Беларуская Служба

Прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў закон аб гэтак званай дэрусіфікацыі

02.06.2023 10:11
Кіраўнік польскай дзяржавы паясняе, што з расійскімі ўплывамі на розным узроўні змагаюцца многія краіны ў Еўрасаюзе.
Аўдыё
  • Прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў закон аб гэтак званай дэрусіфікацыі
         -.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на сустрэчы з жыхарамі гарадка Полчын-Здруй.PAP/Marcin Bielecki

Закон аб стварэнні Дзяржаўнай камісіі па вывучэнні расійскіх уплываў на ўнутраную бяспеку Рэспублікі Польшча ў 2007–2022 гг. падзяліў польскае грамадства, не ўспамінаючы пра палітычную сцэну ў краіне. Прадстаўнікі апазіцыі б’юць трывогу, што гэта пагроза дэмакратыі. У сваю чаргу кіроўныя правыя сілы паясняюць, што найбольшую пагрозу дэмакратыі ў Польшчы ўяўляе сабой не камісія, а расійскія уплывы.

29 траўня 2023 года стаў знакавай датай у гісторыі працэсу «дэрусіфікацыі» Польшчы, а нават і Еўропы. У гэты дзень прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў Закон аб стварэнні Дзяржаўнай камісіі па вывучэнні расійскіх уплываў на ўнутраную бяспеку Рэспублікі Польшча ў 2007–2022 гг. У прыватнасці згаданая камісія павінна займацца расследаваннем уздзеяння расійскіх уплываў на палітычную і эканамічную прасторы ў Польшчы. У задуме аўтараў, закон павінен перашкодзіць расійскім агентам праводзіць у Польшчы аперацыі, якія адпавядаюць інтарэсам Масквы:

- Шаноўнае спадарства, ні ў Польшчы, ні ў Еўропе, ні ў свеце – не сакрэт, што Расія, расійскі ўрад на працягу шматлікіх гадоў спрабуе рознымі метадамі ўплываць на палітыку іншых краінаў; каб паставіць іх у залежнасць ад сябе, дамагчыся спрыяльных для Расіі рашэнняў, таксама ў сферы бізнесу; каб панаваць над іншымі дзяржавамі. Мы гэта дасканала ведаем, таксама з нашай гісторыі. У гэтым ніхто не сумняваецца. Зараз такія пытанні абмяркоўваюцца ў розных краінах. Гаворка ідзе пра расійскі ўплыў на выбарчыя кампаніі. Такія дэбаты вядуцца даўно, напрыклад, у ЗША, дзе прыводзяцца розныя доказы. Дэбаты на гэтую тэму вядуцца таксама ў Францыі, Германіі і шэрагу іншых краінаў свету.

Прэзідэнт Анджэй Дуда нагадаў таксама пра справаздачы, паводле якіх Расія выдаткоўвае сотні мільёнаў долараў на тое, каб нефармальным чынам пашыраць свой уплыў, лабіяваць розныя інтарэсы; карысныя для сябе палітычныя і эканамічныя рашэнні. На думку прэзідэнта, гэта, між іншым, уплыў расійскіх агентаў у Еўропе і свеце прывёў да агрэсіі рашыстаў ва Украіне.

- Расійскія ўплывы, якія прыводзяць да шэрагу ўзрушэнняў, вынікам якіх – на маю, але не толькі на маю думку – з’яўляюцца: цяперашняя вайна ва Украіне і, між іншым, энергетычныя праблемы Еўропы – гэта факты. Цяпер я не сумняваюся, што яны патрабуюць расследавання.

Кіраўнік польскай дзяржавы лічыць, што «дэрусіфікацыю» можна і трэба праводзіць не толькі ў Польшчы, але і ў Еўропе. Пра гэта прэзідэнт Дуда размаўляў з прэм’ерам Матэвушам Маравецкім:

- У апошнія дні я размаўляў з прэм'ерам Матэвушам Маравецкім, бо я лічу, што цяпер мы можам дамагчыся высвятлення гэтага пытання таксама на еўрапейскім узроўні. Я яшчэ раз хачу паўтарыць, што гэтая праблема назіралася і назіраецца ў розных краінах Еўропы, я маю на ўвазе краіны Еўрасаюза. Гэтым пытаннем займаюцца, у тым ліку следчыя камісіі ў розных дзяржавах. Такая камісія дзейнічае ў Францыі(…), ёсць камісія па пытаннях Nord Stream – створаная ў Мекленбургу-Пярэдняй Памераніі ў Германіі. (…) На маю думку, такую камісію, такі орган трэба стварыць і на еўрапейскім узроўні, каб вывучаць расійскія ўплывы таксама ў еўрапейскіх інстытутах. З пункту гледжання нашых інтарэсаў, інтарэсаў нашай часткі Еўропы, гэтае пытанне надзвычай важнае, бо, напрыклад, гэта тычыцца будаўніцтва газаправодаў Nord Stream 1 і Nord Stream 2, якія ж патрабавалі ўзгаднення на еўрапейскім узроўні(…). Я з’вярнуўся да прэм’ер з просьбай падняць гэтае пытанне на форуме Еўрапейскай рады, дзе збіраюцца вядучыя лідары краінаў Еўрасаюза.

Як пераконвае Анджэй Дуда, гарантыяй захавання прынцыпаў дэмакратыі зʼяўляецца празрыстасць рашэнняў у публічнай прасторы:

- Для мяне абсалютна ключавая празрыстасць высвятлення важных пытанняў грамадска-палітычнага характару. Я думаю, што менавіта грамадская думка павінна фармаваць сваё меркаванне пра тое, як дзейнічаюць розныя яе прадстаўнікі, у тым ліку тыя, якія былі абраныя на ўсеагульных выбарах і, якім былі давераныя вельмі важныя дзяржаўныя пасады. Грамадская думка мае права ведаць, як іх прадстаўнікі выконвалі свае абавязкі, ці і як яны разумелі інтарэсы Польшчы, ці насамрэч яны належным чынам іх абаранялі. Грамадская думка павінна пераканацца ў гэтым непасрэдна. Гэта маё меркаванне.

Гэта гістарычнае рашэнне і форма абароны польскіх інтарэсаў пераконвае галоўны рэдактар выдання «Gazeta Polska» Тамаш Сакевіч:

- Гэта важнае і сапраўды гістарычнае рашэнне. З 1989 году, але фактычна, я б сказаў, з моманту падзелаў, Польшча спрабавала пазбавіцца ад расійскага панавання. Расійскае панаванне, пабудаванае недзе на пачатку XVIII стагоддзя ў польскіх элітах, праз агентаў, карупцыянераў ідыётаў і ідэолагаў, стала элементам дзейнасці розных польскіх элітаў на палітычным, дзелавым і медыйным рынку. Гэтая вярхушка потым проста пачала лабіяваць інтарэсы іншых дзяржаў, напрыклад, Германіі, але тыя людзі па-ранейшаму застаюцца вялікай праблемай.(…) Іх не павінна быць у польскім грамадскім жыцці, ім нельга дазваляць працаваць у сферы бізнесу ці на рынку СМІ, а калі так, то мы павінны пра гэта абсалютна ведаць.

Між тым, рашэнне прэзідэнта Анджэя Дуды па справе Дзяржаўнай камісіі, якая будзе займацца «дэрусіфікацыяй» палітычнай і эканамічнай прасторы ў Польшчы, выклікала рашучы супраціў з боку апазіцыі на чале з Дональдам Тускам. Паводле апазіцыйных груповак, згаданы закон – гэта замах на дэмакратыю. Боязі апазіцыі адгукнуліся рэхам таксама ў Расіі, Германіі, а нават ЗША.

Між тым прэзідэнт Анджэй Дуда пераконвае, што найбольшую пагрозу для дэмакратыі ўяўляюць расійскія ўплывы ў Польшчы, а не сама камісія, якая будзе вывучаць расійскія дзеянні падчас улады розных партыяў у 2007-2022 гадах – ад урадавай кааліцыі «Грамадзянская платформа» – Польская сялянская партыя па кааліцыю «Абʼяднаных правых сілаў» на чале з партыяй «Права і справядлівасць».

ар/аз

МЗС Польшчы: Праца Камісіі па расійскім уплыве не перашкодзіць выбарам

31.05.2023 15:21
«Праца камісіі не будзе абмяжоўваць магчымасць выбаршчыкаў галасаваць за сваіх кандыдатаў на выбарах. Наадварот, яны забяспечаць грамадству лепшы доступ да інфармацыі па пытаннях, жыццёва важных для нацыянальнай бяспекі», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС Польшчы..