Беларуская Служба

Дакументальны серыял «Перазагрузка» імкнецца даказаць, што папярэдні ўрад Польшчы быў на павадку Расіі

23.06.2023 10:01
Фільм журналіста Міхала Раханя і гісторыка Славамір Цанцкевіча даказвае, што ўрад Дональда Туска падпарадкаваў палітыку Варшавы інтарэсам Расіі.
Аўдыё
  • Дакументальны серыял «Перазагрузка»
Кадр з фільма «Перазагрузка» tvp.info/PrtSc

На грамадскім тэлебачанні TVP паказваюць дакументальны серыял пра прарасійскую палітыку ўраду Грамадзянскай платформы і Польскай сялянскай партыі. Як запэўніваюць аўтары журналіст Міхал Рахань і гісторык Славамір Цанцкевіч, стужка пад назвай «Перазагрузка» (поль. Reset) знятая на падставе сенсацыйных дакументаў з польскіх і сусветных архіваў.

Фільм даказвае, што ў 2007-2015 гадах урад Дональда Туска падпарадкоўваў польскую палітыку інтарэсам Масквы, і што нават пасля авіякатастрофы польскага ўрадавага самалёта ў Смаленску ў 2010 годзе і расійскай анексіі Крыма ў 2014 годзе, Туск і тагачасны міністр замежных справаў Радаслаў Сікорскі працягвалі весці палітыку супрацы з Масквой. Аўтары дакументальнага серыяла абапіраюцца на дакументы, архіўныя запісы і інтэрв'ю з ахвярамі аперацый спецслужбаў пуцінскага рэжыму.

Фільм пачынаецца з архіўных запісаў выказванняў Дональда Туска пасля ягонай перамогі на выбарах у 2007 годзе пра планы яго візіту ў Маскву:

- Я не хаваю, што спадзяюся, што сустрэча міністраў замежных справаў, якая адбудзецца 6 снежня ў Бруселі, наблізіць даты ўзаемных візітаў, у тым ліку майго візіту ў Маскву. Я хацеў бы, каб гэта адбылося як мага хутка.

Пасля сустрэчы з Сяргеем Лаўровым, якая адбылася 6 снежня 2007 года, Радаслаў Сікорскі абвясціў новае адкрыццё ў адносінах з Расіяй:

- Мы пагадзіліся на разблакіроўку дыялогу на розных узроўнях. Міністр перадаў прэмʼеру Дональду Туску запрашэнне ад прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

Журналіст Міхал Рахань нагадвае, што падрыхтоўка да візіту пачалася неадкладна, а сама сустрэча Сікорскі-Лаўроў стала прарывам у палітыцы Варшавы ў дачыненні да Расіі:

- У Міністэрстве замежных спраў, перад візітам у Маскву Дональда Туска былі падрыхтаваны першыя дакументы, якія сталі ідэалагічнай асновай новай філасофіі адносін паміж Рэспублікай Польшча і Расійскай Федэрацыяй. Інакш «перазагрузкі» адносін паміж Польшчай і Расіяй.

Прэмʼера серыялa «Перазагрузка» супала з працай па стварэнні парламенцкай камісіі па вывучэнні магчымага ўплыў расійскіх службаў на палітыку і бяспеку Польшчы ў 2007-2022 гадах. Ідэя стварэння камісіі выклікала рашучы супраціў з боку польскай апазіцыі, якая пераконвае, што гэта спроба выцесніць з выбарчай кампаніі ейных лідараў. Свае сумневы на конт камісіі выказалі таксама Еўрасаюз і ЗША, паводле кіроўных правых сілаў, хутчэй за ўсё, уведзеныя ў зман апанентамі.

У ходзе працы над законапраектам аб стварэнні камісіі прэс-сакратар польскага ўрада Пётр Мюлер нагадаў аб прычынах пратэстаў супраць стварэння гэтай камісіі:

- Спадар Дональд Туск сказаў у 2007 годзе, што «яны хочуць дыялогу з Расіяй «такой, яка яна ёсць». У 2008 годзе яны хацелі, каб Расія стала больш важным партнёрам, чым яна была, у кантэксце эканомікі, палітыкі, а таксама бяспекі. Таксама ў 2008 годзе Дональд Туск спачатку наведаў Маскву, а потым накіраваўся ў Кіеў. Падчас ягонага візіту ў Маскву расійская газета назвала Дональда Туска «нашым чалавекам у Варшаве». У 2009 годзе Дональд Туск шпацыраваў і абнімаўся з Пуціным на сваім любімым пірсе ў Сопаце. У 2014 годзе, пасля анексіі Крыма, калі ўсе ўжо ўбачылі паводзіны Расіі, Дональд Туск пераконваў, што Польшча не павінна быць «дзяржавай з агрэсіўнай антырасійскай канцэпцыяй».

Згаданыя прэс-сакратаром факты шакуюць кожнага назіральніка, знаёмага з варварскімі метадамі пуцінскіх спецслужбаў.

Прафесар Славамір Цанцкевіч кажа, што фільм «Перазагрузка» таксама паказвае, наколькі Дональд Туск падпарадкаваў палітыку Варшавы інтарэсам Берліна і Парыжа:

- Узровень антырасійскасці ў Польшчы ці польскай палітыкі залежаў ад таго, на якім узроўні згаданая антырасійскасць у той момант была ў Берліне, Парыжы ці ў любой іншай сталіцы, якая ачольвала Еўрасаюз у рамках старшынства.

У сваю чаргу галоўны рэдактар выдання «Gazeta Polska» Тaмаш Сакевіч канстатаваў пасля прэм’еры фільма, што каманда Туска і Сікорскага выконвала ўсе капрызы Пуціна:

- Польшча прымірылася з Расіяй, але прымірылася так, каб проста выканаць яе жаданні. У той жа час Пуцін меў магутныя ўплывы ў Італіі, Францыі і шэрагу іншых краін. На самой справе, у той час толькі прарасійскі палітык мог узначальваць прарасійскую Еўропу.

Між тым, у інтэрв’ю выданню «Fakt» гісторык і палітолаг з Універсітэта кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве прафесар Антоні Дудэк канстатаваў, што фільм Раханя і Цанцкевіча не адкрывае ніякай сенсацыі, а спробы Дональда Туска і ягонай каманды палепшыць адносіны з Расіяй былі тагачаснай тэндэнцыяй. Раней спрабаваў гэта зрабіць Аляксандр Кваснеўскі і Саюз левых дэмакратычных сілаў. Прафесар Дудэк пераконвае, што палітыка Туска супадала з палітыкай «перазагрузкі» прэзідэнта ЗША Барака Абамы, які спрабаваў дамовіцца з Масквой, але «вядома, усё скончылася правалам». Паводле эксперта, Дональд Туск зразумеў, што Пуцін яго абаграў пасля дакладу Таццяны Анодзінай на тэму Смаленскай катастрофы.

У сваю чаргу журналіст Якуб Мацяеўскі звярнуў увагу на распачатую кампанію ачарнення дакументальнай стужкі Міхала Раханя і Славаміра Цэнцкевіча, якая вельмі невыгодная абаронцам расійскіх уплываў ва ўсім свеце:

- У той жа час, калі перасцярогу ад расійскай пагрозы крытыкі называюць прапагандай партыі «Права і справядлівасць», то гэта ўжо вельмі небяспечна.

Між тым, паводле аўтараў, фільм «Перазагрузка» паказвае праўду пра подласць людзей, якія разам з Пуціным, пагадзіўшыся на ягоны дыктат, нясуць адказнасць за трагедыю Чачні, Грузіі, беларускай апазіцыі, а цяпер і Украіны.

ар/аз