2 студзеня стала вядома, што дамоўленасці няма. Расія спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Афіцыйны Мінск заявіў, што заняты пошукам альтэрнатыўных крыніц сыравіны. Беларускае кіраўніцтва грае ва-банк, перакананы эксперт.
З 1 студзеня Расія спыніла пастаўкі нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў у Мазыры ды Наваполацку. Гэта вынік адсутнасці пагаднення з кіраўніцтвам Расіі на 2020-ы год. Таксама напружаная сітуацыя склалася і ў сферы паставак газу з Расіі. Бакі падпісалі толькі часовы пратакол аб пастаўках газу ў Беларусі на два месяцы: студзень і люты па цэнах мінулага году – 127 долараў за тысячу кубаметраў.
Дадзеная сітуацыя выкліканая жаданнем Крамля змусіць Беларусь да паглыбленай інтэграцыі. У Мінску на гэта не хочуць пагадзіцца. Аляксандр Лукашэнка заявіў у адказ, што можа адмовіцца ад расійскай сыравіны.
На днях стала вядома, што ў апошні дзень мінулага году беларускі кіраўнік даў загад забяспечыць пастаўку нафты з альтэрнатыўных крыніц у бліжэйшыя дні. Канцэрн «Белнафтахім» ужо працуе над выкананнем пастаўленай задачы. У сваю чаргу ўрад Беларусі запэўнівае, што краіна мае дастаткова ўласных рэсурсаў, каб вырашыць праблему.
Паводле паведамленняў незалежнай прэсы, насамрэч уласных рэсурсаў Беларусі хопіць на некалькі тыдняў працы нафтаперапрацоўчых заводаў. Далей можа пачацца прастой, што азначае страты для беларускай эканомікі. Аднак страты будзе несці таксама і расійскі бок, перакананы палітолаг Андрэй Ляховіч, што можа змусіць Маскву да саступак.
- Лукашэнка пайшоў ва-банк. Ён імкнецца скарыстацца тым, што Расія залежыць ад транзіту нафту і газу праз Беларусь. 75% даходаў расійскага бюджэту дае экспарт энергасыравіны. Праз Беларусь ідзе на экспарт пятая частка расійскай нафты і прыблізна 5-6 частка газу. Цяпер беларускі кіраўнік выставіў Крамлю больш жорсткія ўмовы. Ён патрабуе кампенсацыі падатковага манеўру не за паглыбленую інтэграцыю, а праз тое, што Расіі патрэбны транзіт. Калі б у Лукашэнкі не было магчымасцяў адбіцца ад расійскага ціску, мы даўно былі б у складзе Расійскай Федэрацыі. Змаганне працягваецца.
У адносінах з Расіяй Беларусі трэба браць прыклад з Украіны. Пры канцы году Кіеў змог дамовіцца з Масквой што да транзіту газу. На днях віцэ-прэм'ер па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што ўяўляе супрацу з «Газпромам» выключна па еўрапейскіх правілах. То бок, кампанія не будзе мець манаполіі ва Украіне, не будзе мець магчымасці навязваць свае ўмовы, карумпаваць чыноўнікаў, а будзе адным з канкурэнтных гульцоў. Выключна ў рамках рынкавых механізмаў, без карупцыі, шантажу і без «газавай іголкі».
Юры Ліхтаровіч