У выданні Rzeczpospolita працяг шырокай дыскусіі, прысвечанай Беларусі. Важнейшае пытанне гучыць: ці падтрымліваць дыктатара? Масква вядзе ўсё больш вострую гульню, вобразна кажучы, заціскае фінансавую пятлю вакол шыі Лукашэнкі, імкнучыся прымусіць яго да глыбокай інтэграцыі. Беларускі кіраўнік заявіў пра стварэнне ўласнага інфармацыйнага тэлебачання, якое павінна стаць альтэрнатывай расійскім тэлеканалам, у парламенце раптам пачалі казаць пра вяртанне культурных каштоўнасцяў, вывезеных з тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны ў Расію.
Галоўны рэдактар выдання Багуслаў Хработа прыгадвае меркаванне вялікага польскага дзеяча Ежы Гедройца, які лічыў, што не будзе незалежнай і моцнай Польшчы без незалежных Літвы, Беларусі ды Украіны. Цяпер Літва ды іншыя краіны Прыбалтыкі з’яўляюцца членамі НАТА і Еўрасаюзу, Украіна таксама ўзяла курс на суверэнітэт, горш у Беларусі, дзе збудаваная Аляксандрам Лукашэнкам сістэма аўтарытарнай улады ўсё яшчэ трымаецца моцна, хаця эканоміка дзяржавы ўсё больш набліжаецца да банкруцтва. Складваецца ўражанне, што цяпер Беларусь знаходзіцца на ростанях. Што павінен зрабіць Захад? Што павінна зрабіць Польшча? Хработа мяркуе, што неабходна зірнуць праз «акуляры» Гедройца і падключыцца да справы дапамогі Беларусі, але не дарма. Лукашэнка павінен у адказ падрыхтаваць салідныя рынкавыя рэформы, вярнуць канфіскаваную маёмасць СПБ. Старшыня апальнага ў Беларусі Саюзу палякаў Анжэліка Борыс адзначае, што ніколі задачай СПБ не была змена палітычнай сістэмы. Палякі хацелі б толькі жыць у незалежнай еўрапейскай краіне, яны не з’яўляюцца прыхільнікамі гэтак званага рускага міру. Яна нагадвае пра 16 польскіх дамоў, збудаваных за грошы польскай дзяржавы, якія беларускія ўлады канфіскавалі ў СПБ.
У сваю чаргу былы пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка мяркуе, што мінскі д’ябал зусім не лепшы, чым маскаль. Лукашэнка – інтэгральная частка рускага міру, ён перакананы, што Захад больш пагражае яго ўладзе, чым Расія. Ён зацікаўлены ў заходніх фінансах, тэхналогіях і падтрымцы ў барацьбе з Масквой, але не збіраецца выконваць умовы дэмакратызацыі. Створаны ім рэжым па сваёй прыродзе антызаходні, а таксама антыпольскі.
Гэта зусім не азначае, што Беларусь не павінна быць для Польшчы прыярытэтам. Але не з увагі на пагрозу з боку Расіі, а з увагі на сумесную гісторыю, агульную мяжу і шматлікіх палякаў у Беларусі ды беларусаў у Польшчы. Найлепшым крокам была б адмена візаў для беларусаў, паляпшэнне інфраструктуры памежных пераходаў.
Беларускі рэжым усё больш касцянее і канцэнтруецца на ўласным выжыванні. Захад павінен дапамагчы ў яго змене ў напрамку плюралістычнай палітычнай сістэмы. Толькі гэта дасць Беларусі новы імпульс развіцця і дапаможа абараніцца ад Расіі, – мяркуе Лешак Шарэпка.
Руслан Шошын, Багуслаў Хработа, Лешак Шарэпка/нг