Беларускія ўлады назвалі гэта «падступнай атакай», паабяцалі ўтрымаць вытворчасць нават коштам увядзення ваеннага становішча ды прыняць меры ў адказ. Разам з тым дэманстратыўна робяцца крокі дзеля залагоджвання Захаду без змены рэпрэсіўнай палітыкі. А свайго боку дэмакратычныя сілы разлічваюць на тое, што санкцыі змусяць Лцкашэнку да саступак.
Захоп пасажырскага самалёта ў паветранай прасторы Беларусі прывёў да таго, што міжнародная супольнасць больш актыўна пачала рэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі. Краіны Еўрапейскага Саюза перасталі абмяжоўвацца заявамі пра заклапочанасць ды ўвялі санкцыі. Гэтым разам прынятыя меры маюць далёка не сімвалічны характар. Еўрапейскія палітыкі перакананыя, што не павінна быць нармалізацыі адносін з Лукашэнкам. Пра гэта казаў былі міністр замежных спраў Саваччыны Павал Дэмеш падчас нядаўняга форума па глабальнай бяспецы GLOBSEC.
- Лукашэнка гадамі блефаваў, патрабуючы падтрымкі з Расіі пад пагрозай зыходу на Захад, дамагаючыся таннага газу ды энеграносбітаў. Нам казаў, пра пагрозу паглынання з боку Расіі. Гэта доўжылася дзесяцігоддзямі. На маю думку, гэта памылковае мысленне, калі мы хочам дапамагчы Беларусі стаць нармальнай, прадказальнай краінай, дзе людзі маглі б нармальна жыць без страху стаць ахвярай палітычных катаванняў з боку лідара ці сілавых структур. Цяпер палітычнае жыццё ў Беларусі замарожанае. Калі гэтая сітуацыя зацягнецца, краіне пагражае страта чалавечага капіталу.
ЕЗ увёў санкцыі супраць суддзяў і сілавікоў, як і ў дачыненні да прыўладных бізнесменаў, а таксама сектаральныя абмежавання, сярод якіх забарона буйным беларускім банкам працаваць з фінансавымі інструментамі ЕС, эмбарга на пастаўкі калійных угнаенняў з Беларусі ды часткі нафтапрадуктаў, спыненне паставак у Беларусі прадуктаў для вытворчасці тытуню, прадуктаў ваеннага ды падвойнага выкарыстання.
Лукашэнкаўскае міністэрства замежных спраў назвала гэтае рашэнне «падступнай атакай з боку восі ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі ды Канады» ды паабяцала запусціць у дзеянне меры ў адказ. У сваю чаргу Лукашэнка асабіста агучыў пагрозы ў бок Захаду перастаць стрымліваць незаконных мігрантаў, кантрабанду наркотыкаў ды ядзерных матэрыялаў.
- Гэтыя дураватыя там побач чакаюць ад нас дапамогі, патрабуюць спыніць нелегальную міграцыю, абараніць іх ад кантрабанды наркотыкаў, ажно з-за Атлантыкі чуваць сігнал: дапамажыце, як было раней, затрымайце ядзерныя матэрыялы, каб яны не трапілі ў Еўропу. Хочацца спытацца, вы там зусім падурэлі? Развязалі супраць нас гібрыдную вайну ды хочаце, каб мы вас баранілі, як раней.
Лукашэнку пачала падтакваць прапаганда. Ідэолагі ды чыноўнікі пачалі заяўляць, што санкцыі іх не пужаюць, беларуская эканоміка ад гэтага толькі пачне развівацца. Разам з тым, тыя ж чыноўнікі не спыняюць скардзіцца, што з-за санкцый спыненая частка інвестыцыйных праектаў па рамонт дарог і мастоў, паставак новага абсталявання. Віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак заявіў сёння, што толькі авіяцыя губляе ад санкцый больш за 10 мільёнаў долараў у месяц. Адразу пасля ўвядзення санкцый лукашысты перавялі пад хатні арышт захопленых Рамана Пратасевіча ды Сафію Сапегу. Уладам здаецца, што так яны залагодзяць абураны Захад, кажа палітолаг Андрэй Ляховіч.
- За зменай арышту для Пратасевіча стаць разлік беларускіх уладаў. Лукашэнка пачуў выказванне Барэля, што галоўнай прычынай для санкцый стаў перахоп самалёта, каб арыштаваць Пратасевіча. Лукашэнка думае, што ён робіць крок у бок захаду, ствараючы больш лагодныя ўмовы ўтрымання для Пратасевіча і Сапегі. Яны робяць зандаж, як захад ацэніць гэты крок.
У сваю чаргу лідары дэмакратычных сіл спадзяюцца, што санкцыі паўплываюць на сітуацыю з Белаурсі, змусяць рэжым да саступак. Пра гэта казаў кіраўнік НАК Павал Латушка ў эфіры радыё «Эха Масквы».
- Пакуль нельга сказаць наколькі моцна санкцыі ўдараць па эканоміцы. Аднак калі паглядзець комплексна, тут пачнецца ланцуговая рэакцыя. Большасць еўрапейскіх кампаній не захочуць мець справы з Беларуссю, што азначае адсутнасць замежнага інвеставання. Унутраны бізнес не будзе рэінвеставаць у Беларусь. Лукашэнка будзе вымушаны пайсці на саступкі, наколькі значныя – гэта мы пабачым. Санкцыі безумоўна маюць свой уплыў.
Лукашысты не думалі, што Еўропа пойдзе на ўвядзенне рашучых эканамічных санкцый. У Мінску разлічвалі, што Захад спыніцца на выказванні крытыкі ды заклапочанасці. Гэтым разам ЕС праняў больш жорсткія меры, хаця яны далёка не поўныя, бо не ўводзяць поўнае ды неадкладнае эмбарга лукашэнкаўскай Беларусі. Магчымасці пастаўляць ключавы тавары, як большасць калійных угнаенняў ды аўтамабільнае паліва, застаюцца. Цяпер беларускія ўлады шукаюць спосабу, як залагодзіць Еўропу без выканання ключавых патрабаванняў, якімі ёсць спыненне палітычных рэпрэсій, вызваленне палітвязняў, пакаранні сілавікоў ды новыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.
Юры Ліхтаровіч