Міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыус не выключае, што Расія ўжо праз некалькі гадоў можа атакаваць тэрыторыю НАТА.
«Калі мы будзем ігнараваць пагрозу толькі таму, што яна выклікае ў нас дыскамфорт, то яна не стане менш, а толькі павялічыцца», – папярэдзіў ён у інтэрв'ю выданням медыягрупы Funke, апублікаваным у нядзелю, 22 снежня.
Паводле палітыка, на дадзены момант ваеннага нападу Расіі на НАТА не чакаецца. У той жа час, зазначыў міністр, кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін паслядоўна пераводзіць эканоміку краіны на ваенныя рэйкі – зараз Расія за некалькі месяцаў вырабляе больш узбраенняў і боепрыпасаў, чым усе краіны Еўрасаюза разам узятыя за год.
«Да 2029 ці 2030 Пуцін можа настолькі ўзмацніць сваё войска, што Расія будзе здольная нанесці ўдар па НАТА. Мы павінны быць гатовыя да таго, што ў бліжэйшыя гады Пуцін можа паспрабаваць пратэставаць згуртаванасць НАТА шляхам уварвання на тым ці іншым участку тэрыторыі альянсу», – мяркуе Борыс Пісторыус.
dw/эж