Беларуская Служба

Брытанцы наносяць удар па беларускай прапагандзе

09.06.2023 12:33
Вялікабрытанія ўводзіць новыя санкцыі супраць Беларусі за яе ролю ў агрэсіі супраць Украіны.
ЛонданPhoto:Peggy_Marco/pixabay.com/CC0 Public Domain

У чацвер Вялікабрытанія абвясціла аб новым пакеце санкцый супраць Беларусі ў сувязі з яе роляй у спрыянні ўварванню Расіі ва Украіну. Санкцыі ўключаюць забарону на экспарт і імпарт некаторых тавараў і меры па прадухіленні інтэрнэт-прапаганды, паведамляе старонка wnp.pl.

У рамках абмежаванняў забараняецца імпарт золата, цэменту, драўніны і каўчуку з Беларусі, а таксама вываз у гэтую краіну банкнотаў і машынаў, а таксама тавараў, тэхналогій і матэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаны для вытворчасці хімічнай і біялагічнай зброі.

Урад Вялікабрытаніі таксама заявіў, што не дазволіць канкрэтным беларускім медыякампаніям «распаўсюджваць прапаганду ў Вялікабрытаніі». Гэта азначае, што платформы сацыяльных сетак і інтэрнэт-правайдэры будуць прымушаныя абмежаваць доступ да вэб-сайтаў беларускіх медыякампаній, якія трапілі пад санкцыі, падобным чынам, як гэта адбываецца ў выпадку расійскіх кампаній.

Пашыраюцца крытэры ўвядзення санкцый у дачыненні да асобаў, якія падтрымліваюць беларускі рэжым, а гэта значыць, што стане прасцей ахапіць санкцыямі членаў сем'яў асоб, якія ўжо пад іх трапілі.
Акрамя таго, улічваючы цесную ўзаемасувязь эканомік Беларусі і Расіі, будуць прыняты меры па барацьбе з асобамі, якія абыходзяць санкцыі. Гэта адбудзецца шляхам далейшага абмежавання доступу Беларусі да фінансавых рынкаў Вялікабрытаніі і прадухілення імпарту тавараў, такіх як золата, якія могуць паступаць з Расіі.

«Гэты новы пакет узмацняе эканамічны ціск на Лукашэнку і яго рэжым, які актыўна садзейнічае расійскай вайне і ігнаруе тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Наша падтрымка Украіны застанецца рашучай столькі, колькі будзе неабходна, і Вялікабрытанія без ваганняў увядзе далейшыя меры супраць тых, хто падтрымлівае вайну Пуціна», – запэўніў міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Джэймс Клевэрлі.

аз

Брытанцы пашыраюць санкцыі супраць Беларусі

08.06.2023 18:44
Абмежаванні павінны нанесці ўдар па Мінску, але таксама па Маскве, якая спрабуе абысці ўжо існуючыя санкцыі.