Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа разам з жонкай з’явіўся на плошчы перад Прэзідэнцкім палацам у Варшаве апоўдні 16 ліпеня. На ганку палацу, які калісьці належаў славутаму роду Радзівілаў, літоўскіх гасцей сустракаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і першая лэдзі Агата Корнхаузер-Дуда. Узнёсласці сустрэчы дадавала ганаровая варта Польскага войска.
Прэзідэнты Літвы і Польшчы сам-насам размаўлялі на працягу паўгадзіны, потым адбылася шырокая дыскусія паміж урадавымі дэлегацыямі. Падчас прэсавай канферэнцыі, паводле вынікаў сустрэчы, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выказаў надзею, што выбар Варшавы месцам першага афіцыйнага візіту новага прэзідэнта Літвы будзе азначаць інтэнсіфікацыю стасункаў з Вільняй.
Анджэй Дуда: Кажу вялікі дзякуй за тое, што свае першыя крокі ў міжнароднай палітыцы спадар прэзідэнт накіраваў у Польшчу, і гэта ў першыя два дні пасля ўступлення на пасаду. Сапраўды, для нас гэта вялікі знак, калі гаворка ідзе пра пабудову добрасуседскіх адносінаў паміж Польшчай і Літвой. Ваш візіт я ўспрымаю, як пэўны абавязак, каб імкнуцца да паляпшэння адносінаў між нашымі краінамі. Спадзяюся, што нам удасца дасягнуць такіх адносінаў, якія я назіраў паміж прэзідэнтам Лехам Качыньскім і прэзідэнтам Вальдасам Адамкусам. Тагачасная супраца паміж суседзямі характарызавалася вялікай павагай, а перад усім моцнай узаемнай сімпатыяй.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў у Літве Гітанас Наўседа карыстаўся значнай падтрымай польскай нацыянальнай меншасці, якая кампактна пражывае на Віленшчыне. Паводле розных сацыялагічных даследаванняў, беспартыйнага Гітанаса Наўседу падтрымала больш за 90% усіх жыхароў Літвы, якія дэкларуюць сваю прыналежнасць да польскасці. Польскі лідар Анджэй Дуда спадзяецца, што гэта будзе заўважана новым літоўскім прэзідэнтамі.
Анджэй Дуда: Гэта вельмі добрая сітуацыя, бо палякі нарэшце прагаласавалі за кандыдата, які выйграў выбары. Гэта вельмі важна з перспектывы палякаў грамадзянаў Літвы, важны аспект у пытанні выканання іх правоў. Веру, што і ў гэтым кантэксце мы будзем добра супрацоўнічаць са спадаром прэзідэнтам.
У Варшаве прэзідэнты Наўседа і Дуда апроч двухбаковых адносінаў закранулі пытанні звязныя з Паўночнаатлантычным альянсам. Праблема энергетычнай бяспекі Літвы і Польшчы абмяркоўвалася ў кантэксце сумесных праектаў у галіне інфраструктуры. Таксама нацыянальныя лідары пасвяцілі увагу будаўніцтву шашы Via Carpatia і чыгуначнага шляху Rail Baltica.
Гітанас Наўседа падчас свайго выступу выказваў адназначную надзею на ажыўленне польска-літоўскіх адносінаў. Наўседа нагадаў, што Польшча з’яўляецца ключавым эканамічным партнёрам Літвы, асабліва ў экспартным сегменце і ў дыверсіфікацыі паставак энергарэсурсаў. Гітанас Науседа таксама выказаўся па пытанні польскай нацыянальнай меншасці ў Літве.
Гітанас Наўседа: Па вялікаму спектру пытанняў бачу абсалютнае супадзенне нашых поглядаў. Я не бачу аніякіх супярэчнасцяў у тым, што ўжо на другі дзень сваё працы я прыязджаю ў Варшаву. Сёння ў нас агромністая колькасць пытанняў, звязаных з гаспадаркай, культурай, энергетыкай ці абароназдольнасцю. Пытанняў хопіць, каб праводзіць сустрэчы кожныя некалькі дзён.
Кульмінацыяй дзяржаўнага візіту Гітанаса Наўседы ў Польшчы сталі ўзаемныя запрашэнні лідараў. Анджэй Дуда запрасіў свайго літоўскага калегу наведаць урачыстасці, звязаныя з 80-ай гадавінай пачатку Другой Сусветнай вайны. У сваю чаргу Гітанас Наўседа запрасіў Анджэя Дуду наведаць Літву напрыканцы кастрычніка падчас урачыстага перапахавання кіраўнікоў Паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, якое адбудзецца на віленскіх могілках Роса.
IAR/PRdZ/эж