Беларуская Служба

НАТА дае Украіне дадатковыя гарантыі бяспекі

01.06.2023 16:03
Вайна ва Украіне стала галоўнай тэмай нефармальнага саміту з удзелам міністраў замежных спраў краін Альянсу на сустрэчы ў Осла.
Аўдыё
  • НАТА абмяркоўвае гарантыі бяспекі для Украіны
Ілюстрацыйны здымакEPA/Lise Aserud / POOL NORWAY OUT Dostawca: PAP/EPA.

Вайна ва Украіне, а таксама сяброўства Швецыі ў НАТО сталі галоўнымі тэмамі сустрэчы міністраў замежных спраў НАТО, якая пачалася сераду ў Нарвегіі. Гэта неафіцыйная сустрэча, таму ніякіх рашэнняў не было прынята. Пра гэта заявіла міністр замежных спраў Нарвегіі Анікен Хуітфэльдт.

- Гэтай ноччу ва Украіне былі забітыя дзеці. Гэта важны напамін для нас усіх, што трэба павялічыць вайсковую падтрымку для Украіны, каб яны маглі вызваліць сваю краіну. Апроч таго настаў час для Швецыі далучыцца да НАТА, яны доўга чакалі, іх прысутнасць патрэбна Альянсу, яна ўзмацніць арганізацыю.

Міністэрская сустрэча пачалася ў Осла з цырымоніі ўшанавання памяці ахвяр тэракту, учыненага ў Нарвегіі 12 гадоў таму экстрэмістам Андэрсам Брэйвікам. Нягледзячы на тое, што гэта нефармальная сустрэча, гэта таксама адна з апошніх сустрэч перад ліпеньскім самітам у Вільні, дзе павінны быць прыняты важныя для Еўропы рашэнні. Адно з іх далучэнне Украіны да НАТА.

Генеральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг падчас перамоў у Осла заявіў, што Украіна стане сябрам Альянсу, таму што на гэта папярэдне пагадзіліся ўсе краіны-сябры. Калі гэта можа адбыцца, пакуль невядома.

Кіраўнік NATO нагадаў, што краіны Альянсу хочуць даць Украіне дадатковыя гарантыі бяспекі. Справа ў тым, што ў будучыні Кіеў зможа абараніць сябе ад магчымых наступных нападаў з боку Расіі.

- «Мы не можам дапусціць паўтарэння гісторыі, калі гэтая вайна скончыцца. Гэтую бясконцую мадэль расійскай агрэсіі супраць Украіны трэба спыніць. Таму трэба выпрацаваць аснову гарантый бяспекі Украіны пасля вайны, каб гісторыя не паўтарылася».

Апроч перамоў па Украіне, міністры абмяркоўвалі далейшае ўмацаванню ўсходняга флангу NATO. Пра гэта распавёў міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў.

- Трэба зрабіць, каб канцэпцыя «ані метра тэрыторыі НАТА» стала магчымай да рэалізацыі з вайсковага ды лагістычнага пункту гледжання.

Міністры замежных спраў краін НАТА таксама абмяркоўвалі ўступленне Швецыі ў NATO, якое блакуюць Турцыя і Венгрыя. У Осла прагучалі абяцанні, што цягам чэрвеня Анкара дасць згоду на далучэння Стакгольму да Паўночнаатлантычнага альянса. НАТА павінна захаваць адзінства, сказаў у Осла Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

- Гэта важны крок перад самітам НАТА ў Вільні, які будзе за месяц. Перад намі шмат важных спраў. У першую чаргу ідзецца пра падтрымку Украіны, якая змагаецца з расійскай агрэсіяй ужо больш за год. Мы павінны таксама ўмацоўваць нашу абарончую здольнасць, прыцягваць новыя краіны ў сябры НАТА. Галоўнае, што мы захавалі адзінства і дэманструем салідарнасць перад абліччам расійскай агрэсіі. Мы будзем ціснуць на Расію, падтрымліваць Украіну ды ўмацоўваць наш хаўрус.

Украіна, Швецыя ў НАТО і ўзмацненне ўсходняга флангу Альянсу — такія асноўныя тэмы сустрэчы міністраў замежных спраў краін НАТА, якая прайшла ў Осла. ЗША ды краіны Заходняй і Цэнтральнай Еўропы хочуць ў бліжэйшы час распрацаваць доўгатэрміновы план рэфармавання ўкраінскай арміі. Гэта прадугледжвае як абмен тэхнікай і боепрыпасамі, так і змены ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні і сістэматычную падрыхтоўку ўкраінскіх вайскоўцаў.

Юры Ліхтаровіч