Панядзелак, 26 жніўня, стаў апошнім днём саміту групы G7 у курорце Біярыц у Францыі. Лідары сямі найбольш развітых дзяржаў свету размаўлялі, у прыватнасці, аб лясных пажарах у Амазоніі і канфлікце вакол Ірана, закраналіся таксама іншыя важныя глабальныя тэмы.
Адной з сенсацый саміту стала, як паведамілі сусветныя СМІ, тое, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасварыўся з лідарамі краін-удзельніц G7 з-за пытання аб вяртанні Расіі. Пра гэта, у прыватнасці, паведамляе The Guardian са спасылкай на крыніцы ў дыпламатычных колах.
Паводле дадзеных выдання, лідары іншых краін «Вялікай сямёркі» на саміце ў Біярыцы не падтрымалі прапанову амерыканскага прэзідэнта, і таму разгарнулася напружаная дыскусія. Як піша газета, Трамп з аргументамі калег не пагадзіўся.
Дарэчы, яшчэ перад самітам старшыня Еўрапейска рады Дональд Туск неаднаразова заяўляў, што пытанне вяртання Расіі ў групу на дадзены момант абсалютна выключаецца. Замест гэтага Туск запрапанаваў запрасіць у G7 Украіну ў якасці назіральніка.
Прэзідэнт ЗША, у прыватнасці, падкрэсліваў у якасці аргументу, што «Расія павінна прысутнічаць у зале» для абмеркавання праблем Ірана, Сірыі і КНДР, піша газета.
Адзначаецца, што японскі прэм'ер Сіндза Абэ ў гэтым пытанні захоўваў нейтралітэт, аднак з Трампам пагадзіўся кіраўнік урада Італіі Джузэпэ Контэ. Астатнія лідары выступілі рашуча супраць вяртання Расіі ў G8.
Крыніца ў структурах Еўрасаюза паведаміла РИА Новости, што пытанне магчымага запрашэння Расіі ў «Вялікую васьмёрку» за вячэрай абмяркоўвалася, але лідары G7 ў Біярыцы ня дасягнулі дамоўленасці аб вяртанні Масквы.
Саміт «Вялікай сямёркі» на беразе Атлантычнага акіяна працяўваўся два дні. Нягледзячы на напружанне вакол Расіі, асноўнымі тэмамі перамоў былі гандлёвая вайна ЗША і Кітая, пратэсты ў Ганконгу, кліматычныя змены і сітуацыі на міжнароднай палітычнай арэне.
Важнейшай тэмай сустрэчы ў вярхах была гандлёвая вайны паміж Вашынгтонам і Пекінам. Дональд Трамп на заканчэнне саміту паведаміў, што прадстаўнікі Кітая звязаліся з амерыканскім бокам. Амерыканскі лідар назваў гэта «вельмі пазітыўным паваротам спраў для свету». З Пекіну паведамляе ўласны карэспандэнт Польскага радыё Томаш Саевіч.
- Прэс-сакратар МЗС КНР заявіў, што Пекін рашуча выступае супраць увядзення мытных пошлін на кітайскія тавары. Тым часам віцэ-прэм’ер Кітая Ю Хэ, адказны за гандлёвыя пытанні, сказаў сёння, што Пекін – не прыхільнік эскалацыі гандлёвай вайны і выказваецца за вырашэнне канфлікту шляхам перамоў. Прэзідэнт Трамп заявіў, што прадстаўнікі КНР ужо ўстанавілі кантакт з ЗША з мэтай пачаць перамовы.
У пятніцу ўлады Кітая паведамілі, што ўвядуць мытныя пошліны на амерыканскія тавары на суму 75 млрд долараў. У адказ Дональд Трамп паінфармаваў, што стаўкі на кітайскія тавары на суму 250 млрд долараў павялічацца з 25% да 30%, на астатнія тавары на суму 300 млрд долараў пошліны будуць паднятыя з 10% да 15%.
Іншае важнае пытанне, якое ў Францыі разгледзелі палітыкі, былі страшныя пажары ў Амазоніі. У Лацінскай Амерыцы гараць вялізныя плошчы трапічных лясоў, якія называюць «зялёнымі лёгкімі» планеты. На сустрэчы ў вярхах яе ўдзельнікі прынялі рашэнне дапамагчы Бразіліі ў барацьбе са стыхіяй, паведамляе з Біярыцу карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі.
- Пытанне пажараў у Амазоніі было ўпісанае ў парадак дня саміту ў апошні момант. Вось ужо некалькі тыдняў агонь знішчае вялізныя плошчы трапічнага лесу ў Бразіліі, Парагваю і Балівіі. Паводле бразільскіх экспертаў, цягам апошніх дзён адбылося 10 тыс. новых узгаранняў. На саміце G7 лідары краін-удзельніц прынялі рашэнне аб дапамозе Бразіліі, пакуль што адкрытым застаецца пытанне формы дапамогі. Пасля ціску з боку Захаду прэзідэнт Бразіліі кінуў на тушэнне пажараў армію.
«Вялікая сямёрка» («Група сямі», G7) абʼядноўвае Францыю, ЗША, Вялікабрытанію, Германію, Японію, Італію і Канаду, кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў якіх сустракаюцца ў ходзе штогадовага саміту. Расія была выключаная з групы ў 2014 годзе пасля анексіі Крыма.
Акрамя разгляду эканамічных пытанняў, якія ляжаць у аснове стварэння групы, сёння «Вялікая сямёрка» стала форумам для ўзаемадзеяння, на якім прымаюцца агульныя меры па рашэнні асноўных глабальных задач, такіх як свет і бяспека, барацьба з тэрарызмам, развіццё, адукацыя, ахова здароўя, навакольнае асяроддзе і змяненне клімату.
Акрамя прадстаўнікоў самых развітых эканомік свету на сёлетні саміт былі запрошаныя спецыяльныя госці: лідары Іспаніі, Індыі, Аўстраліі і Руанды.
вс