Выданне Rzeczpospolita змяшчае інтэрв’ю з дэпутатам Сейма ад групоўкі «Грамадзянская кааліцыя» Паўлам Ковалем. Палітык напісаў ліст да віцэ-спікера Сейма Рышарда Тэрлецкага, які абвінаваціў Святлану Ціханоўскую, што яна сустракаецца ў Польшчы з прадстаўнікамі апазіцыі. «На жаль, выказванне Тэрлецкага негатыўна паўплывае на наш імідж на Захадзе. Па-першае, Польшча будзе лічыцца краінай, у якой замежныя госці, апазіцыянеры, не могуць самастойна вырашаць, з кім сустракацца. Па-другое, Тэрлецкі сам перакрэслівае сваю гісторыю, паколькі па пытанні кантактаў з Украінай ён сябе паводзіў вельмі прыстойна, – кажа Коваль. – І, па-трэцяе, гэта б’е па ўсёй традыцыі польскай усходняй палітыкі апошніх трыццаці гадоў, дасягненнях Аляксандра Кваснеўскага, Леха Качыньскага ці Браніслава Камароўскага. Таму я падумаў, што адзіны выхад – каб маршал Тэрлецкі хутка адмовіўся ад сваіх слоў», – дадае Коваль.
Ён адзначае, што польска-беларускія адносіны найгоршыя за апошнія 30 гадоў. Двое лідараў польскай меншасці сядзяць у беларускіх турмах, тры актывісткі ўдалося вызваліць і вывезці ў Польшчу дзякуючы старанням польскіх дыпламатаў, у турме знаходзіцца Пратасевіч, галоўныя палітычныя лідары – на эміграцыі. І ўсё гэта датычыць дзяржавы, з якой Польшча мяжуе. Сітуацыя польскай меншасці абсалютна трагічная. Такія людзі, як Агнешка Рамашэўская, робяць шмат, а выказванне Тэрлецкага ўсё гэта перакрэслівае. Беларусь – гэта не наша хобі, ад яе залежыць бяспека Польшчы.
нг