Беларуская Служба

Захад не можа сабе дазволіць геапалітычныя памылкі

15.06.2023 13:18
У Вашынгтоне прайшла польска-амерыканская канферэнцыя «Transatlantic Lookout».
Аўдыё
  • Эксперты пра бяспеку Еўропы
Ілюстрацыйны здымакhttps://twitter.com/PolishEmbassyUS

У амерыканскай сталіцы адбылася канферэнцыі польскіх і амерыканскіх экспертаў «Transatlantic Lookout», арганізаванай Польскім інстытутам міжнародных спраў (PISM) і Польскай амбасадай у Вашынгтоне.

Падчас адкрыцця канферэнцыі выступіў намеcнік кіраўніка МЗС Польшчы Войцех Гервель. Дыпламат папярэдзіў, што НАТА можа падзяліць лёс Першай Рэчы Паспалітай.

- Мы знаходзімся ў пераломным моманце, калі мы як Захад не можам дазволіць сабе рабіць геапалітычныя памылкі. Цяперашняя Еўропа апынулася ў часе шматлікіх крызісаў. Адзін з іх - неабгрунтаваная агрэсія Расіі на Украіну, якая прывяла да вялізарных страт. Я думаю, што мы знаходзімся ў цэнтры падзей і сутыкаемся з ключавымі выклікамі на ўсё стагоддзе, прынамсі ў нашай частцы свету. Мы знаходзімся ў той момант, калі мы павінны паставіць перад сабой стратэгічныя мэты, каб гарантаваць мір і бяспеку на доўгі час не толькі ў Еўропе, але ва ўсім свеце.

Дыпламат зазначыў, што калі Паўночнаатлантычны альянс не зменіць сваіх поглядаў на геапалітыку, ён можа падзяліць лёс Першай Рэчы Паспалітай, якая зрабіла памылкі, што перашкодзілі адказаць на будучыя выклікі.

Падчас канферэнцыі эксперты PISM і амерыканскіх аналітычных цэнтраў абмеркавалі таксама магчымыя сцэнары спынення вайны ва Украіне і сяброўства гэтай дзяржавы ў НАТА.

Былы амбасадар ЗША ў Варшаве Дэн'ел Фрыд сцвярджаў, што хоць Расія і прайграла вайну, гэта не абавязкова азначае перамогу Украіны. Ён дадаў, што адміністрацыя Байдэна рыхтуецца да сцэнару, калі Украіна не атрымае поўнай перамогі. Ён параўнаў цяперашнюю дыскусію аб далучэнні Украіны да дэбатаў аб далучэнні Польшчы да Альянсу. Адмысловец адзначыў, што, нягледзячы на ​​першапачатковы супраціў у Вашынгтоне, дзякуючы ціску і аргументацыі польскіх і чэшскіх уладаў, прывялі да паспяховага фіналу. Ён дадаў, што тое самае можа адбыцца і ў выпадку з Украінай.

- Расія прасоўвае фашыстоўскі наратыў, што дэмакратыя ў заняпадзе, замест яе патрэбная моцная ўлада пад кіраўніцтвам моцнага лідара. Гэта варожы Захаду падыход. Таму нам трэба быць больш актыўнымі. Нядаўняя прамова прэзідэнта Макрона паказала, што мы адстаём ад французаў у гэтым пытанні. Але добра, што Елісейскі палац зрабіў нам паслугу. Мы ўжо бачым, што пачаўся павольны рух адміністрацыі ў правільным кірунку. Мы павінны больш рашуча змагацца, супрацьстаяць расійскаму жаданню падзяліць свет на сферы ўплыву.

Былы намеснік кіраўніка Пэнтагону ў адміністрацыі Абамы Джым Таўнсэнд, заявіў, што ўступленне Украіны ў NATO павінна адбыцца як мага хутчэй, і што ў вайсковым плане Украіна нашмат лепш інтэграваная ў Альянс, чым многія чальцы NATO.

- Пуцін працягвае нас палохаць ды стрымліваць. Але мы павінны гэта зрабіць, як толькі дазволіць сітуацыя на фронце. Ніякіх планаў сяброўства, ані працяглых дэбатаў. Такое зацягванне, гэта менавіта тое, чаго хоча Пуцін. Ён увесь час імкнецца гуляць гэтую карту падзелаў і стрымлівання нас. Памятайма пра гэта.

Эксперт таксама адзначыў, што Захад, нават пасля паразы Расіі, не можа дазволіць сабе яе недаацэньваць, таму што яна здольная хутка аднаўляцца.

Аналітык PISM Даніэль Шэлігоўскі падкрэсліў, што сяброўства ў NATO таксама мае вырашальнае значэнне для эканамічнага аднаўлення Украіны пасля вайны, бо толькі такая гарантыя дасць інвестарам бяспеку. Адмысловец выказаў здагадку, што калі пасля вайны не адбудзецца інтэграцыя Украіны з ЕС і NATO, то Альянс як быццам прайграў гульню на апошніх секундах.

Польскія і амерыканскія эксперты таксама абмяркоўвалі стасункі паміж Расіяй і Кітаем. Андрэа Кендал-Тэйлар, эксперт аналітычнага цэнтра Цэнтра новай амерыканскай бяспекі (CNAS) і былы аналітык ЦРУ і Белага дома, папярэдзіла, што, нягледзячы на ​​дысбаланс сіл паміж дзвюма дзяржавамі, Кітай практычна не ўплывае на рашэнні Уладзіміра Пуціна. У той жа час яна не выключыла, што ў нейкі момант Кітай стане больш актыўным у вайне.

Адказваючы на ​​пытанне, ці дазволіць Кітай Расіі пацярпець паразу ва Украіне, эксперты ў адзін голас выказалі перакананне, што Пекін не стане больш актыўна ўцягвацца ў канфлікт, падтрымліваючы Маскву матэрыяльна. Як сказаў Коры Шэйк, эксперт Амерыканскага інстытута прадпрымальніцтва і даўні чыноўнік Пентагона і Дзяржаўнага дэпартамента, Пекін занадта прагматычны і дае выразныя сігналы, што баіцца трапіць пад заходнія санкцыі.

Майкл Кімаге з Нямецкага фонду Маршала і Юстына Шчудлік з PISM ацанілі, што ключавым фактарам, які абмяжоўвае Кітай, з'яўляецца надзея на захаванне гандлёвых адносін з Еўропай.

- Я думаю, што Кітай не хоча губляць Еўропу. Ідэальным сцэнаром для Кітая было б аддзяленне Еўропы і ЗША.

- Я думаю, што калі Расія прайграе, Кітай будзе глядзець на гэта са шкадаваннем. Але я таксама думаю, што яны разлічваюць на тое, што Расія і Захад вычарпаюць сябе эканамічна і вайскова на палях Украіны, і тады кітайцы скарыстаюцца момантам, каб умяшацца і «выйграць мір», забяспечыўшы сабе ролю ў аднаўленні Украіны.

У Вашынгтоне прайшла першая канферэнцыя польскіх і амерыканскіх экспертаў «Transatlantic Lookout», арганізаванай PISM і Польскай амбасадай у ЗША.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч