Беларуская Служба

Вайна ва Украіне: з шасці пастаўленых мэтаў Пуцін мае шанцы дабіцца толькі дзвюх

07.04.2022 11:02
Мэта нумар адзін – адабраць у Украіны ды ўзяць пад татальны кантроль Данбас.
,
Данбас, Украінафота: commons.wikimedia.org/wiki/File:Map_of_Donbas_region.svg

Расія прайграла бітву за Кіеў, але расійская агрэсіўная вайна ва Украіне, паводле меркавання камандавання НАТА, можа працягвацца яшчэ доўга. Якія стратэгічныя мэты ставіць перад сабой Уладзімір Пуцін? Партал Onet.pl публікуе разважанні ваеннага гісторыка, прафесара Ерусалімскага ўніверсітэту Марціна Ван Крэвельда.

На яго думку, мэта нумар адзін – адабраць у Украіны ды ўзяць пад татальны кантроль Данбас. Як адзначыў Ленін у апошнія гады свайго жыцця, Данбас мае велізарны прамысловы патэнцыял з-за вялікіх запасаў вугалю і жалезнай руды. З усіх ваенных мэтаў Пуціна тут найбольшыя шанцы на рэалізацыю.

Мэта нумар два – забяспечыць наземнае злучэнне Расіі з Чорным морам. Вырашэнню гэтай праблемы істотна паспрыяла б акупацыя калідора паміж Марыупалем і Крымам. Такі калідор таксама істотна ўскладніў бы любыя будучыя спробы Украіны вярнуць Крым. Гэтая мэта таксама ў межах дасяжнасці Пуціна.

Мэта нумар трэцяя – гарантаваць, што любы будучы ўрад Украіны заўсёды будзе служыць інтарэсам Расіі. У цяперашняй сітуацыі гэтая мэта амаль напэўна не будзе дасягнутай.

Па-чацвёртае, нельга забываць, што Расія без Украіны – гэта дзяржава, а Расія з Украінай – імперыя. Пуцін кажа, што развал Савецкага Саюзу быў самай вялікай катастрофай. Гэта не мяняе таго факту, што і чацвёртай мэты Пуцін не дасягне.

Пятая мэта – прызнанне, якога Расія, на думку Пуціна, заслугоўвае сваім памерам, магутнасцю, развіццём і культурай. Расіянам не падабаецца, што Захад недаацэньвае і грэбуе Расіяй, бачыць у ёй адсталую краіну, у якой адсутнічае як належная ўлада, так і шматлікія выгоды цывілізаванага жыцця. Гэтая мэта не будзе дасягнутая.

Шостая задача непасрэдна звязаная з папярэдняй. Гэта пачэснае месца ў гісторыі Уладзіміра Пуціна, як пераемніка Аляксандра Неўскага, Пятра Вялікага, Кацярыны Вялікай і Сталіна. З усіх мэтаў Пуціна, гэтай ён на 100% не зможа дасягнуць.

нг