Польскае агенцтва друку (PAP) публікуе інтэрв’ю з прафесарам Анджэем Новакам, аўтарам кнігі пра ідэалогіі сучаснай Расіі, якая выходзіць 21 чэрвеня.
Гісторык кажа, што найбольшы ўплыў на нэаімпэрскія тэндэнцыі Расіі аказваюць савецкія традыцыі. Больш за семдзесят гадоў савецкай сістэмы пакінулі надзвычай глыбокі след у палітычным уяўленні расіян. Пуцін – хоць ён сам часта крытыкуе савецкіх лідараў – насамрэч грунтуецца на сталінскай ідэалагічнай традыцыі. Палітыка, якую яны праводзілі, і ідэалогія, якую яны стварылі, у пэўным сэнсе пабудавалі імперскае адзінства Расіі і надалі яму глабальнае значэнне.
Расія займае вялізную, адносна маланаселеную прастору. На гэтай тэрыторыі тысячагоддзямі фармаваліся вялікія стэпавыя імперыі, якія скіроўвалі сваю дзейнасць у бок Еўропы. Гэта пачуццё тэрытарыяльнай велічы, да якой неабходна дадаваць новыя тэрыторыі, каб адчуваць сябе яшчэ мацней. Гэта старая апантанасць, а савецкі перыяд даў ёй новае «апраўданне».
Пуцін ад пачатку сваёй палітычнай дзейнасці заяўляў, што місія ягонага жыцця – аднаўленне велічы Расіі, а таксама вяртанне страчанага ў 1991 годзе – і тэрыторыі, і палітычнага ўплыву вакол яе, у былых краінах-сатэлітах. Гэтая апантанасць праяўляецца і ў яго вельмі шырокіх гістарычных нарысах. Пуцін напісаў два вельмі вялікія гістарычныя тэксты. У адным з іх ён апісаў «гістарычнае адзінства» рускіх і ўкраінцаў. Другі быў прысвечаны аналізу вытокаў Другой сусветнай вайны і прызначаны для заходняй аўдыторыі. Фактычна гэта была адна вялікая гістарычная хлусня. Ва ўсім тэксце Пуцін спрабаваў давесці, што ў развязванні вайны вінаватая Польшча, а польскі антысемітызм быў галоўнай крыніцай натхнення Гітлера. У сваю чаргу, Чырвоная Армія ў верасні 1939 года ўвайшла на ўсходнія землі Польшчы толькі для таго, каб выратаваць габрэяў ад пагрому, які рыхтавалі палякі разам з украінскімі нацыяналістамі.
Пуцін хоча цалкам ізаляваць усю прастору Цэнтральнай і Усходняй Еўропы – з Польшчай у цэнтры – ад тых краін, якія ён лічыць патэнцыйнымі партнёрамі наступных пагадненняў аб падзеле сфер уплыву ў Еўропе. У асноўным гэта Германія і Францыя. Ён хоча пераканаць, што такія краіны, як Польшча, Украіна, Літва ці Латвія, зʼяўляюцца рассаднікамі небяспечнага нацыяналізму, фашызму і антысемітызму, таму ўлады «старой» Заходняй Еўропы павінны дазволіць Расіі «вызваліць» гэтыя краіны.
Пуцін даў нямецкаму тэлебачанню інтэрвʼю ў 2005 годзе ў Дзень Перамогі. Журналістам, якія пыталіся пра пакт Молатава – Рыбэнтропа, Пуцін патлумачыў, што насамрэч у гэтым пакце няма нічога ганебнага. У канцы канцоў, менавіта Расія і Германія, – сцвярджаў Пуцін, – далі Літве, Латвіі і Эстоніі незалежнасць у 1918 годзе. Так што калі яны далі ім гэтую незалежнасць, яны таксама мелі права забраць яе ў іх, што яны і зрабілі ў жніўні 1939 года.
Тут раскрываецца погляд на гісторыю, у якім вялікія дзяржавы маюць права ліквідаваць малыя дзяржавы, даваць незалежнасць і адбіраць яе ў залежнасці ад таго, наколькі гэта ім палітычна больш падыходзіць у дадзены момант.
Аднак тэзіс, што ва ўсім адказны толькі Пуцін, памылковы. Імперскае мысленне глыбока ўкаранілася ў палітычнай думцы і ўяўленні значнай часткі расіян. Пуцін выйграў выбары, бо набыў папулярнасць як рэстаўратар імперскай улады дзяржавы; яна задавальняла патрэбы элітаў і значнай часткі расійскай нацыі, якая прагне велічы, панавання над суседзямі і магутнасці дзяржавы.
Так што, меркаваннем прафесара Новака, вырашэнне расійскай праблемы палягае не толькі ў тым, што не стане Пуціна. Сапраўдныя змены могуць адбыцца шляхам стварэння вакол Расіі такіх знешніх умоваў, каб яе наступныя спробы заваяваць суседзяў не змаглі знайсці вонкавых партнёраў і каб іх ніхто не апраўдваў.
PAP/нг