Беларуская Служба

Стратэгія нацыянальнай бяспекі Польшчы згадвае між іншым пра пагрозу з боку Расійскай Федэрацыі

13.05.2020 14:09
Дакумент акрэслівае напрамкі дзейнасці з мэтаю абараніць жыхароў Польшчы ад рознага тыпу пагрозаў.
Аўдыё
 .
Прэзідэнт А. Дуда падпісвае Стратэгію нацыянальнай бяспекіфота: PAP/Grzegorz Jakubowski/KPRP

Надоечы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў дакумент пад назваю «Стратэгія нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Польшча». На падставе апісаных у стратэгіі галін дзейнасці будуць рыхтавацца адпаведныя законапраекты. У дакладзе выкладзеныя важнейшыя пагрозы і напрамкі, з якіх палякі могуць атрымаць разнастайныя ўдары. Згадваецца між іншым Расійская Федэрацыя. У сваёй прамове Анджэй Дуда нагадаў, што апошні раз падобны дакумент быў падрыхтаваны ў 2014 годзе. У новым дакуменце апісаны ўсе аспекты, якія паявіліся з таго часу. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра бяспеку нацыянальнага здароўя жыхароў Польшчы.

- Над гэтай стратэгіяй мы працавалі практычна да апошняга дня, каб у ёй былі ўзятыя пад увагу максімальна ўсе пытанні, у тым ліку звязаныя з эпідэмічнай небяспекай. З эпідэміяй інфекцыйнай хваробы нам прыходзіцца змагацца ў апошнім часе. Яна, канешне ж, прымушае нас да таго, каб у дадзенай стратэгіі ўзяць пад увагу таксама ў будучыні магчымыя падобныя эпідэміі і да іх падрыхтавацца.

Бяспека нацыі з’яўляецца адным з фундаментаў развіцця народа. Гэтую банальную ісціну прыгадаў падчас урачыстасці падпісання стратэгіі ў Прэзідэнцкім палацы прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Старшыня Рады міністраў адзначыў, што дакумент паслужыць для выпрацоўкі адпаведных законаў. Стратэгія, падрыхтаваная спецыялістамі, бярэ пад увагу самыя розныя пагрозы.

- Згадваюцца ўсе пагрозы, якія паявіліся ў апошнім часе, але таксама тыя пагрозы, якія існуюць ужо здаўна. Мы ведаем, адкуль нам перш за ўсё можа пагражаць небяспека – трэба толькі прасачыць за падзеямі, якія мелі месца на працягу апошніх 10-20 гадоў за нашай усходняй мяжой. Гэтыя выклікі нашых часоў неабходна ведаць, яны павінны быць апісаны ў адпаведных дакументах, каб мы маглі прыняць адпаведныя крокі ў нашай рэальнай дзейнасці.

Прэм’ер-міністр заявіў, што згодна даручэнню прэзідэнта, ён бярэ на сябе абавязак стварыць міжведамасную групу па распрацоўцы законапраектаў і адпаведных дакументаў, якія перанясуць стратэгію са сферы тэорыі ў сферу практычных дзеянняў.

Стратэгія бяспекі прадбачвае будаўніцтва новых газавых інтэрканектараў з суседнімі дзяржавамі і развіццё сеткі газаправодаў у нашай частцы Еўропы. Меркаваннем Анджэя Дуды, буйныя інвестыцыі ў энергетычны сектар дазволяць Польшчы ўмацаваць бяспеку і незалежнасць ад паставак расійскага газу. У дадзенай сферы за апошнія пяць гадоў адбылося нямала пазітыўных зменаў.

- Не было тады гатовага газапорту ў Свінавуйсьці. Сёння ён ёсць, мы яго пашыраем, разбудоўваем да сямі з паловай мільярда кубаметраў газу ў год. Пачынаем будаўніцтва Baltic Pipe – газаправоду, які будзе пастаўляць сыравіну з нарвежскага шэльфа праз Данію, па дне Балтыйскага мора ў Польшчу. Гэта вялізныя інвестыцыі, якія мы развіваем у энергетычнай галіне. Яны павінны даць нам гарантыю бяспекі, павінны даць нам гарантыю незалежнасці, у тым ліку газавай незалежнасці – ад паставак газу з Расіі.

Стратэгія нацыянальнай бяспекі – гэта дакумент, на які абапіраецца таксама Польскае войска падчас планавання сваёй дзейнасці. Вайсковыя эксперты на яго падставе распрацуюць падрабязныя рапарты аб удзеле арміі. «Гэта рамачны дакумент, які паказвае, якім чынам Польскае войска павінна клапаціцца аб бяспецы Польшчы і яе грамадзян», – падкрэсліў міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак.

- Мы ўсе ведаем, з якога боку перш за ўсё ды нас можа прыйсці пагроза – гэта звязана пераважна з агрэсіўнай палітыкай Расіі. Мы адказваем на гэтую палітыкі такім чынам, што стараемся вельмі актыўна ўдзельнічаць у структурах Паўночна-атлантычнага альянсу, узмацняем прысутнасць польскіх салдат на ўсходніх рубяжах НАТА. Гаворка ідзе не толькі пра ўсход Польшчы, але таксама пра саюзныя дзяржавы. Мы таксама адказваем на пагрозы такім чынам, што ствараем новыя вайсковыя фармаванні, у тым ліку войскі тэрытарыяльнай абароны, а таксама адмысловыя фармаванні, якія апрацоўваюць стратэгію барацьбы з пагрозамі ў кіберпрасторы.

Стратэгія нацыянальнай бяспекі рыхтавалася цягам двух гадоў. 30 красавіка яна была зацверджана Радай міністраў, а ўчора яе падпісаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. У дакуменце апісаны найважнейшыя кірункі, адкуль можа паявіцца небяспека для жыхароў Польшчы. У гэтай сувязі аўтары згадваюць між іншым Расійскую Федэрацыю, але ўзятыя пад увагу таксама новыя пагрозы, напрыклад, эпідэмія інфекцыйнага захворвання, з якой дзяржава сутыкнулася некалькі месяцаў таму.

Стратэгія нацыянальнай бяспекі – гэта адкрыты дакумент, з якім кожны можа азнаёміцца. На яго падставе спецыялісты распрацуюць падрабязныя рэкамендацыі, якім чынам гарантаваць нацыянальную бяспеку. Гэтыя дакументы ўжо будуць насіць грыф «Сакрэтна».

ІАР ПР/нг