Больш падрабязныя рэкамендацыі будуць прадстаўлены ў дакладзе, які, верагодна, будзе апублікаваны ў студзені 2025 года.

Паводле ацэнак МВФ, кароткатэрміновыя перспектывы эканамічнага росту ў Польшчы палепшыліся ў параўнанні з мінулым годам, хоць Заходняя Еўропа змагаецца са стагнацыяй. Рухаючай сілай польскай эканомікі цяпер з'яўляецца спажывецкі попыт.

Сёлета, паводле прагнозу МВФ, валавы ўнутраны прадукт Польшчы павялічыцца на 3% толькі з 0,1 працэнта у 2023 г. У наступныя гады будзе яшчэ лепш. Паводле ацэнак эканамістаў Фонду, у 2025 годзе рост ВУП Польшчы паскорыцца да 3,5%, а ў 2026 годзе ён складзе 3,4%.

Эканамісты з Вашынгтонскай установы маюць некалькі прапановаў, што можа зрабіць Польшча, каб скараціць дэфіцыт.

Яны рэкамендуюць перш за ўсё павялічыць паступленні ў дзяржаву ад падатку з фізічных асоб, зрабіўшы яго больш прагрэсіўным. Гэта азначае павелічэнне падаткаабкладання людзей з высокімі даходамі ў параўнанні з людзьмі з нізкімі даходамі. Для гэтага ўрад таксама павінен, на думку МВФ, перагледзець льготную долю падаткаў і ўзносаў для самазанятых асоб.

Акрамя таго, аналітыкі МВФ прапануюць лепш заняцца сацыяльнымі выплатамі. Яны павінны ісці да людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Выраўноўванне пенсійнага ўзросту для мужчын і жанчын з наступнай прывязкай да чаканай працягласці жыцця таксама паспрыяла б устойлівасці дзяржаўных фінансаў. Такім чынам пенсійная сістэма будзе фінансавацца больш за кошт узносаў і менш за кошт іншых падаткаў.

Яшчэ адна ідэя МВФ, якая на працягу многіх гадоў выклікае ў Польшчы спрэчкі, — павялічыць даходы ад падатку на нерухомасць да ўзроўню, падобнага да ўзроўню іншых краін ЕС.

У падсумоўваючай заяве місіі ў Польшчы эканамісты Фонду таксама адзначаюць, што ў доўгатэрміновай перспектыве цяперашняя мадэль эканамічнага росту, заснаваная на экспарце, не забяспечыць краіне хуткага развіцця.

money.pl/ав