Нядзельныя парламенцкія выбары ўвайшлі ў гісторыю, перш за ўсё, дзякуючы яўцы, якая была найвышэйшай з 1989 году. Аднак, насуперак некаторым каментатарам, рэкордная яўка не прычынілася да паглыблення палярызацыі польскай палітычнай сцэны. Наадварот. Пасля апошніх выбараў сеймавая рэчаіснасць стане яшчэ больш складанай, між іншым, дзякуючы таму, што на баку апазіцыі паявіўся Саюз левых дэмакратычных сілаў, а на баку кіроўнай партыі - „Канфедэрацыя” (кааліцыя крайне правых, еўраскептычных і нацыяналістычных партыяў,- рэд.), паведамляе „Dziennik Gazeta Prawna”.
Чаму не адбылося паглыбленне палярызацыі палітычнай сцэны? У параўнанні з апошнімі выбарамі сёлетняя выбарчая яўка вырасла на 10%. Гэта азначае, што ў выбарах удзельнічала на тры мільёны палякаў больш, чым апошнім разам.
„Ключавым быў факт, што выбарчыя камітэты вырашылі балатавацца самастойна. Гэта дало выбар грамадзянам, якім раней цяжка было падтрымаць буйную і ніякаватую „Еўрапейскую кааліцыю”, створанаю на патрэбы выбараў у Еўрапарламент”, - тлумачыць палітолаг з Варшаўскага Універсітэта Адам Гэндзьвіл (Adam Gendźwiłł).
Рэкорднай аказалася таксама падтрымка для кіроўнай партыі „Права і справядлівасць”, за якую прагаласавала амаль 8 мільёнаў выбаршчыкаў. Гэта на 2 мільёны больш, чым у 2015 годзе. Апазіцыйныя партыі падтрымалі агулам больш за 10 мільёнаў польскіх грамадзянаў, з якіх за „Грамадзянскую кааліцыю” прагаласавала амаль 9 мільёнаў чалавек, паведамляе „Dziennik Gazeta Prawna”.
аз