Беларуская Служба

У Варшаве прайшла канферэнцыя «Люблінскай чацвёркі», у склад якой уваходзіць і Беларусь

28.10.2022 18:02
Гэта платформа супрацы інтэлектуалаў, палітыкаў ды грамадскіх дзеячаў Літвы, Украіны, Польшчы і Беларусі. 
Аўдыё
  • Канферэнцыя "Люблінскай чацвёркі"
:
фота:Studium Europy Wschodniej (print screen)

Польшча імкнецца да блізкай супрацы з краінамі-суседзямі. Некалькі гадоў таму нарадзіўся палітычны праект «Люблінскі трыкутнік», у рамках якога адбываюцца сустрэчы высокапастаўленых палітыкаў Польшчы, Літвы і Украіны, а праз нейкі час было вырашана далучыць да больш нефармальнай супрацы таксама прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі. І паявілася «Люблінская чацвёрка». 

У верасні 2020 года быў створаны фармат, які назвалі «Люблінскі трыкутнік». Гэта была ініцыятыва Літвы, дзе ў прэзідэнцкім палацы прайшоў першы форум, прысвечаны супрацы краін, якія на працягу вякоў жылі разам і выпрацавалі вельмі блізкія адносіны – Польшчы, Літвы ды Украіны. Па ідэі, да гэтай платформы павінна з часам далучыцца Беларусь. І так сталася, у 2021 годзе ў другім паседжанні «Люблінскага трыкутніка» прымала ўдзел Святлана Ціханоўская.

А ў пятніцу, 28 кастрычніка, у Варшаве прайшла канферэнцыя пад назваю «Люблінская чацвёрка». У адрозненні ад «Люблінскага трыкутніка», які з’яўляецца палітычным праектам, «Люблінская чацвёрка» – гэта грамадскі праект, які яднае інтэлектуалаў, палітыкаў ды грамадскіх дзеячаў. Арганізатары намераны ўключыць у супрацу прадстаўнікоў Беларусі. На дадзены момант, калі Беларусь дэ-факта акупаваная расійскімі войскамі, а рэжым Лукашэнкі не толькі змагаецца з уласным народам, але таксама супрацоўнічае з акупантамі, у фармат супрацы запрошаныя прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, аб чым казаў дырэктар Studium Europy Wschodniej (Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў) Варшаўскага ўніверсітэту Ян Маліцкі.

- Каб, апрача «Люблінскага трыкутніка», які з’яўляецца выключна палітычным праектам, зірнуць на супрацу з нашымі суседзямі не толькі праз палітычную прызму, але шырэй – у навуковым, інтэлектуальным, грамадскім аспекце. І зрабіць нешта, чаго не маглі зрабіць міністры ці прэм’еры – запрасіць беларускіх калег – прадстаўнікоў грамадскасці. Было дамоўлена, што на афіцыйных сустрэчах будзе прыняты прынцып пустога крэсла – калі будзе ўдзельнічаць польскі прэм’ер-міністр ці прадстаўнік парламенту Польшчы, Літвы і Украіны, то чацвёртае крэсла будзе пустым – будзе чакаць дэмакратычна абранага прадстаўніка Беларусі. Такім чынам, пакуль што «Люблінская чацвёрка» дзейнічае на ўзроўні грамадскім, а не дзяржаўным.

З прамовай на тэму польскай усходняй палітыкі на працягу апошніх трыццаці гадоў выступіў польскі палітык, дыпламат і публіцыст Ежы Марэк Навакоўскі. Ён згадаў, што на пачатку 90-ых гадоў важнейшым вектарам польскай палітыкі былі старанні аб далучэнні да структур еўраатлантычнай бяспекі. Усходняя палітыка адышла на другі план, але былі захады па ўмацаванні незалежнасці постсавецкіх дзяржаў. У сваю чаргу Расія рабіла ўсё магчымае, каб не дапусціць пашырэння НАТА.

- Расія хацела мець вакол сябе два колы дзяржаў. Першае – блізкае замежжа: краіны – цалкам залежныя ад Расіі, і другое – раззброеныя дзяржавы, якія былі б буферам бяспекі. Гэта не ўдалося, у 1999 годзе НАТА пашыраецца, а адносіны Польшчы з Расіяй становяцца ледзянымі. У абшары расійскага ўплыву застаюцца Беларусь, Украіна, Малдова, Паўднёвы Каўказ. Польшча старалася пераканаць грамадствы гэтых дзяржаў далучыцца да заходняй цывілізацыі, а з другога боку пераканаць Расію, што Польшча не з’яўляецца зацятым ворагам Расіі. На жаль, усходняя палітыка на пачатку 2000 гадоў адышла на другі план, а менавіта тады Расія пачала інтэнсіўна адбудоўваць сваю імперыю. Пасля 2014 года, калі Расія захапіла Крым, польская палітыка зноў пачала займацца ўсходам, але нам яшчэ не ўдалося запоўніць прабел, які паўстаў раней, на пачатку 21-га стагоддзя.

Заснавальнік беларускага Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч выступіў у абарону польскай палітыкі ў адносінах Беларусі. На ягоную думку, Польшча зрабіла вельмі шмат, каб бараніць беларускую грамадзянскую супольнасць, праваабаронцаў, незалежныя СМІ. Сярод стратэгічных праектаў ён назваў тэлебачанне «Белсат» і праграму Кастуся Каліноўскага. Дзякуючы Польшчы рыхтуюцца кадры для дэмакратычнай Беларусі.

- Я, пры падтрымцы Студыюм Усходняй Еўропы, працую над падрыхтоўкай менеджараў для будучай Беларусі, каб яны былі гатовыя да правядзення рэформаў. Былі розныя этапы палітыкі Польшчы ў адносінах Беларусі, але заўсёды была падтрымка дэмакратычных памкненняў. Былі таксама спробы realpolitik, яны не ўдаліся, паколькі Лукашэнка іх выкарыстаў, каб паказаць спіну Маскве, каб яна спужалася і дала яшчэ больш датацыяў. Цяпер нам вельмі балюча, што рэжым падтрымаў агрэсію Расіі супраць Украіны. Але я ведаю, што Украіна пераможа, і гэта для нас прыклад – трэба вучыцца ў украінцаў. Аднак мы замала робім для Новай дэмакратычнай Беларусі. Ці Беларусь абярэ дэмакратычны шлях? Над гэтым трэба працаваць, паколькі беларусам не хапае веры ў саміх сябе. Не трэба чакаць дэмакратычных перамен, каб працаваць над умацаваннем гістарычнай свядомасці і роднай мовы. Мы стараемся гэта рабіць. Пуціна не будзе, але на яго месца можа прыйсці яшчэ горшы, і расійская імперскасць не знікне.

Аляксандр Мілінкевіч прапануе пашыраць перш за ўсё праграмы развіцця нацыянальнай свядомасці беларусаў у супрацьвагу афіцыйнай гістарыяграфіі, якая нічым не адрозніваецца ад крамлёўскай.

нг