Беларуская Служба

У Беларусі - стан напружанага чакання

25.03.2020 19:03
Пра сітуацыю вакол каранавіруса ў Беларусі піша польскі друк.
Maski ochronne
Maski ochronneshutterstock/InkheartX

Загады, якія ў пераважнай частцы еўрапейскіх краін з'яўлаюцца прымусам, у Беларусі носяць характар рэкамендацыі, – піша Руслан Шошын у выданні Rzeczpospolita. Працуюць школы, садкі, універсітэты.

Справы ў свае рукі бяруць у Беларусі медыкі, якія з дапамогай сацыяльных сетак і недзяржаўных СМІ заклікаюць землякоў заставацца дома. У Інтэрнэце - многа здымкаў медыкаў з карткамі ў руках: мы працуем для вас, вы заставайцеся дома для нас.

Беларускім медыкам забараняецца распавядаць пра сітуацыю ў шпіталі альбо інфармаваць аб колькасці хворых.
Rzeczpospolita паведамляе пра мізэрныя заробкі беларускіх лекараў.

Падтрымаць герояў нашага часу вырашыла мінская фірма ІТ, якая перавяла на рахунак сталічнай інфекцыйнай больніцы 10 тысяч долараў «на піцу і Кока-Колу».

Не чакаючы рашэння ўрада, многія беларускія кампаніі дазволілі працаваць з дому, а шматлікія бацькі не адводзяць дзяцей у садкі і школы. Студэнты арганізаваліся праз сацсеткі і ўжо некалькі дзён у некаторых ВНУ – пустыя аўдыторыі.

- Многія беларусы не давяраюць уладам, якія ігнаруюць сур'ёзнасць сітуацыі і не кажуць усёй праўды. А гэта не Кітай: праўда неўзабаве выйдзе і ўладам прыйдзецца ўводзіць каранцін, – кажа для газеты Rzeczpospolita вядомы апазіцыйны актывіст Франак Вячорка. Ён дадае, што ў Беларусі многія маўчаць, аднак усе знаходзяцца ў стане напружанага чакання.