У пятніцу ў Жытоміры адбылася першая сустрэча беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Яна прайшла ў рамках Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, нагадвае Руслан Шошын у газеце Rzeczpospolita.
Кошт кантрактаў, падпісаных у рамках дзелавога форуму, склаў больш за паўмільярда долараў. Адным з самых важных з'яўляецца праект будаўніцтва недалёка ад мяжы з Украінай рачнога порта на Дняпры. Надоечы Мінск ухваліў інвестыцыйны план праекта, на які беларусы плануюць выдаткаваць 64 мільёны долараў. Дзякуючы гэтаму Лукашэнка хоча атрымаць доступ да Чорнага мора.
Паводле афіцыйных СМІ, па беларускім баку будзе пабудаваны лагістычны цэнтр, адпаведная чыгуначная сетка і аўтадарогі. У сваю чаргу ўкраінскаму боку ў рэалізацыі інвестыцыі плануе дапамагчы Турцыя.
„Калі б гэта атрымалася, Беларусь была б значна больш незалежнай ад Расіі(…), Мінск змог бы пастаўляць праз Чорнае мора гатовае паліва і іншыя тавары ва Украіну”, - паведамляюць беларускія СМІ.
Лукашэнка пайшоў яшчэ далей і прапанаваў Зяленскаму сумесную вытворчасць ракет. Паводле яго, беларуская абаронная прамысловасць з радасцю „скарыстаецца ўкраінскім вопытам”.
„Беларусь, якая знаходзіцца ў ваенным саюзе з Расіяй, прапаноўвае ваеннае супрацоўніцтва Украіне, якая афіцыйна прызнае Расею агрэсарам і акупантам. У чарговы раз Лукашэнка хоча ўсхваляваць Крэмль і прывесці да сваркі. Усё дзеля таго, каб у выніку атрымаць танную расейскую сыравіну. Ці патрэбны нам такі саюзнік?”, - задумоўваецца ў размове з газетай Rzeczpospolita Андрэй Суздальцаў з Маскоўскай школы эканомікі. Ён нагадвае, што ў снежні павінна быць падпісана праграма далейшай інтэграцыі Беларусі і Расіі. Таму Лукашэнка вырашыў павялічыць стаўку.
аз