У пятніцу 4 чэрвеня віцэ-спікер польскага Сэйму Рышард Тэрлецкі напісаў у сваім твітары, што «калі Святлана Ціханоўская хоча рэкламаваць антыдэмакратычную апазіцыю ў Польшчы і выступаць на мітынгу Рафала Тшаскоўскага, хай шукае дапамогі ў Маскве. «Мы падтрымліваем беларускую апазіцыю, якая не стаіць побач з нашымі праціўнікамі». Гэты пост выклікаў абурэнне ў польскай палітычнай прасторы, чытаем у выданні Gazeta Wyborcza.
Усё адбылося пасля таго, як Святлана Ціханоўская ў пятніцу выступіла на прэс-канферэнцыі прэзідэнта Варшавы Рафала Тшаскоўскага, прысвечанай гадавіне першых дэмакратычных выбараў у Польшчы. Падчас сустрэчы яны разам адкрылі помнік салідарнасці. З нагоды таго, што Тшаскоўскі з’яўляецца палітыкам апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі», гэтая сустрэча не спадабалася віцэ-спікеру Тэрлецкаму. Яго спрэчны пост у сацсетках бурна каментавалі ўсе палітыкі, нават звязаныя з кіроўнай партыяй «Права і справядлівасць», чальцом і кіраўніком клубу якой з’яўляецца Тэрлецкі.
У выніку дэпутаты апазіцыі абвесцілі, што пададуць скаргу і заяву аб адстаўцы Тэрлецкага з пасады віцэ-спікера. Галасаванне над заявай павінна адбыцца 15 чэрвеня, а за звальненне могуць прагаласаваць не толькі апазіцыйныя палітыкі.
Рафал Тшаскоўскі ў сваю чаргу заявіў, што яго абурылі словы віцэ-спікера, бо якраз у справе Беларусі кіроўная партыя і апазіцыя дагэтуль гучалі ўнісон. Ён сказаў, што кожная ініцыятыва, накіраваная на дапамогу беларусаў, важная, незалежна ад таго, хто яе арганізуе. Яго меркаваннем, такія спрэчкі ўнутры палітычнай сцэны Польшчы дапамагаюць толькі Лукашэнку, чытаем у выданні Gazeta Wyborcza.
аев