Беларуская Служба

Мігранты дзеляць Еўропу?

16.06.2023 15:00
За апошнія гады прыток нелегальных імігрантаў стаў сур'ёзным выклікам для краін ЕС. Наплыў мігрантаў ідзе з Поўдня і з Усходу. Брусэль прапануе пераразмяркоўваць мігрантаў па ўсіх краінах ЕС. Дзяржавы Цэнтральнай Еўропы супраць, у першую чаргу Венгрыя ды Польшча.
Аўдыё
  • Польшча пратэстуе супраць перасялення мігрантаў
Ілюстрацыйны здымакEPA/YANNIS KOLESIDIS Dostawca: PAP/EPA

У 2015 годзе была зафіксаваная найбольшай колькасць нелегальных перасячэнняў межаў ЕС. Паводле звестак Frontex, пагранічнага агенцтва Еўрасаюза, у той год было больш за 1,8 мільёна нелегальных перасячэнняў мяжы, найбольшая колькасць у гісторыі. З таго часу колькасць нелегальных мігрантаў значна зменшылася. У 2021 годзе ў ЕС нелегальна ўехалі каля 140 тысяч чалавек. Зніжэнне звязана з некалькімі фактарамі, такімі як узмацненне мер памежнага кантролю ЕС, супрацоўніцтва паміж краінамі ЕС і памяншэнне колькасці бежанцаў, якія ўцякаюць з зон канфліктаў.

Аднак у 2022 годзе было выяўлена 330 000 нерэгулярных перасячэнняў мяжы ЕС. Гэта самы высокі паказчык з 2016 года і рост на 64% у параўнанні з папярэднім годам. Амаль палова ад агульнай колькасці мігрантаў прыпадае на Заходнебалканскі маршрут прыпадае, дзе ірвуцца ў ЕС сірыйцы ды афганцы. Колькасць сірыйцаў вырасла прыкладна ўдвая і склала 94 000.

Другім па колькасці з’яўляецца Цэнтральны міжземнаморскі маршрут, праз які ў 2021/22 гг. у Еўропу прыбыла 102529 мігрантаў. Трэцім найбольш актыўным міграцыйным маршрутам у ЕС лічыцца Заходнеафрыканскі маршрут, які вядзе праз іспанскія Канарскія выспы. Летась там было выяўлена больш за 15400 незаконных перасячэнняў, больш чым удвая больш, чым годам раней.

За апошнія два гады, высілкамі рэжыму Лукашэнкі, з’явіўся яшчэ Усходнееўрапейскі маршрут. У 2022 годзе польская Памежная ахова прадухіліла больш за 15 тысяч незаконных спроб перасячэння мяжы. З пачатку бягучага года польскія памежнікі зафіксавалі больш за 12 тысяч спроб незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу. У сакавіку і красавіку іх было каля 2,5 тысяч, у маі каля 3 тысяч спроб.

У адказ на рост міграцыі 8 чэрвеня 2023 г. Еўрапейскі саюз дасягнуў згоды па двух важных праектах: Рэгламента аб працэдуры прадстаўлення прытулку і Рэгламента аб кіраванні міграцыяй. Гэтыя дакументы ўводзяць новы механізм прадстаўлення прытулку, які спалучаюць абавязковую салідарнасць з эластычнасцю для дзяржаў-членаў, гаворыцца на сайце Еўрапейскага савета. Ідзецца пра тое, што вызначаецца «мінімальная гадавая колькасць перасяленняў з дзяржаў, куды прыязджае больш мігрантаў, у краіны, дзе іх менш. Пры гэтым любая дзяржава можа адмовіцца і заплаціць іншым краінам за прыняцце мігранта па 20 тысяч еўра на чалавека.

Дадзены механізм выклікаў абурэнне ўраду Польшчы. Сейм прыняў рэзалюцыю аб механізме ЕС для перамяшчэння нелегальных мігрантаў, у якой выказаўся супраць спробы ўвесці дадзены механізм, «што польская дзяржава не павінна несці сацыяльныя і фінансавыя выдаткі памылковых рашэнняў іншай краіны-сябра Еўрасаюза».

Пасля галасавання прэсавы сакратар ураду Пётр Мюлер заявіў, што згода на прымусовае перасяленне будзе мець доўгатэрміновыя наступствы:

- Такія рашэнні прывядуць да таго, што ў будучыні злачынцы, гандляры людзьмі, якія прывозяць за грошы людзей з Афрыкі, пяройдуць да большых маштабаў. Мы павінны пра гэта казаць, каб праз дзесяць год не шкадаваць, што мы маглі даўно ўсё затрымаць.

Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што міграцыйны пакт - гэта дыктат, накіраваны на культурныя змены Еўропы. Палітык зазначыў, што палякі не на словах ведаюць, што такое салідарнасць.

- Ніхто не будзе нас вучыць салідарнасці, асабліва немцы. Каб адказныя за злачынствы сёння заклікалі да салідарнасці. Гэта ніякі не міграцыйны пакт, а сапраўдны дыктат, які яшчэ культурна зменіць Еўропу.

Прафэсар Гжэгаж Кухарчык, гісторык і спецыяліст у справах Нямеччыны, заявіў Польскаму радыё, што Нямеччына хоча перасяліць мігрантаў, бо іхная міграцыйная палітыка аказалася памылковай.

- Замест ліквідацыі недахопаў рук на рынку працы, робяць толькі новыя кошты. Да гэтага дадаецца рост пачуцця небяспекі сярод грамадзян у Нямеччыне. Цяпер яны хочуць вырашыць праблему так, каб перакінуць частку на тыя дзяржавы, якія лічацца «маладымі дэмакратыямі», не да канца засвоіўшымі еўрапейскія каштоўнасці.

Кіроўная партыя «Права і справядлівасць» (ПіС) ужо заявіла, што такія важныя пытанні, як перасяленне мігрантаў, павінны вырашаць людзі. Старшыня ПіС Яраслаў Качыньскі абвясціў аб правядзенні рэферэндуму па гэтым пытанні.

Старшыня парламенцкага камітэту юстыцыі Марэк Аст патлумачыў у эфіры Польскага радыё 1, што ўрад паказвае, што ён мае права супрацьстаяць прымусоваму перасяленню мігрантаў.

- Калі ЕС не бярэ пад увагу вердыкт польскага Канстытуцыйнага суда, які вызначыў, што ў справах, якія адносяцца да кампетэнцыі польскага ўраду, ЕС не можа навязваць свае рашэнні. Так было ў пытаннях юстыцыі. Мы ведаем, што ЕС скептычна да гэтага пакуль ставіцца.

Вострая рэакцыя польскага ўраду на Пакт па нелегальнай міграцыі ЕС можа быць выкліканая тым, што восенню ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Нелегальныя мігранты ў 2015 годзе далі ПіС перамогу. У 2023 годзе сітуацыя можа паўтарыцца.

Польшча мае яшчэ адзін аргумент. У перыяд з 24 лютага 2022 13 мільёнаў украінскіх бежанцаў прыехалі у ЕС з Украіны і Малдовы. Шмат хто з іх застаўся ў Польшчы.

Юры Ліхтаровіч