Rzeczpospolita піша, што балючыя для беларускага рэжыму эканамічныя санкцыі стануць тэставаннем адзінства Еўропы. Санкцыі закранаюць каля 80 асоб, набліжаных да рэжыму, але больш за ўсё Лукашэнка баіцца санкцый, якія ўдараць у важнейшыя галіны эканомікі краіны – нафтаперапрацоўку, калійны і тытунёвы бізнес, а таксама банкаўскі сектар. Яны прыносяць найбольшы даход у бюджэт.
Прыняцце рашэння ўскладняюць эканамічныя інтарэсы розных краін. Партал Politico са спасылкай на аўстрыйскіх дыпламатаў паведамляў, што Вена спрабуе змякчыць санкцыі. Аўстрыя – адзін з важнейшых эканамічных партнёраў Беларусі ў Еўропе, амаль 90% банкаўскіх пазыкаў, выдзеленых беларускім суб’ектам, паходзіць менавіта з Аўстрыі. У прыватнасці, беларускі Прыёрбанк належыць да аўстрыйскай групы Raiffeisen.
Нягледзячы на гэта, у пятніцу міністр замежных спраў Аўстрыі Аляксандр Шаленберг (Alexander Schallenberg) пазваніў у офіс Святланы Ціханоўскай і заверыў, што ўсе краіны ЕС згодныя па пытанні санкцый. Па словах дарадчыка Ціханоўскай Франака Вячоркі, у некаторых краінах ЕС рэжым Лукашэнкі здолеў актывізаваць сваіх лабістаў, у інтарэсы якіх удараць санкцыі. Меркаваннем Вячоркі, санкцыі – вельмі балючыя для «кашалькоў» Лукашэнкі і звязаных з ім прадпрыемстваў. Неўзабаве павінны пачаць дзейнічаць таксама санкцыі ЗША. Гэты прэсінг стане яшчэ мацнейшы, калі далучацца да яго Вялікабрытанія і Украіна. Гэта можа змяніць паводзіны Лукашэнкі, – кажа Вячорка.
На думку палітолага Аляксандра Класкоўскага, санкцыі не прымусяць Лукашэнку сысці, але могуць прычыніцца да вызвалення палітычных зняволеных.
нг