Беларуская Служба

Амерыка выдала 277 млн долараў на “дэсаветызацыю” тэхнікі ў Еўропе

23.03.2020 13:46
У першую чаргу гэта балканскія краіны, у якіх надалей працягваецца “вайна ўплыву” паміж захадам і Расіяй.
Дональд Трамп PAP/EPA/JIM LO SCALZO

У 2018 годзе Дзярждэпартамент ЗША распачаў ініцыятыву ERIP (ang. European Recapitalization Incentive Program), мэта якой – хутчэйшы працэс выдалення з саюзніцкіх армій у Еўропе тэхнікі савецкага паходжання, піша партал defence24.pl. На працягу двух гадоў гэтая праграма каштавала Амерыцы 277 млн долараў, таксама гэта было звязана з продажам амерыканскай тэхнікі вартасцю каля 2,5 млд долараў у такія краіны, як Боснія, Славакія і Харватыя. Справа не толькі ў тым, каб “дэсаветызаваць” тэхніку, але таксама, каб расійскую тэхніку замяніць амерыканскай.

Пачаткова да праграмы далучыліся шэсць краін, але да канца 2019 году ёй карысталася восем. У першую чаргу гэта балканскія краіны, у якіх надалей працягваецца “вайна ўплыву” паміж захадам і Расіяй. У частцы выпадкаў ERIP пакрываў усе кошты, дзякуючы чаму ЗША бясплатна перадавала тэхніку, у частцы выпадкаў амерыканцы пакрывалі частку выдаткаў.

Цяпер праграмай карыстаюцца Албанія, Боснія і Герцагавіна, Харватыя, Паўночная Македонія, Славакія, Літва, Грэцыя, Балгарыя.

Цікава, што нягледзячы на значную пакупку амерыканскай тэхнікі, ці наадварот па гэтай прычыне Польшчу не бралі пад увагу, як магчымага бенефіцыяра ERIP. Таксама невядома пра ніякія крокі з боку Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы ў гэтым пытанні.

Калі казаць пра амерыканскі бок, то цяпер на праграму сродкі не запланаваныя. Праграма павінна выкарыстоўваць сродкі з фондаў U.S. EUCOM i FMF, перш за ўсё падтрымліваючы балтыйскія краіны і Балканы ў пытанні вызвалення ад расійскай вайсковай тэхнікі і зброі. Для Амерыкі гэта адначасова эфектыўная падтрымка абароны, як і важная прылада папулярызацыі ўласнай збройнай прамысловасці. Як вядома, час эксплуатацыі вайсковай тэхнікі лічыцца ў дэкадах, а яе абслугоўванне можа быць істотнай прыладай міжнароднай палітыкі.

ав