Міністры замежных спраў Еўрасаюза асудзілі Турцыю за наступленне на поўначы Сірыі і заклікалі спыніць ваенныя дзеянні. Міністры дамовіліся, што краіны-члены ЕС абмяжуюць продаж зброі Анкары, але рашэння аб увядзенні эмбарга супраць гэтай краіны не прынялі. Згаданая справа стала галоўнай тэмай падчас сустрэчы кіраўнікоў дыпламатыі Еўрасаюза, якая прайшла ў Люксембургу.
Міністры замежных спраў Еўрасаюза асудзілі ваенную аперацыю Турцыі на поўначы Сірыі, якая, паводле іх, дэстабілізуе бяспеку ўсяго рэгіёну. Паводле еўразвязаўскіх дыпламатаў, ваенныя дзеянні выклікаюць цярпенне ўсё большай колькасці мірных жыхароў. Турэцкі наступ таксама сур’ёзна ўскладняе доступ да гуманітарнай дапамогі.
Падчас нарады ў Люксембургу міністры размаўлялі таксама пра забарону на пастаўкі зброі ў Турцыю.
Канчаткова было вырашана, што краіны Еўрасаюза будуць каардынаваць свае пазіцыі па гэтай справе. Паасобныя члены ЕС могуць выдаваць ліцэнзіі на продаж зброі, але павінны ўзяць пад увагу канкрэтныя патрабаванні, датычныя стабільнасці рэгіёну, у які хочуць яе пастаўляць.
Пра гэта паведаміла вярхоўная прадстаўніца Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні.
- Усе краіны-члены абавязаліся прымяніць гэткія абмежавання, калі гаворка ідзе пра экспарт зброі ў Турцыю.
Увядзенне эмбарга на ўзроўні Еўрасаюза не было магчымым па некалькіх прычынах. Адну з іх назваў польскі міністр замежных спраў Яцэк Чапутовіч (Jacek Czaputovicz).
- Пад увагу трэба ўзяць таксама пазіцыю Паўночнаатлантычнага альянсу і факт, што Турцыя - гэта член НАТА. Мы будзем кансультавацца ў рабочай групе з іншымі краінамі. Тым не менш, паколькі Польшча не з’яўляецца нейкім буйным экспарцёрам зброі ў Турцыю, то справа датычыць яе ў меншай ступені. Важная пазіцыя краінаў-найбуйнейшых экспарцёраў, якія выступілі з гэтай ініцыятывай, якую мы зразумела падтрымліваем.
Увядзенне забароны на продаж узбраенняў у Турцыю прапанавалі Францыя, Германія, Фінляндыя, Швецыя, Бельгія і Нідэрланды. Таксама Іспанія выказала жаданне прыпыніць дзеянне ліцэнзіі на пастаўкі ваеннай тэхнікі ў Турцыю. Паводле згаданых краінаў, гэта форма ціску на Анкару, з мэтай спынення ваеннай аперацыі супраць курдаў.
На ўвядзенне эмбарга супраць Турцыі не пагадзілася Італія. Аднак заканадаўчай забароны ў дачыненні да Турцыі – кандыдата ў Еўрасаюз не хацелі таксама іншыя чальцы супольнасці. Афіцыйнае эмбарга паставіла б Турцыю ў адзін шэраг з такімі дзяржавамі, як Венесуэла і Расія, то бок краінамі, якія лічацца варожымі.
У сваю чаргу ЗША, у адказ на турэцкае наступленне на поўначы Сірыі, павысілі да 50% мытныя тарыфы на імпартаваную з Турцыі сталь і ўвялі санкцыі супраць членаў турэцкага ураду, у тым ліку, супраць міністраў абароны, унутраных спраў і энергетыкі.
Прэзідэнт Дональд Трамп паведаміў таксама, што загадаў прыпыніць гандлёвыя перамовы з Анкарой, якія датычаць тавараў на 100 мільярдаў долараў. Белы дом паведаміў, што віцэ-прэзідэнт Майк Пэнс і дарадчык прэзідэнта па справах бяспекі Роберт О’браен накіраваліся ў Анкару. Прэзідэнт ЗША прыняў рашэнне ўвесці абмежавальныя меры пасля таго, як трапіў пад агонь крытыкі, датычнай вывядзення амерыкаснкіх войскаў з Сірыі.
Нагадаем, Турцыя пачала ваенную аперацыю супраць курдаў на поўначы Сірыі некалькі дзён пасля таго, як ЗША абвясцілі пра вывад сваіх войскаў з гэтага рэгіёну. Паводле турэцкіх уладаў, мэтай аперацыі з’яўляецца не толькі ліквідацыя курдскіх атрадаў, якіх Турцыя лічыць тэрарыстамі, але таксама стварэнне буфернай зоны, куды Анкара плануе перасяліць сірыйскіх уцекачоў, якія цяпер знайшлі прытулак у Турцыі.
Да гэтага часу падчас турэцкай аперацыі ў паўночнай Сірыі былі забітыя каля 70 мірных жыхароў з абодвух бакоў мяжы і больш за 50 курдскіх паўстанцаў, чатыры турэцкія жаўнеры і 16 паўстанцаў з сірыйскіх партызанскіх атрадаў, якія падтрымліваюць Турцыю.
У сваю чаргу Еўрасаюз увядзе супраць Турцыі санкцыі за нелегальны пошук марскіх радовішчаў газу ўздоўж узбярэжжа Кіпру.
Кіраўнік польскай дыпламатыі Яцэк Чапутовіч падкрэсліў, што Еўрапейскі Саюз заняў цвёрдую пазіцыю і падтрымаў у гэтым Кіпр.
- Мы, як Еўрасаюз, хочам, каб прыбытак з эксплуатацыі сыравіны атрымала ўся кіпрыйская грамадскасць, як грэцкая, так і турэцкая. Няма падтрымкі дзеянняў Турцыі па гэтай справе.
Дадзенай праблемай павінны заняцца лідары Еўрасаюза на саміце ў Бруселі, які пачынецца ў бліжэйшы чацвер. Еўрапейская супольнасць ужо некалькі месяцаў таму палічыла дзеянні Турцыі па пошуку марскіх радовішчаў ля кіпрскага ўзябрэжжа незаконнымі. Ужо тады было прынятае рашэнне аб скарачэнні еўразвязаўскіх сродкаў для Турцыі. Брусэль некалькі разоў заклікаў Анкару спыніць бурэнне. Цяпер Еўрасаюз пагадзіўся на санкцыі супраць асобаў, адказных за пошук радовішчаў.
аз