Беларуская Служба

Выбарчая кампанія ў Польшчы: абяцанні кандыдатаў (ФОТА)

20.06.2020 09:38
28 чэрвеня ў Польшчы пройдуць прэзідэнцкія выбары. Засталося восем дзён, выбарчая кампанія набірае абароты.
Аўдыё
  • Выбарчая кампанія ў Польшчы абяцанні кандыдатаў
Прэзідэнцкая дэбата PAP/Paweł Supernak

Кандыдаты ў прэзідэнты агучваюць свае праекты, праграмы, першыя крокі, якія яны зробяць, стаўшы прэзідэнтам Польшчы.


Шыман Галоўня Шыман Галоўня

Незалежны кандыдат у прэзідэнцкіх выбарах Шыман Галоўня прэзентаваў праграму сямейнай палітыкі «Сям’я 2050». Сярод прапановаў – двухмесячны дэкрэтны адпачынак для татаў, рэформа закону аб аліментах, лепшая псіхіятрычная і псіхалагічная апека над дзецьмі. Шыман Галоўня таксама прапануе выроўніванне бацькоўскіх выплат:

-Мы прапануем роўныя бацькоўскія выплаты. Кожны з бацькоў, незалежна ад формы працоўнай дамовы, павінен мець права на выплаты на аднолькавых умовах. Мы павінны зрабіць усё, каб спрасціць бацькам, якія выхоўваюць дзяцей, доступ да выплат. Каб яны маглі больш адважна адчыняць дзецям новыя шанцы.

Паводле кандыдата ў прэзідэнты, гэтая праграма – гэта сучасная сямейная палітыка, важная ў перспектыве чарговага пакалення. Шыман Галоўня патлумачыў, што «Сям’я 2050» абапіраецца на трох пунктах: роўным дабрабыце для бацькоў і апекуноў дзяцей, роўных шанцах для дзяцей, годнасці і самастойнасці для старых.


Рафал Тшаскоўскі Рафал Тшаскоўскі

Бясплатныя садкі і яслі, роўнасць зарплат, лепшы доступ да службы аховы здароўя і барацьба са злачыннасцю – гэта элементы праграмы для жанчын кандыдата «Грамадзянскай платформы» Рафала Тшаскоўскага. Акрамя таго, мер Варшавы пераконвае, што важнай таксама з’яўляецца папулярызацыя адукацыі:

-Трэба размаўляць з моладдзю на тэмы роўнага стаўлення да ўсіх, пра роўныя шанцы. Каб усе нашыя дзяўчынкі ведалі, што могуць дасягнуць у жыцці ўсяго. Таксама мы гаворым пра вяртанне на рынак працы, якое сёння з’яўляецца фундаментам. Гэтаму служыць праграма бясплатных ясляў і садкоў, што ўдалося зрабіць у Варшаве. Я хачу, каб так было ў цэлай Польшчы.

Рафал Тшаскоўскі казаў, што трэба паклапаціцца, каб голас жанчын у дэбаце быў пачуты, таму ён пакліча раду жанчын пры прэзідэнце Польшчы.


Анджэй Дуда Анджэй Дуда

На сустрэчы з лакальнымі ўладамі ў Тамашаве Мазавецкім прэзідэнт Анджэй Дуда гаварыў, што Польшчы патрэбныя не толькі вялікія інвестыцыі, але і малыя – у гмінах і паветах. Прэзідэнт казаў, што рыхтуючы праграму будовы ста чыгуначных прыпынкаў працэдуры былі прадугледжаныя так, каб на гэтым маглі зарабіць меншыя, сямейныя фірмы. Анджэй Дуда нагадаў размову з міністрам інфраструктуры Анджэем Адамчыкам:

-Ён кажа, што ў такой сітуацыя ёсць вялікае праўдападабенства, што вялікім фірмам не будзе аплачвацца біцца за малыя інвестыцыі. Тут справа таксама ў тым, каб людзі адчулі, што гэта будуе нехта іх, што ў праекце працуе сусед.

Анджэй Дуда таксама ўспамінаў пра ідэю стварэння фонду лакальных інвестыцыяў, з якога гміны і паветы маглі б атрымліваць грошы на першы ўзнос, патрэбны для рэалізацыі праектаў за сродкі ЕЗ.


Кшыштаф Босак Кшыштаф Босак

Кандыдат «Канфедэрацыі» Кшыштаф Босак гаворыць, што палякі хочуць змены на палітычнай сцэне Польшчы, хочуць на бліжэйшых выбарах выбраць новага прэзідэнта. Паводле яго, пра гэта сведчыць, між іншым, вялікая колькасць гледачоў прэзідэнцкай дэбаты:

-Больш за 7 млн гледачоў – гэта рэкорд. Гэта значыць, што гэтыя людзі шукаюць сярод 11 кандыдатаў кагосьці, каму могуць давяраць. Палякі хочуць змены. Палякі не задаволеныя тымі кандыдатамі, якіх безупынна паказваюць галоўныя тэлевізійныя каналы. Яны засяроджваюцца пераважна на кандыдатах «Права і справядлівасці» і «Грамадзянскай платформы».


Роберт Бедрань Роберт Бедрань

Кандыдат левых сіл Роберт Бедрань лічыць, што ў інтарэсах Польшчы ляжыць узмацненне прысутнасці ў НАТА. Адначасова ён перасцярог перад тым, каб абапіраць бяспеку краіны на адносінах з прэзідэнтам Дональдам Трампам. Падчас сустрэчы з выбарцамі Роберт Бедрань зазначыў, што важнай таксама з’яўляецца сціслая супраца з еўрапейскімі структурамі:

-Мы павінны таксама будаваць нашу другую нагу ў рамках бяспекі Еўразвязу. Узмацняць супрацу ў выведвальнай і контрвыведвальнай дзейнасці з ЕЗ. Супольныя пакупкі. Узмацненне збройнай прамысловасці ў рамках ЕЗ. Гэта наш дзяржаўны інтарэс.


Уладзіслаў Касіняк-Камыш Уладзіслаў Касіняк-Камыш

Кандыдат левых сіл з’яўляецца моцным прыхільнікам раздзялення дзяржавы і касцёла.
Кандыдат Польскай сялянскай партыі Уладзіслаў Касіняк-Камыш сказаў, што, будучы прэзідэнтам, распачне свой тэрмін паўнамоцтваў ад рэформы службы аховы здароўя. Палітык сказаў, што, як прэзідэнт, ён будзе хацець палепшыць фінансавую сітуацыю польскіх шпіталяў:

-Як прэзідэнт я паклічу кансіліум, які будзе імкнуцца да змен у ахове службы здароўя. Сплата пазыкаў шпіталяў, фінансаванне лячэння. Меншая бюракратыя ў службе аховы здароўя. Я, як адзіны кандыдат, прапаную сістэмныя змены, каб развітацца з палітычным крызісам, палітычным тупіком. Гэта Дзень рэферэндуму, генпракурор, якога выбіраюць у хадзе выбараў. Адказнасць палітыкаў перад грамадзянамі, антыкарупцыйны законапраект.

Першы тур выбараў адбудзецца 28 чэрвеня. Магчымы другі тур – праз два тыдні. У выбарах стартуюць Анджэй Дуда, Рафал Тшаскоўскі, Уладзіслаў Касіняк-Камыш, Роберт Бедрань, Шыман Галоўня, Кшыштаф Босак, Станіслаў Жултэк, Марэк Якубяк, Міраслаў Пятроўскі, Павел Танайна і Вальдэмар Віткоўскі.

ав