Беларуская Служба

Працягваюццa дыпламатычныя намаганні па зніжэнні напружанасцi вакол Украіны

15.02.2022 14:21
Сёння ў Маскве ад імя Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе пра ўкраінска-расійскі крызіс размаўляў кіраўнік польскай дыпламатыі Збігнеў Рау.
Аўдыё
  • Працягваюць дыпламатычныя намаганні па зніжэнні напружанасці вакол Украіны
  i  .
Збігнеў Рау i Сяргей Лаўроў.Foto: PAP/EPA/RUSSIAN FOREIGN AFFAIRS MINISTRY / HANDOUT HANDOUT

У Маскве адбылася сустрэча кіраўнікоў дыпламатыі Польшчы і Расіі. Збігнеў Рау, які прыбыў у Расію ў якасці старшыні АБСЕ, размаўляў, між іншым, пра ролю Расійскай Федэрацыі ў гэтай арганізацыі і пра сітуацыю вакол Украіны. Гэта першы візіт кіраўніка польскай дыпламатыі ў Маскве за апошнія 10 гадоў.

Не змяншаецца напружанне вакол Украіны, звязанае з канцэнтрацыяй расійскіх войскаў уздоўж межаў гэтай краіны. Крыніцы ў замежнай выведцы папярэджваюць, што Расія можа атакаваць «у любы момант».

Учора ўвечары з'явілася інфармацыя, што расійскія войскі, размешчаныя каля межаў Украіны, «перагрупаваліся на пазіцыі для наступу». Аднак, па словах прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША, прэзідэнт Уладзімір Пуцін яшчэ не прыняў канчатковага рашэння па гэтай справе.

У сваю чаргу сёння прэс-сакратар Мінабароны Расіі Ігар Канашэнкаў заявіў, што расійскія войскі пасля заканчэння вучэнняў пачалі загрузку тэхнікі і вяртаюцца ў свае гарнізоны. Гаворка ідзе пра сілы Паўднёвай і Заходняй ваеннай акругі. Аднак у якіх рэгіёнах пачалося адступленне войскаў – не ўдакладняецца.

Нагадваем, Расія сабрала больш за 100 тысяч вайскоўцаў ля мяжы з Украінай, у тым ліку ў Беларусі. Краіны Захаду асцерагаюцца магчымай агрэсіі, а Масква паслядоўна запэўнівае, што такіх планаў няма, але адначасова патрабуе ад ЗША і НАТА «гарантый» таго, што альянс не пашырыцца на Украіну і выведзе сваю інфраструктуру з усходняга фангу.

Краіны НАТА і ЗША заявілі, што ў выпадку нападу Расіі на Украіну яны не застануцца пасіўнымі і ўвядуць супраць Расіі жорсткія санкцыі, адначасова сусветныя лідары і дыпламаты праводзяць інтэнсіўныя перамовы ў Кіеве і Маскве.

Учора ў Маскву прыляцеў кіраўнік польскай дыпламатыі, каб, як старшыня АБСЕ, размаўляць пра ролю Расіі ў гэтай арганізацыі, у тым ліку, пра сітуацыю вакол Украіны.

Збігнеў Рау (Zbigniew Rau)адзначыў, што Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе была створана для забеспячэння і падтрымкі міру ў Еўропе:

- Згаданая арганізацыя дзейнічае ўжо амаль 50 гадоў і за гэты час, нават у складаных умовах, ёй атрымлівалася падтрымліваць мір у Еўропе. У сувязі з гэтым, як членскія краіны, так і кіраўніцтва арганізацыі павінны зрабіць усё магчымае, так працягваць асноўную задачу арганізацыі нават у асабліва складаныя часы.

Пасля сустрэчы з кіраўніком расійскай дыпламатыі Сяргеем Лаўровым міністр Збігнеў Рау заявіў, што прадставіў ініцыятыву новага дыялога па еўрапейскай бяспецы:

- Сітуацыя вакол Украіны застаецца складаная і пагражае далейшай эскалацыяй. Польскае старшынства ў АБСЕ прадпрымае любыя дзеянні, каб прадухіліць далейшы рост і зменшыць цяперашняе напружанне.

Паводле польскага міністра, адзіны выхад з цяперашняга крызісу вакол Украіны – дыпламатыя. Для гэтага будзе створана новая платформа для дыялогу на ўзроўні АБСЕ:

- Яе мэта мінімізаваць рызыку канфрантацыі і ўмацаваць бяспеку і стабільнасць на тэрыторыі АБСЕ. Мы спадзяемся, што згаданая ініцыятыва дазволіць лепш зразумець пазіцыі ўсіх бакоў і павысіць эфектыўнасці прадбачання дзеянняў.

Збігнеў Рау дадаў, што новая платформа для дыялогу таксама накіравана на ўмацаванне трох фундаментальных прынцыпаў бяспекі ў Еўропе – комплекснага падыходу да бяспекі, непадзельнасці бяспекі і мірных адносін паміж дзяржавамі. Кіраўнік польскай дыпламатыі таксама выказаў надзею, што расійскі бок падключыцца да гэтага праекта і ўнясе ў яго свой істотны ўклад.

Сяргей Лаўроў сказаў, што размова з польскім міністрам была карыснай. Ён дадаў, што бакі сышліся ў меркаванні, што для поўнага выканання мінскіх дамоўленасцей па сітуацыі на Данбасе няма альтэрнатывы.
Сяргей Лаўроў дадаў, што дыялог паміж Кіевам, Данецкам і Луганскам павінен быць забяспечаны.

Паводле кіраўніка расійскай дыпламатыі, адна з задач, якія стаяць перад АБСЕ – выпрацаваць адзіную пазіцыю ў пытаннях еўрапейскай бяспекі. Аднак нельга пагадзіцца з пазіцыяй Заходніх краінаў, што любая дзяржава можа ўступаць у любыя саюзы:

- Гэта не так, як прадстаўляюць нашыя калегі з Захаду, што кожная краіна мае права выбіраць сабе саюзы. Яны ўжо не ўспамінаюць, што нельга гэта рабіць за кошт бяспекі іншых дзяржаваў.

Кіраўнік МЗС Расіі, яшчэ раз пракаментараваў ваенныя манеўры, якія зараз праводзяць у Расіі і Беларусі:

- Адносна манеўраў, якія Расія зараз праводзіць на сваёй тэрыторыі і паводле сваіх планаў. Яны пачынаюцца, праводзяцца і заканчваюцца. Мы пра гэта неаднойчы гаварылі. Таксама манеўры, якія праходзяць на Захадзе краіны і на Далёкім Усходзе. Тое ж тычыцца таксама вучэнняў, якія праводзяцца сумесна з Беларуссю, паводле раней запланаванага графіка. Гэта адбываецца незалежна ад таго, хто што пра гэта думае, хто раскручвае істэрыю, а таксама хто і па якой прычыне накручвае інфармацыйны тэрарызм.

Тым часам Захад здаецца не давярае запэўніванням Масквы. Пасля свайго ўчорашняга візіту ў Кіеў сёння на размовы ў Расію накіраваўся таксама канцлер Германіі. Олаф Шольц яшчэ перад сустрэчай з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным чарговы раз выказаўся за «падвойную стратэгію» ў адносінах да Масквы. З аднаго боку ён казаў пра непахісную пазіцыю краін НАТА, а з другога – пра адначасовае выкарыстанне ўсіх даступных дыпламатычных каналаў у размовах з Расіяй. Нямецкія назіральнікі падкрэсліваюць, што раней Олаф Шольц ухіляўся ад ясных дэкларацый аб Nord Stream 2. СМІ нагадваюць пра асаблівыя адносіны паміж нямецкім бізнесам і Расіяй.

У Кіеў, а затым у Маскву накіроўваецца таксама міністр замежных спраў Італіі. Пакуль аднак невядома ці Луіджы Ды Майо будзе сустракацца з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, ці толькі з кіраўніком расійскай дыпламатыі Сяргеем Лаўровым. Нагадваем, некалькі дзён таму кіраўнік італьянскага ўраду Марыё Драгі заявіў, што Італія цалкам пагаджаецца на вельмі жорсткія санкцыі супраць Расіі, калі яна ўварвецца ва Украіну.

У сваю чаргу сёння ў Еўропу адпраўляецца амерыканскі міністр абароны Лойд Осцін, які плануе размаўляць з кіраўнікамі ваенных структур НАТА, а таксама з прэзідэнтамі Польшчы і Літвы, міністрамі абароны Эстоніі і Латвіі.

У сваю чаргу ўчора прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі заклікаў Маскву зрабіць крок назад. Барыс Джонсан таксама размаўляў з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Пагроза расійскага ўмяшання ва Украіну будзе галоўнай тэмай сустрэч НАТА і Еўрасаюза на гэтым тыдні.

Між тым расійская Дума прапануе, каб Расія афіцыйна прызнала акупаваныя сепаратысцкія рэспублікі на Данбасе.

IAR/аз