Беларуская Служба

Як кітайцы адрэагавалі на амерыканскія тарыфы? - расказаў польскі прадпрымальнік

22.04.2025 17:20
Спіраль узаемных тарыфаў дасягнула ўзроўню 125% на амерыканскія тавары ў Кітаі і нават 245% на кітайскія ў ЗША.
ПекінEPA/WU HAO Dostawca: PAP/EPA.

Кітайцы былі гатовыя да эскалацыі мытнай вайны з ЗША, лічыць адзін з польскіх прадпрымальнікаў у Шанхаі. Кітайскія ўлады абвясцілі, што не будуць паддавацца патрабаванням ЗША. Спіраль узаемных тарыфаў дасягнула ўзроўню 125% на амерыканскія тавары ў Кітаі і нават 245% на кітайскія ў ЗША.

Міхал Бялевіч (Michał Bielewicz), адзін з польскіх прадпрымальнікаў, які даўно працуе на кітайскім рынку, лічыць, што кітайцы цяпер назіраюць за абменам ударамі паміж Пекінам і Вашынгтонам.

— Панікі няма. Усе былі гатовыя да гэтага. Цяпер кітайцы смяюцца і кажуць, што ЗША вартыя шкадавання. Яны ў шоку ад маштабу эканамічнага самагубства, якое Злучаныя Штаты наклікаюць на сябе ў кароткатэрміновай перспектыве, — кажа прадпрымальнік.

Па словах Бялевіча, пасля пандэміі, якая задушыла экспарт у Кітай, прадаваць там тавары з Еўропы становіцца ўсё цяжэй.

— Пераломным момантам стаў кавід, калі бар'ер для пранікнення ў Кітай - я маю на ўвазе фізічны бар'ер, праз які немагчыма было ні завозіць, ні вывозіць - выклікаў вельмі моцнае пашырэнне кітайскіх кампаній на ўнутраным спажывецкім рынку,  - дадае ён.

Польскі прадпрымальнік зазначае, што амерыканска-кітайская тарыфная вайна — адкрывае магчымасці для Еўропы заключыць больш выгадныя гандлёвыя дамовы з Пекінам.

— Калі б ЕС не скарыстаўся гэтым эканамічным момантам — я адмяжоўваюся ад палітычных пытанняў — значыць, ён здзейсніў бы эканамічнае самагубства.

Пекін актыўна шукае магчымасці для пашырэння рынкаў за межамі ЗША, а таксама саюзнікаў для наступных этапаў тарыфнай вайны.

Тамаш Саевіч/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі