Беларуская Служба

«Польшча ўзмацніла кансерватыўны курс»

14.10.2019 15:15
Кіроўная партыя „Права і справядлівасць” перамагла на парламенцкіх выбарах другі раз запар.
Аўдыё
  • Кіроўная партыя „Права і справядлівасць” перамагла на парламенцкіх выбарах другі раз запар.
C    .
Cтаршыня кіроўнай партыі Яраслаў Качыньскі.PAP/Radek Pietruszka

Пасля падліку выбарчых бюлетэняў з амаль 99,5% участковых выбарчых камісій вынікае, што на выбарах у Сейм права-каталіцкая кіроўная партыя „Права і справядлівасць” набрала 43,76% галасоў, апазіцыйная права-цэнтрысцкая „Грамадзянская кааліцыя”- 27,24%, Саюз левых дэмакратычных сілаў - 12,52%, Польская сялянская партыя - 8,58%, а еўраскептычная „Канфедэрацыя” - 6,79%.

Агучаныя ўчора ноччу вынікі апытання экзіт-полу выклікалі ў штаб-кватэры кіроўнай партыі ня толькі эйфарыю, гучалі таксама аб’яцанні цяжкой працы на бліжэйшыя чатыры гады.

- Мы перамаглі. Перад намі чарговыя чатыры гады кіравання краінай. Мы павінны на пачатку задумацца над тым, што ў нас атрымалася, а пазней таксама прааналізаваць тое, што ў нас не атрымалася і прывяло да таго, што значная частка грамадства вырашыла нас не падтрымліваць.

Такім чынам вынікі выбараў падсумаваў старшыня кіроўнай партыі Яраслаў Качыньскі. Ён аб’яцаў таксама, што „Права і справядлівасць” будзе ажыццяўляць у краіне чарговыя рэформы. Партыя плануе рабіць гэта паспяхова, каб пераканаць чарговых выбаршчыкаў.

У сваю чаргу прэм’ер Матэвуш Маравецкі звярнуў увагу на рэкордную яўку, якая склала больш за 60%. Паводле яго, гэта азначае, што кіроўнай партыі давярае амаль 8 мільёнаў палякаў.

- Наш вялікі абавязак – рэалізаваць іх спадзяванні. Трэба зрабіць усё, каб што наступныя чатыры гады сталі чарговым этапам на шляху да багатай Польшчы.

Старшыня „Грамадзянскай кааліцыі” Гжэгаж Схетына (Grzegorz Schetyna) заявіў, што яго партыя будзе шукаць у Сэйме і Сэнаце новага склікання шырокіх кампрамісны рашэнняў з левымі сіламі і Польскай сялянскай партыяй.

- Гэта былі складаныя чатыры гады. Мы плануем працаваць над інтэграцыяй апазіцыі.

У сваю чаргу лідар Саюзу левых дэмакратычных сілаў Уладзімеж Чажасты (Włodzimierz Czarzasty) падзякаваў выбаршчыкам за тое, што ягоная партыя атрымала шанец прэзентаваць сваю праграму ў Сэйме.

- Мы пакажам сваю праграму. І вы можаце гэтым ганарыцца.

Паводле палітолага прафесара Казіміра Кіка (Kazimierz Kik), Польшча ўзмацніла свой кансерватыўны курс, апазіцыя нанесла балючую паразу, а „Канфедэрацыя” (кааліцыя крайне правых, еўраскептычных і нацыяналістычных партыяў,- рэд.), якая, хутчэй за ўсё, увойдзе ў Сэйм, можа быць „запасным колам” для пераможнай партыі.

- Хочацца звярнуць увагу на тое, што Польская сялянская партыя атрымала вельмі добры вынік - у вялікай ступені дзякуючы кансерватыўнаму электарату. У сваю чаргу поспех Саюзу левых дэмакратычных сілаў - гэта часткова вынік паразы „Грамадзянскай платформы”, якая не хацела крыху павярнуць налева.

Прафесар Казімір Кік падкрэсліў, што найбольш балючую паразу на выбарах панёс Гжэгаж Схетына - лідар „Грамадзянскай платформы”, вядучай партыі ў складзе «Грамадзянскай кааліцыі».

- Яго тактыка татальнай апазіцыі прывяла да рашучай перамогі права-кансерватараў. Аказваецца, што ў дэмакратыі сілы, якія адмаўляюцца ад дыялогу і паразумення і выкарыстоўваюць тактыку татальнай апазіцыі, не пашыраюць кола сваіх прыхільнікаў і не становяцца фундаментам ліберальнай дэмакратыі.

У сваю чаргу палітолаг Эва Марціняк (Ewa Marciniak) падкрэсліла, што высокая яўка на парламенцкіх выбарах легітымізуе пераможцаў. Прафесар нагадала, што ўсе групы заклікалі выбаршчыкаў да ўдзелу ў галасаванні.

- Кожная з партыяў заклікала да ўдзелу ў выбарах. Можна нават сказаць, што менавіта ўдзел у выбарах быў галоўным героем выбарчай кампаніі. Зразумела, высокая яўка легітымізуе пераможную партыю. І гэты факт будзе падымацца пры розных нагодах.

Каментатары падкрэсліваюць, што ўдзел у галасаванні масава прымалі таксама палякі замежжа.

У сваю чаргу сацыёлаг, прафесар Генрык Даманьскі (Henryk Domański) дадаў, што дыстанцыя паміж партыяй „Права і справядлівасць” і „Грамадзянскай кааліцыяй” рашуча павялічылася.

- „Права і справядлівасць” плануе заставацца пры ўладзе ў даўжэйшай перспектыве, то бок хоча быць партыяй, якая будзе кіраваць дзяржавай нават больш за 10 гадоў. Прыкладам з’яўляецца Кансерватыўная партыя ў Вялікабрытаніі.

Паводле дэпутата кіроўнай партыі Марціна Гаралы (Marcin Horała), паўторная перамога „Права і справядлівасці” - гэта гістарычны вынік.
Палітык нагадвае, што апошнім разам у Сэйм таксама ўвайшлі пяць палітычных арганізацыяў.

- Я думаю, што сітуацыя ў Сэйме неяк рашуча не зменіцца. Тут найбольшай праблемай для кіроўнай партыі „Права і справядлівасць” можа быць сама кіроўная партыя. Інакш кажучы, калі мы не, як гэта гаворыцца, не зачэпімся аб свае ж ногі, то думаю, што ўсё будзе добра.

Афіцыйныя вынікі Дзяржаўная выбарчая камісія агучыць хутчэй за ўсё сёння ўвечары.

аз