Беларуская Служба

Еўрасаюз можа сур'ёзна абмежаваць птушкагадоўлю ў Польшчы. Вытворцы мяса і яек пад пагрозаю

15.04.2025 11:45
З-за чарговых успышак птушынага грыпу Еўракамісія настойвае на ўвядзенне абмежаванняў на птушкагадоўлю і экспарт мясам птушкі з Польшчы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Andreas Göllner/pixabay.com/CC0 Public Domain

Часовая забарона на птушкагадоўлю на рэгіянальным узроўні, размеркаванне гадоўлі па краіне і часовыя абмежаванні на экспарт мяса птушкі і яек – такія гандлёвыя меры могуць закрануць птушкагадоўлю Польшчы.

Усё з-за чарговых успышак птушынага грыпу, выяўленых на камерцыйных фермах у краіне. Еўракамісія патрабуе прыняць дадатковыя меры для зніжэння рызыкі пашырэння хваробы ў Еўропе.



Шмат залежыць ад таго, як будзе развівацца сітуацыя з птушыным грыпам, кажа галоўны ветэрынарны ўрач краіны Кшыштаф Яжджэўскі(Krzysztof Jażdżewski), які прымае ўдзел у перамовах з Бруселем:

— Перш за ўсё нам удалося адтэрмінаваць рашэнне аб абмежаваннях — яно не ўвойдзе ў сілу на бягучым тыдні. Гэта дало нам час на перамовы.  Усё залежыць ад магчымага ўзнікнення новых успышак хваробы ў Польшчы. Нагадваю, Еўракамісія суфінансуе ліквідацыю ўспышак птушынага грыпу. Таму, калі ў камісіі бачаць, што іх колькасць павялічваецца, а затым і кошты ліквідацыі растуць, то пачынаюць задумоўвацца, ці ў нас у гэтым плане належныя працэдуры.

У перамовах з Бруселем таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і мясной прамысловасці ў Польшчы.

Птушкагадоўцы і перапрацоўчыя прадпрыемствы ў Польшчы з нецярпеннем чакаюць канчатковых рашэнняў, кажа старшыня Саюза вытворцаў і працадаўцаў мясной прамысловасці Веслаў Ружаньскі(Wiesław Różański) :

— Еўрасаюз прапануе, каб экспартныя абмежаванні закранулі практычна ўсю Вялікапольшчу, Мазовію, Вармію і Мазуры. Абмежаванне прапануецца ўвесці тэрмінам на 30 дзён. На практыцы, гэта азначае спыненне працы на заводах на некалькі месяцаў і гэта пры ўмове, што пасля згаданых 30 дзён новых успышaк хваробы ў рэгіёне не будзе. Адсюль і наша занепакоенасць з нагоды прапанаваных абмежаванняў на экспарт.

Польшча з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам і экспарцёрам птушкі ў Еўрапейскім Саюзе. Штогадовая вытворчасць перавышае 3,5 мільёна тон. З пачатку года ў Польшчы былі выяўленыя 79 успышак птушынага грыпу, галоўным чынам у раёнах інтэнсіўнай вытворчасці птушкі, то бок у паўночнай Мазовіі і ў Вялікапольскім ваяводстве.



Птушыны грып уяўляе смяротную пагрозу для дзікай і хатняй птушкі, для чалавека ён не небяспечны. Узнікненне хваробы прыводзіць да аўтаматычнай ліквідацыі гадоўлі, у тым ліку i на суседніх фермах, а таксама ўплывае на абмежаванні, звязаныя з перавозкай птушaк і экспартам мяса.

аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі

Спажыўцы ў Польшчы гатовыя плаціць больш за яйкі ад курэй, якіх не трымаюць у клетках

17.01.2025 07:02
Ці палякі лічаць адпаведным, каб трымаць курэй-нясушак у клетках? Ці яны бяруць пад увагу спосаб утрымлівання курэй падчас куплі яек? Ці падтрымліваюць яны забарону на ўтрыманне нясушак у клетках?