Беларуская Служба

Ігар Тышкевіч: Расіяне падарвалі дамбу на Кахоўскай ГЭС, каб шантажаваць заходнія краіны

06.06.2023 12:20
На думку аналітыка, ім вельмі патрэбнае перамір'е, кожнай цаною. 
Аўдыё
  • Падрыў на дамбе Кахоўскай ГЭС.
   .
Кахоўская ГЭС перад падрывам.Фота: Astanin/Shutterstock

У аўторак раніцай стала вядома, што ноччу расійскія акупанты ўзарвалі дамбу на ўкраінскай Кахоўскай гідраэлектрастанцыі. У выніку пачалося затапленне населеных пунктаў, якія знаходзяцца ніжэй па цячэнні Дняпра. У выніку пачалося рэзкае падзенне ўзроўню вады ў Кахоўскім вадасховішчы. Прадстаўніца аператыўнага камандавання «Поўдзень» Узброеных сілаў Украіны Наталля Гумянюк заявіла, што падрыў закрануў населеныя пункты перш за ўсё на левым беразе Дняпра. Неабходная эвакуацыя жыхароў.

- Расіяне ўзарвалі частку канструкцыі і выкарыстоўваюць чарговую карту тэхнагеннага шантажу. Яны самі пачалі эвакуявацца, калі зразумелі, што зрабілі. У выніку выбуху найбольш пацерпіць левы бераг, паколькі ён у геаграфічным плане знаходзіцца ніжэй. І, адпаведна, большая частка вады, большы маштаб затаплення прыйдзецца менавіта на яго.

У выніку разбурэння дамбы, вада цалкам або часткова затапіла дзясяткі вёсак, затапленне пагражае таксама частцы Херсона. Кіраўнік вайсковай адміністрацыі Херсона Аляксандр Пракудзін паведаміў, што ў найбольш небяспечнай зоне на правым беразе Дняпра знаходзяцца каля 16 тысяч чалавек. З гэтай нагоды прэзідэнт Уладзімір Зяленскі склікаў пазачарговае пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны.

«Узровень вады падымаецца. Усім, хто знаходзіцца ў небяспечнай зоне, неабходна: адключыць усе электрапрыборы, узяць дакументы і самае неабходнае, паклапаціцца пра блізкіх ды хатнюю жывёлу, выконваць указанні ратавальнікаў і паліцыі. Памятайце: вораг спрабуе распаўсюдзіць дэзынфармацыю, каб вызваліць сябе ад адказнасці за чарговае злачынства. Таму карыстайцеся інфармацыяй толькі з афіцыйных крыніц Украіны. Давярайце паліцыі, ратавальнікам і нашым абаронцам», – гаворыцца ў заяве ўкраінскага МУС.

Пры крытычным падзенні вады магчымыя праблемы з функцыянаваннем Запарожскай АЭС. Справа ў тым, што ўзровень вады ў вадасховішчах, якія астуджваюць станцыю, падтрымліваецца дзякуючы вадзе з Дняпра. Украінскі «Энергаатам» паведаміў, што ён адсочвае сітуацыю разам з іншымі міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку МАГАТЭ (Міжнароднае агенцтва атамнай энергетыкі). Генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі папярэдзіў аб наступствах тэракту.

- Адсутнасць ахаладжальнай вады ў асноўных сістэмах водазабеспячэння на працягу доўгага перыяду часу прывядзе да расплаўлення паліва і выхаду з ладу аварыйных дызель-генератараў. У дадзены момант рызыка расплаўлення невысокая, а МАГАТЭ сочыць за сітуацыяй.

Падрыў дамбы адбыўся на фоне паведамленняў пра пачатак контрнаступальных дзеянняў украінскіх узброеных сілаў на фронце расійска-украінскай вайны. Расійскія СМІ абвінавачваюць у падрыве Украіну. Аднак гэта вельмі малаверагодна, паколькі станцыя знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў, а ўкраінцы не маюць адпаведна магутнага ракетнага і артылерыйскага ўзбраення. Тым больш, што пра мініраванне дамбы паведамлялі ўжо некалькі разоў раней. Такім чынам, Расія імкнецца дабіцца спынення баявых дзеянняў, праз шантаж еўрапейскіх дзяржаў (палохаючы, напрыклад катастрофай на АЭС), каб тыя націснулі на афіцыйны Кіеў. Расія хоча часовага спынення вайны і фіксацыі за сабою захопленай тэрыторыі, – мяркуе аналітык Украінскага Інстытуту Будучыні Ігар Тышкевіч.

- Для Расіі вельмі важны этап замарожвання канфлікту. Экалагічная катастрофа ў фармаце «хай украінцы ратуюць сваіх людзей» ім цалкам падыходзіць. Шантаж Захаду з пункту гледжання ядзернай катастрофы на запарожскай АЭС ім таксама цалкам падыходзіць. У такім выпадку Крэмль атрымлівае шанец выхаду з вайны – перамір'е, замарожванне. Далей заходнія краіны будуць вельмі насцярожана ставіцца да фармату ўзнаўлення баявых дзеянняў. У большасці канфліктаў так і адбывалася ў 20-21 стагоддзях. Дарэчы, такім кейсам Расія ўжо шантажавала свет – першы шантаж катастрофай на ЗАЭС пачаўся ў чэрвені 2022 года, ён яшчэ больш узмацніўся ў жніўня і пасля таго, як расіяне збеглі з Харкаўскай вобласці. Калі на гэты шантаж ніхто не паддаўся, тады яны замаўчалі, але зноў падобныя галасы пачалі гучаць бліжэй сакавіка-красавіка. Такім чынам, агульная логіка Расійскай Федэрацыі зразумелая – затапілі частку тэрыторыі, адпаведна, частку войскаў яны могуць адтуль зняць і адправіць на ўзмацненне фронту. А з іншага боку – крычаць пра спыненне агню. Украіна павінна максімальна збіраць і захоўваць дакументацыю, паколькі гэта ваеннае злачынства. А пасля вайны падняць пытанне і кампенсацыі, і прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Ігар Тышкевіч адзначае, што такі падыход да стрымлівання наступу суперніка – праз тэхнагенныя катастрофы – характэрны для Расіі. Напрыклад, дамба ДнепраГЭС была ўзарваная савецкай арміяй у 1941 годзе, у тым жа 41-ым адбыўся выбух дамбы Істрынскага вадасховішча пад Масквой. У лістападзе 2022 года акупанты ўзарвалі мост на Кахоўскай ГЭС. Ва ўсіх выпадках пад пагрозай аказваліся, у першую чаргу, жыхары падкантрольнай расіянам тэрыторыі і ўласныя салдаты. Але ў Расіі гістарычна не лічацца з такімі ахвярамі.

нг