Расійская Дзярждума плануе правесці следства ў справе замежных СМІ, якія, паводле яе, хлусяць на тэму эпідэміі ў краіне, піша Rzeczpospolita. «Распаўсюдзілася хлуслівая інфармацыя, якая выклікае страх і паніку, гэта таксама, у пэўным сэнсе, небяспечная інфекцыя», – патлумачыў дэпутат Васіль Піскароў.
Піскароў гаварыў у прыватнасці пра Радыё Свабода, расійскую рэдакцыю Deutsche Welle, тэлевізію «Настоящее время» (створаную тры гады таму Радыё Свабодай і Голасам Амерыкі) і MBCH Media (належыць да былога мільярдэра і вязня Міхаіла Хадаркоўскага).
Васіль Піскароў абвінавачвае іх «у распаўсюдзе інфармацыі пра адсутнасць у Расіі рэспіратараў», што, паводле яго, з’яўляецца няпраўдай, а таксама «ў распаўсюдзе неверагоднай інфармацыі пра працу расійскіх лекараў у Італіі». Расія выслала туды 11 самалётаў з брыгадай вайсковых лекараў і тэхнікай. Італьянская «La Stampa» першая сцвердзіла, што 80% прысланага медычнага абсталявання з’яўляецца бескарысным. У Італіі патрэбныя рэспіратары, а расіяне прыслалі ў асноўным тэхніку для дэзынфекцыі вялікіх паверхняў.
Расійскім дэпутатам не падабаецца, што Deutsche Welle цытуе расійскіх праваабаронцаў, якія лічаць, што апошнія змены, прынятыя ўрадам, абмяжоўваюць свабоду слова. У апошнім выпадку гаворка ідзе пра апісванне Deutsche Welle распачатай цяпер у Пецярбургу, першай у гісторыі Расіі крымінальнай справы менавіта за распаўсюд fake news.
Дзярждума яшчэ ў палове сакавіка заяўляла, што прааналізуе, як заходнія фонды і СМІ выдаюць грошы, «выдзеленыя ім на антырасійскую прапаганду».
ав