Польшча, як і амаль усе краіны свету, апынулася ў складаных умовах. Але ў краіне паяўляецца яшчэ адзін важны аспект – прэзідэнцкія выбары, якія павінны адбыцца 10 траўня. Улады кажуць, тэрмін выбараў застанецца без змен, апазіцыя хоча перасунуць выбары па прычыне пандэміі каранавіруса, які пакрыжаваў планы выбарчых камітэтаў.
Усе кандыдаты ў апазіцыю стрымалі сустрэчы з выбарцамі. Іх кампанія праходзіць у віртуальным свеце. Па краіне, выконваючы свае абавязкі, перамяшчаецца толькі прэзідэнт Анджэй Дуда. Паяўляюцца нават галасы, што ён праводзіць кампанію коштам каранавіруса.
- Дзяржава функцыянуе ў спецыфічных умовах, але нармальна. Мы зробім усё, каб 10 траўня адбыліся прэзідэнцкія выбары, – гаворыць на хвалі Польскага радыё прэс-сакратар прэзідэнта Польшчы Блажэй Спыхальскі.
Ён адхіліў магчымасць перанясення даты прэзідэнцкіх выбараў. Такую магчымасць у Польшчы дало б увядзенне надзвычайнага становішча.
Менавіта пра гэта ўсё грамчэй гаворыць апазіцыя.
- Звяртаюся да палітыкаў апазіцыі, каб яны са зразуменнем чыталі Канстытуцыю. 228 артыкул выразна гаворыць, што калі звычайных канстытуцыйных сродкаў не хапае, то можа быць уведзена адпаведнае надзвычайнае становішча. Сёння дзяржава ў вельмі спецыфічных умовах, але ўсё ж функцыянуе. Звычайныя канстытуцыйныя сродкі, якія выкарыстоўваць органы ўлады эфектыўныя і адпавядаюць сённяшняй сітуацыі.
Апазіцыя мяркуе цалкам наадварот. Усе кандыдаты прыпынілі сустрэчы з выбарцамі ў сувязі з распаўсюдам каранавірусу, выбарчая кампанія фактычна адбываецца ў інтэрнэце. Паводле контркандыдатаў, з увагі на цяперашнюю сітуацыю актыўным застаецца толькі Анджэй Дуда. Іншы аспект, пра які гаворыць апазіцыя, гэта само правядзенне выбараў. Хто будзе працаваць у выбарчых камісіях? Як можна людзей ставіць перад выбарам: грамадзянскі абавязак і ўласнае здароўе – гаворыць незалежны кандыдат Шыман Галоўня:
- У Польшчы яшчэ не было такой сітуацыі. Выбары абвешчаныя. Прэм’ер кажа, што няма планаў іх пераносіць, але вядома ўва што яны цяпер граюць. Ёсць адзіны кандыдат, які ездзіць па краіне. Але не толькі ў гэтым справа. Праз некалькі тыдняў трэба вызначыць, хто будзе працаваць у выбарчых камісіях, сядзець цэлы дзень і мець кантакты з сотнямі тысяч людзей. А якой будзе яўка? Якім будзе працэнт? Як можна ставціь людзей перад такім выбарам: уласнае здароўе ці грамадзянскі абавязак. Гэтую праблему трэба ўжо вырашыць. А можна гэта зрабіць, уводзячы надзвычайнае становішча.
Анджэй Ануш палітолаг з Інстытуту Пілсудскага гаворыць, што барацьба з каранавірусам будзе адным з аспектаў, паводле якога будзе рабіцца выбар на прэзідэнцкіх выбарах:
- Галоўная ацэнка кіруючай партыі будзе адбывацца з пункту гледжання эфектыўнасці барацьбы з эпідэміяй. Паводле мяне, мы маем дачыненне з вельмі далікатным момантам. Па-першае, усе кандыдаты апазіцыі спынілі сваю кампанію. Па-другое, усе заклікаюць перанесці выбары. Усё часцей будуць паяўляцца галасы, што няма роўных магчымасцяў для ўсіх кандыдатаў. І тут, паводле мяне, улада добра спраўляецца з эпідэміяй. Калі ацэнка ўлады будзе адбывацца праз прызму каранавірусу, то перанос тэрміну нават на восень не азначае клопатаў для кіроўнай партыі. Калі Польшчы выйдзе параўнальна добра з эпідэміі, то шанцы Анджэя Дуды восенню могуць быць нават большыя, чым цяпер. А тое, што ў часы пагрозы ўсё грамадства актывізуецца вакол улады – гэта нармальная з’ява.
Першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы павінен адбыцца 10 траўня. Другі, калі будзе такая патрэба, 24 траўня.
Паводле прэм’ера Матэвуша Маравецкага, выбары павінны адбыцца ў запланаваным часе, паколькі ў даўжэйшай перспектыве можа адбыцца шмат непрадбачаных акалічнасцяў, напрыклад, восенню эпідэмія каранавірусу можа паўтарыцца. У акалічнасцях, калі шмат невядомага, «заўсёды лепш правесці пэўныя рэчы па плану, як прадугледзіў першапачатковы тэрмін прэзідэнцкіх выбараў» – мяркуе кіраўнік польскага ўраду.