Варшаўскі ваяводскі адміністрацыйны суд 31 мая вынес рашэнне аб спыненні здабычы бурага вугалю на шахце «Тураў». Скарга па гэтай справе была пададзеная чэшскім і нямецкім аддзяленнямі «Грынпіс», а таксама трыма нямецкімі грамадскімі арганізацыямі, у тым ліку з гораду Цытаў. Яны выступаюць супраць дзейнасці шахты, сцвярджаючы, што аб’ект пагражае навакольнаму асяроддзю. Польскі ўрад абвяргае згаданыя абвінавачанні. А дзяржаўная Польская энергетычная група, якая з’яўляецца ўладальнікам шахты, заявіла, што будзе абскарджваць рашэнне суду.
Гісторыя вакол шахты «Тураў» (Turów), дзе буры вугаль здабываецца кар’ерным спосабам, даволі працяглая. Шахта знаходзіцца ў Ніжнесілезскім ваяводстве на стыку мяжы Польшчы, Чэхіі і Германіі. Ліцэнзія на здабычу вугалю на шахце «Тураў» скончылася ў красавіку 2020 года, але ў сакавіку 2020 года польскі ўрад прадоўжыў яе на шэсць гадоў. Гэты крок сустрэў пратэст з боку чэшскага ўраду, паколькі, паводле афіцыйнай Прагі, уздзеянне аб’екту на навакольнае асяроддзе сур'ёзна ўплывае на якасць жыцця людзей. Паводле чэшскага боку, праца «Турава» зніжае ўзровень грунтовых вод. Падобныя прэтэнзіі да Польшчы высоўвае нямецкі бок. Германія правяла геалагічныя даследаванні, з якіх вынікае, што далейшая эксплуатацыя шахты можа прывесці да асядання грунту ў горадзе Цытаў. У маі 2021 года Суд Еўрапейскага Саюзу задаволіў хадайніцтва Чэхіі аб прыпыненні Польшчай здабычы бурага вугалю на шахце «Тураў». Дарэчы, гэта першы ў гісторыі выпадак, калі адзін член ЕС падаў у суд на іншую членскую краіну ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. 20 верасня таго ж года Суд ЕС наклаў на Польшчу штодзённы штраф у памеры 500 тыс. еўра за тое, што Варшава адмовілася спыніць здабычу. У лютым 2022 года паміж Польшчай і Чэхіяй было падпісанае пагадненне, якое закончыла спрэчку. Да гэтага моманту Польшчы быў налічаны штраф у памеры 68 млн 500 тыс. еўра.
Польскі ўрад супраціўляецца закрыццю «Турава», паколькі, па-першае, апасаецца, што ў выніку гэтага шмат людзей страціць працу. Па-другое, «Тураў» і аднайменная электрастанцыя, якая працуе на сыравіне шахты, забяспечвае каля 8% вытворчасці электраэнергіі ў маштабе краіне, што пакрывае запатрабаванне каля 3 млн 200 тыс. хатніх гаспадарак. Комплекс дае працу 60 тыс. чалавек. Тураўская электрастанцыя, якая бесперапынна працуе з 1962 года, зʼяўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў электраэнергіі ў Польшчы.
І вось, справа «Турава» цяпер вярнулася як бумеранг. Нягледзячы на міждзяржаўнае пагадненне паміж Варшавай і Прагай, у польскі суд скаргу на працу шахты падалі экалагічныя і грамадскія арганізацыі з Германіі і Чэхіі. Варшаўскі ваяводскі адміністрацыйны суд адмяніў дазвол на эксплуатацыю шахты, выдадзены Генеральнай дырэкцыяй аховы навакольнага асяроддзя Польшчы. Пастанову суду скрытыкавалі палітыкі кіруючай партыі і прадстаўнікі Польскай энергетычнай групы.
Сёння прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі накіраваўся ў Тураў, каб на месцы аказаць падтрымку шахцёрам і энергетыкам.
- Вердыкт суду не мае юрыдычных падставаў, ён накіраваны супраць палякаў, польскіх працаўнікоў і сямей. Кожны вердыкт, які дэстабілізуе энергетычную сістэму краіны, з’яўляецца бяспраўным вердыктам. Дарагія працаўнікі гэтай шахты і іншых, усе, хто сюды прыйшлі! Мы будзем абараняць польскую горназдабываючую прамысловасць каменнага і бурага вугалю!
Маравецкі зазначыў, што польскі ўрад будзе «змагацца за Тураў», паколькі існаванне энергетычнага комплексу – гэта «стратэгічны дзяржаўны інтарэс».
- Мы прадпрымем усе крокі, у тым ліку юрыдычныя і апеляцыйныя, каб шахта і электрастанцыя прадоўжылі працу. Але «Тураў» будзе надалей існаваць, нягледзячы ні на што, калі толькі адпаведнае рашэнне прымуць выбаршчыкі.
І ў дадзеным выпадку варта патлумачыць, што восенню ў Польшчы пройдуць парламенцкія выбары. Іх пераможца атрымае магчымасць сфармавання новага ўраду. Кансерватыўна-каталіцкая партыя «Права і справядлівасць», якая актуальна знаходзіцца пры ўладзе, кіруе краінай ужо другое скліканне і будзе змагацца за трэцяе. Згодна з апытаннямі грамадскай думкі, перамога актуальнай кіруючай палітычнай сілы знаходзіцца пад знакам пытання, паколькі палітыкам партыі «Права і справядлівасць» на пяты наступае аб’яднаная апазіцыя. Частка каментатараў зазначае, што справа «Турава» з чыста экалагічнай і эканамічнай стала палітычнай, а паездку Маравецкага на шахту можна разглядаць як элемент перадвыбарчай кампаніі.
Віцэ-прэм’ер, міністр дзяржаўных актываў Яцэк Сасін сказаў, што ўрад падасць апеляцыю на вердыкт суду. Паводле яго, пастанова была прынятая з парушэннем юрыдычных працэдур.
- Перад намі – другое паседжанне па гэтай справе ў Варшаўскім ваяводскім адміністрацыйным судзе. Але, незалежна ад яго выніку, мы падамо скаргу на пастанову суду ў вышэйшую інстанцыю, бо, паводле нас, яна была прынятая з парушэннем працэдур. Для прыкладу, вердыкт быў прыняты толькі адным суддзёй на закрытым паседжанні, чаго не павінна быць, на ім не прысутнічалі прадстаўнікі Польскай энергетычнай групы. Суд прыняў пастанову выключна на падставе інфармацыі пракурора.
Хутчэй за ўсё справа энергетычнага комплексу «Тураў» будзе вяртацца на павестку дня не раз, тым больш, як гаварылася, яе могуць выкарыстоўваць палітыкі. Са згаданай справы вынікае аднак абсалютна іншае: яна сведчыць пра тое, што суды ў Польшчы па-сапраўднаму незалежныя, а суддзі не баяцца прыняць рашэння, якое можа не падабацца цэнтральным дзяржаўным органам. А ўлады ў сваю чаргу выкарыстоўваюць юрыдычныя інструменты, а не ціск, як у аўтарытарных дзяржавах, каб даказаць сваю правату. У кантэксце Беларусі, дзе судовая сістэма стала часткай рэпрэсіўнага апарату, гэта гучыць як нейкая фантастыка.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл