Выданне Rzeczpospolita вяртаецца на сваім інтэрнэт-сайце да пытання аб’ектаў культурнай спадчыны Польшчы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Міністр культуры нагадвае, што Расія ўпарта не згаджаецца вярнуць Польшчы яе культурныя творы, вывезеныя ў Савецкі Саюз у часы вайны або пасля вайны. Меркаваннем Пятра Гліньскага, іх вяртанне з’яўляецца адной з умоваў добрасуседскіх адносінаў.
Пад канец снежня прэзідэнт Уладзімір Пуцін згадаў, што пасля вайны ў савецкіх архівах засталося шмат дакументаў з Усходняй Еўропы і Германіі. Прыводзячы гэтыя словы, Пётр Гліньскі піша, што ні для каго не з’яўляецца таямніцай, што ў выніку нападзення Германіі ды Савецкага Саюза на Польшчу ў 1939 годзе пачаўся шасцігадовы перыяд інтэнсіўнага рабавання ў Польшчы. Акупацыйныя нямецкія і савецкія ўлады вывозілі каштоўныя творы з бібліятэк, музеяў, архіваў, касцёлаў і прыватных дамоў. Адна толькі Нацыянальная бібліятэка ў Варшаве страціла ў часы вайны чатыры пятыя сваёй калекцыі, у тым ліку 50 тыс. рукапісаў і амаль 790 тыс. кніг.
Гліньскі прыводзіць прыклады польскіх мастацкіх твораў, якія былі скрадзеныя салдатамі Чырвонай арміі і знаходзяцца ў Расіі – у Дзяржаўнай расійскай бібліятэцы ў Маскве захоўваецца, напрыклад, рукапіс «Дзённіка падарожжа на Ўсход» Юліўша Славацкага, у маскоўскіх архівах знаходзяцца дакументы і памятныя рэчы з музею Юзэфа Пілсудскага.
На працягу апошніх 20 гадоў Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны выслала 20 зваротаў аб вяртанні мастацкіх твораў, паходжанне якіх не выклікае сумненняў. Расія не аддала ніводнага з іх, парушаючы такім чынам міжнародныя прававыя нормы, – нагадвае П. Гліньскі.
нг