Беларуская Служба

Паводле польскага друку, набліжаецца анексія Беларусі Расеяй

27.08.2019 15:08
Беларускі ўрад прадстаўляе прэзідэнту Лукашэнку праект праграмы дзейнасці ў рамках інтэграцыі Беларусі ды Расеі.
Prezydent Białorusi Aleksander Łukaszenka
Prezydent Białorusi Aleksander ŁukaszenkaShutterstock.com / exsilentroot

Анексія Беларусі ўсё бліжэй – паведамляе «Gazeta Polska Codziennie». Выданне піша, што сёння беларускі ўрад прадстаўляе прэзідэнту Лукашэнку праект праграмы дзейнасці ў рамках інтэграцыі Беларусі ды Расеі. У верасні дакумент падпішуць прэм’еры-міністры двух краін. Па словах старшыні Савета міністраў Сяргея Румаса, частка праграмы, якую сёння прэзентуюць Лукашэнку, датычыць галоўным чынам эканамічных пытанняў. Газета нагадвае, што пасля чэрвеньскай сустрэчы рабочых груп двух краін, змест пагаднення быў гатовы на 90%. Поўная праграма «дарожнай карты» будзе апрацаваная і пачне ўводзіцца са снежня бягучага году.

Неафіцыйна вядома, што на самым пачатку пачнецца ўніфікацыя падатковай сістэмы і бюджэтнай палітыкі, а таксама прынцыпаў продажу энергетычнай сыравіны, а менавіта гэты апошні пункт быў самым сур’ёзным бар’ерам у пагадненні паміж Менскам і Масквой. Пазней рабочыя групы плануюць заняцца між іншым уніфікацыяй мытнай і судовай сістэмы. Пагаворваюць таксама пра адзіную валюту. Перамовы вядуць цэнтральныя банкі Беларусі і Расеі, але няма канчатковага рашэння. Вядома аднак, што за адзіную валюту выступае прэзідэнт Лукашэнка. Не вырашана пытанне арміі. У ліпені, падчас Дня незалежнасці, Лукашэнка заявіў, што ён не хоча аб’яднання ваеннага сектара.

нг