Суд Еўрасаюза пастанавіў, што рэформа польскай судовай сістэмы са снежня 2019 года парушае заканадаўства ЕС. Такім чынам, Суд ЕС падтрымаў скаргу Еўракамісіі з красавіка 2021 года. Між тым, польскі бок пераконвае, што права на такое ўмяшальніцтва ЕС не мае.
Нагадваем, Еўракамісія паскардзілася на тое, што Польшча, уводзячы папраўкі ў закон аб сістэме агульных судоў, закон аб Вярхоўным судзе і некаторыя іншыя законы, парушыла права ЕС. Паводле камісіі, рэформа судовай сістэмы падарвала незалежнасць польскіх суддзяў.
У сваім рашэнні суд у Люксембургу падкрэсліў, што кантроль за захаваннем такіх каштоўнасцяў і прынцыпаў, як вяршэнства права, эфектыўная судовая абарона і незалежнасць судовай сістэмы, цалкам знаходзяцца ў яго кампетэнцыі.
Прэс-сакратар польскага ўраду Пётр Мюлер(Piotr Müller) нагадаў пра пазіцыю Польшчы, якая лічыць, што судовая сістэма з’яўляецца выключнай кампетэнцыяй краінаў-членаў Еўрасаюза:
- Мы пастаянна прытрымліваемся адной пазіцыі – судовая сістэма з’яўляецца кампетэнцыяй краінаў-членаў. Мы будзем абараняць гэтую пазіцыю, паколькі лічым яе ключавой справай.
Віцэ-старшыня кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» заявіў, што рашэнне Суда Еўрасаюза па справе Польшчы незаконнае, паколькі Еўрасаюз не мае кампетэнцыі ўплываць на польскую судовую сістэму. Антоні Мацярэвіч(Antoni Macierewicz) лічыць, што гэта элемент цэнтралісцкіх тэндэнцый, якія дамінуюць у інстытутах ЕС:
- Дамовы ЕС не прадугледжваюць магчымасці кантролю і нагляду за судовай сістэмай членскіх краінаў. Гэта важны элемент дзеяння асяроддзяў, якія імкнуцца пераўтварыць Еўрасаюз у адзіную дзяржаву, дарэчы нямецкую дзяржаву; якія хочуць цэнтралізаваць ЕС і пазбавіць ейных членаў незалежнасці і самастойнасці. Гэта для нас непрымальнае; гэта бяспраўе.
У сваю чаргу, міністр юстыцыі, генпракурор Збігнеў Зёбра (Zbigniew Ziobro) лічыць, што сам Суд Еўрасаюза не заслугоўвае даверу, паколькі праз два гады пасля таго, як французская прэса выявіла, звязаны з ім карупцыйны скандал, Еўрапарламент не высветліў справы:
- Быў выяўлены буйны карупцыйны скандал, звязаны з Судом Еўрасаюза. Таму кожны чарговы вырак, выдаецца ў атмасферы згаданага скандалу. Гаворка ідзе пра падазрэнні ў тым, што прысуды выдаваліся не ў судовай зале, але падчас ранейшых таварыскіх сустрэчаў і паляванняў. Падобным чынам я ўспрымаю і прысуд, датычны Польшчы. Ёсць сумневы, што яго прынялі не суддзі, але палітыкі.
Міністр юстыцыі яшчэ раз падкрэсліў, што дагаворы аб Еўрасаюзе, не даюць яму права ўплываць на судовую сістэму ў краінах-членах:
- Вырак – гэта замах Суда Еўрасаюза на паўнамоцтвы, якіх у яго няма, паводле Дамоваў аб ЕС. Пакажыце нам правілы ЕС, паводле якіх Суд Еўрасаюза мае права вырашаць па справе арганізацыі судовай сістэмы ў членскіх краінах, у тым ліку Польшчы. Такіх палажэнняў няма.
Польскае заканадаўства не патрабуе ніякіх далейшых тэрміновых зменаў пасля рашэння Суда Еўрасаюза, бо гэта тычыцца палажэнняў, якія ўжо не дзейнічаюць, паколькі былі змененыя адпаведнымі папраўкамі, пераконвае ў сваю чаргу міністр па справах Еўрасаюза Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк(Szymon Szynkowski vel Sęk).
Змены, унесеныя ў спрэчныя палажэнні, у аспекце іх згоднасці з Асноўным законам у канцы чэрвеня павінен разглядаць Канстытуцыйны суд.
Міністр адзначыў, што польскі бок спадзяваўся падобнага рашэння Суда Еўрасаюза, аднак сумневы выклікае адзін з яго элементаў. Гаворка ідзе пра тое, што паводле Суда Еўрасаюза, інфармацыя пра сяброўства суддзяў у асацыяцыях і фондах парушае іх права на прыватнасць:
- Гэта здзіўляе, паколькі члены самога Суда Еўрасаюза абавязаныя паведаміць, сябрамі якіх асацыяцыяў і фондаў яны з’яўляюцца. Гэтую справу мы прааналізуем падрабязна, каб высветліць адкуль узяўся менавіта такі падыход Суда Еўрасаюза ў дачыненні да Польшчы. Гэта выклікае сумневы.
Нагадваем, у Закон аб агульных судах і Вярхоўным судзе былі ўнесены змены, а Дысцыплінарная палата – скасаваная. Ад студзеня 2023 года кампетэнцыі Дысцыплінарнай палаты былі перададзеныя Вышэйшаму адміністрацыйнаму суду. У сваю чаргу прэзідэнт Анджэй Дуда накіраваў папраўкі ў Канстытуцыйны суд у парадку прэвентыўнага кантролю.
Рашэнне Суда Еўрасаюза зараз аналізуецца польскім урадам, але, паводле ўрадавых экспертаў, ужо бачна, што некаторыя абвінавачанні неактуальныя, а частку парушэнняў, на якія паказвае Суд Еўрасаюза, можна вырашыць шляхам ажыццяўлення папраўкі ў Закон аб Вышэйшым судзе.
Міністр Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк таксама падкрэсліў, што Суд Еўрасаюза не падтрымаў часткі абвінавачванняў Еўракамісіі, між іншым, аб адсутнасці незалежнасці Палаты надзвычайнага кантролю і грамадскіх спраў.
Нагадваем, з моманту вынясення прысуду Польшчы перасталі налічвацца штодзённыя фінансавыя штрафы. Тым не менш, штраф налічаны да гэтай пары, краіна павінна выплаціць. Агульны памер налічанага да гэтай пары штрафу склаў 556 мільёнаў еўра. Гэтыя сродкі вылічваюцца з фондаў ЕС для Польшчы. Штраф, накладзены на Польшчу, быў адным самых высокіх у гісторыі ЕС. Польскі бок лічыць, што краіну аштрафавалі неабгрунтавана.
IAR/аз