Пратэсты, якія пачаліся ад патрабавання панізіць цэны на газ, перараслі ў палітычныя. Надоечы было паведамлена пра 164 загінулых у Казахстане. Аднак выглядае на тое, што сітуацыя стабілізуецца, пратэсты брутальна падаўленыя.
Ці гэта канец рэвалюцыі? А можа не было ніякай рэвалюцыі, а толькі лакальныя пратэсты з эканамічнымі патрабаваннямі, якія былі выкарыстаныя ў барацьбе двух кланаў: былога прэзідэнта Нурсултана Назарбаева і людзей цяперашняга прэзідэнта Касыма-Жамарта Такаева.
Паводле словаў палітолага Паўла Усава, дрэнны стан здароўя шматгадовага кіраўніка краіны Нурсултана Назарбаева выклікаў актыўнасць розных кланаў, якія змагаюцца за ўладу.
- Ключавым гульцом гэтага канфлікту быў Камітэт нацыянальнай бяспекі (адпаведнік беларускага КДБ). Яго кіраўнікі выкарысталі пратэсты дзеля пашырэння ціску на Такаева, каб ён не стаў надта самастойным. Ёсць сведчанне таго, што сілавікамі кіравалі. Яны сыходзілі са стратэгічных пунктаў, дазволілі захапіць аэрапорт. Гэтыя працэсы ішлі пад кантролем саміх казахскіх спецслужбаў. Таксама сведчаннем таго, што ідзе барацьба паміж кланамі ўлады, стаў арышт старшыні КНБ і яго намесніка.
Якія ўрокі для беларускага кіраўніцтва вынікаюць з пратэстаў у Казахстане? Ці гэта можа нейкім чынам паўплываць на планы А. Лукашэнкі аб правядзенні канстытуцыйнага рэферэндума? Як паказаў Казахстан, транзіт улады пераемніку або пераемнікам можа закончыцца барацьбой паміж двума цэнтрамі ўлады. Беларусь выслала сваіх вайскоўцаў у Казахстан для разгону пратэстаў. Ці так званыя міратворцы АДКБ былі патрэбныя? Ці гэта была проста добрая нагода, каб паказаць сілу і рашучасць У. Пуціна, ды і Лукашэнкі таксама?
Слухайце аўдыё
нг