Беларуская Служба

Злачынствы рэжыму Лукашэнкі мог бы разглядаць спецыяльны суд, падобна як злачынствы ў былой Югаславіі

10.06.2021 15:32
Польскі адвакат імкнецца да стварэння спецыяльнага міжнароднага крымінальнага суду па злачынствах Лукашэнкі.
Аўдыё
  • Злачынствы рэжыму Лукашэнкі мог бы разглядаць спецыяльны суд, падобна як злачынствы ў былой Югаславіі
Адвакат Томаш Віліньскіhttps://www.facebook.com/TomaszAndrzejWilinski/photos/3993962410642506

Стварыць гэты суд могуць краіны, у якіх вядуцца расследаванні парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.

Прыцягненне да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі, супрацоўнікаў беларускага МУС, АМАПу, міліцыі, КДБ з'яўляецца рэальным. Для гэтага патрэбна ў рамках міжнародных дамоваў абʼяднаць следчыя працэсы, якія вядуцца ў розных краінах па справе злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Аб гэтым сказаў нам адвакат Томаш Віліньскі (Tomasz Wiliński).

- Я звярнуўся з афіцыйным заклікам да ўладаў Польшчы: да Прэзідэнта, да старшыняў Сейму і Сенату і да прэмʼер-міністра, за тое, каб абʼяднаць спецыяльных следчых пракурораў усіх краін, дзе вядуцца расследаванні злачынстваў у Беларусі. Гэтыя расследаванні зараз вядуцца ў Польшчы, Літве, Нямеччыне, у Чэхіі, неўзабаве ў Швейцарыі і магчыма ў Вялікабрытаніі. Гэтыя следчыя маглі б супольна праводзіць следства і збіраць доказы.

Адвакат Віліньскі, лічыць, што злачынствы рэжыму Лукашэнкі павінен разглядаць міжнародны суд.

- Было б магчыма стварыць міжнародны крымінальны суд па злачынствах, здзейсненых на тэрыторыі Беларусі за перыяд ад жніўня 2020 да цяперашняга часу, які разгледзіць усе справы, звязаныя з пазбаўленнем волі, катаванняў, парушэнняў правоў чалавека, то бок, наўпрост кажучы, злачынствы супраць чалавецтва. Я заклікаю да гэтага.

Адвакат Томаш Віліньскі патлумачыў, чаму для прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі неабходна стварыць новы суд, чаму не магчыма даручыць гэтую задачу міжнароднай судовай установе, якая ўжо існуе, як напрыклад Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.

- Я імкнуся да таго, каб стварыць групы спецыяльных следчых і міжнародны крымінальны суд у абыход сістэмы ААН, таму што для стварэння такіх ворганаў у рамках ААН неабходна прыняць рэзалюцыю. У такім выпадку напэўна вета накладуць Расія ці Кітай.

Шанцы на тое, каб стварыць такі міжнародны суд і тое, калі ён мог бы распачаць расследаванне залежыць ад палітычнай волі палітыкаў, кажа адвакат.

- Такі суд можна стварыць вельмі хутка і ён хутка распачаў бы працу, калі падтрымаюць яго ўсе зацікаўленыя ў гэтым следстве краіны, то бок, краіны, у якіх вядуцца расследаванні Генеральнай пракуратуры Няма тут ніякіх абмежаванняў. Патрэбная выключна палітычная воля і падпісанне пагадненняў на міжнародным узроўні. Мы – юрысты, адвакаты краін, у якіх вядзецца расследаванне па справе злачынстваў Лукашэнкі, цесна супрацоўнічаем, абменьваемся інфармацыяй. Мы плануем прыняць ва ўсіх краінах крокі, якія прывядуць да пацвярджэння, што міжнародная юрысдыкцыя ў гэтым выпадку прымянецца.

У Польшчы вядзецца следства па затрыманні трох палякаў у Мінску ў жніўні мінулага году падчас пратэстаў. На якім этапе знаходзіцца гэтая справа, тлумачыць Томаш Віліньскі.

- Справу расследуе Генеральная пракуратура Польшчы і Агенцтва ўнутранай бяспекі ў сувязі з падзеямі 11-13 жніўня мінулага году, то бок затрыманне і пазбаўленне волі з асаблівай жорсткасцю трох палякаў Вітолда Дабравольскага, Кацпера Сеніцкага і Роланда Лысога. Збіраюцца доказы, праводзяцца слуханні сведкаў. Аднак праз таямніцу следства я не магу раскрыць падрабязнасці.

Ці магчыма, што намаганні юрыстаў, прывядуць да працэсу падобнага да судовага працэсу над былымі кіраўнікамі гітлераўскай Германіі ў Ньюрнбергу?

-Я спадзяюся, што гэта адбудзецца. У маім звароце гаворыцца аб падобнай працэдуры. Міжнародны крымінальны суд, які будзе расследаваць злачынствы здзейсненыя на тэрыторыі Беларусі выконваў бы падобную ролю. Злачынствы рэжыму Лукашэнкі мог быў разглядаць спецыяльны міжнародны суд, падобны да таго, які быў створаны для расследавання злачынстваў у былой Югаславіі, Камбоджы, ці Усходнім Тыморы.

У Польшчы адвакаты, якія вядуць справы пацярпелых ад беларускага рэжыму, імкнуцца супольна падрыхтаваць як мага поўны збор доказаў складу злачынства, каб на гэтай аснове падрыхтаваць акт абвінавачання рэжыму Лукашэнкі. Аб гэтым нам распавёў польскі адвакат Томаш Віліньскі, які вядзе намаганні з мэтай стварэння спецыяльнага міжнароднага суда.

Падрыхтавала Яланта Смялоўская