Беларуская Служба

«Амерыка вярнулася» – новы лозунг Джо Байдэна

18.06.2021 14:45
Неразуменне Байдэна найбольш праявілася ў падыходзе да Кітая.
Joe Biden, Władimir Putin
Joe Biden, Władimir PutinPAP/EPA/MIKHAIL METZEL/SPUTNIK/KREMLIN POOL / POOL

Не сціхаюць каментары пасля візіту Джо Байдэна ў Еўропу. Ён аказаўся не такі паспяховы, як можна было чакаць, чытаем у газеце Rzeczpospolita. Байдэн некалькі разоў падчас сустрэчаў «Вялікай сямёркі», НАТА і ЕЗ падкрэсліваў, што «Амерыка вярнулася». Ягоныя погляды на міжнародную палітыку сустрэліся аднак з лёгкім скептыцызмам еўрапейскіх лідараў. Пасля ізаляцыйнай палітыкі Трампа, Байдэн хацеў зноў паказаць, што ЗША з’яўляюцца самай моцнай дзяржавай у свеце і супраца з імі карысная. Еўропа аднак усё больш хоча ісці сваім шляхам.

Неразуменне Байдэна найбольш праявілася ў падыходзе да Кітая. Хоць прэзідэнт ЗША хоча больш рашучых дзеянняў супраць Паднябеснай, ЕЗ не збіраецца траціць сваіх эканамічных адносінаў з КНР. Дадаткова, Еўропа не хоча рабіць стаўку на аднаго лідара, бо невядома, хто выйграе наступныя выбары ў ЗША. Калі да ўлады вернуцца рэспубліканцы, заключаныя з Байдэнам дамовы, могуць зноў стаць неактуальнымі. Таму працу ў напрамку Кітая і Расіі Еўразвяз хоча выконваць самастойна, згодна са сваімі інтарэсамі. Факт, што Байдэн пасля сваёй перамогі ў выбарах ігнараваў урады такіх краін, як Італія, Іспанія і Польшча, спрычыніўся, што не кожны ў Еўропе з ахвотай пагадзіцца на ўсе прапановы Белага дому.

Сустрэча Байдэна з Пуціным таксама паказала, што будаваць новыя адносіны складана. Хаця сам Байдэн казаў пасля сустрэчы, што «атмасфера размоваў была канструктыўнай», Пуцін быў менш дыпламатычны ў сваіх выказваннях пасля саміту. Прэзідэнт Расіі яўна сказаў, што «амерыканскія каштоўнасці не лепшыя за расійскя» і пагадзіцца на ўсе прапановы Байдэна немагчыма, чытаем на старонках газеты Rzeczpospolita.

аев