Беларуская Служба

Марш на Маскву Прыгожына можа завершыцца ў Мінску

26.06.2023 10:59
Пасля 16 месяцаў вайны ва Украіне Расія апынулася на мяжы грамадзянскай вайны. Канфлікт спыніў Лукашэнка, пагадзіўшыся прыгарнуць галоўнага «мяцежніка». 
Аўдыё
  • Марш Прыгожына стаў пагрозай для Расіі, Беларусі ды суседзяў
    ( )    --.
Ваеннаслужачыя прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК «Вагнера») рыхтуюцца пакінуць цэнтр Растова-на-Доне. Ілюстрацыйны здымакEPA/ARKADY BUDNITSKY Dostawca: PAP/EPA.

Уначы з пятніцы на суботу ў Расіі пачаўся бунт «групы Вагнера» на чале з Яўгенам Прыгожыным. Пасля першапачатковых поспехаў, у тым ліку ўзяцця пад кантроль Растова-на-Доне і Варонежа, і маршу ўзброенай групоўкі ў Маскву, у другой палове дня Прыгожын заявіў пра спыненне мяцяжу і адвод вайсковых фарміраванняў. Было заяўлена, што дамоўленасць была дасягнута ў выніку перамоў, што вёў беларускі ўзурпатар Аляксандр Лукашэнка. Сам Прыгожын мае пераехаць у Беларусь. Гэта занепакоіла суседзяў. Польшча пачала ўмацоўваць абарону на ўсходніх межах.

Пасля 16 месяцаў вайны ва Украіне Расія апынулася на мяжы грамадзянскай вайны. Прыватныя атрады наймітаў з «Групы Вагнера» нечакана абвясцілі бунт і пайшлі вайной на расійскі Генштаб і Міністэства абароны. З патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Сяргея Шайгу і начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл РФ Валерыя Герасімава, паўстанцы захапілі Растоў, дзе месціцца штаб Паўднёвай групы расійскіх войск ды вырушылі маршам на Маскву. Афіцыйная прычына - дзеля справядлівасці, пра што заявіў асабіста Прыгожын.

Не дайшоўшы па розных дадзеных або 300, або 200 км. да Масквы Прыгожын заявіў, што спыняе марш. Пры гэтым атрады паўстанцаў з «Групы Вагнера» вернуцца на фронт. Расійскія ўлады з'абавязаліся іх не праследаваць, а каардынатар наймітаў Яўген Прыгожын пераедзе з Расіі ў Беларусь. Пра гэта паведаміў пуцінскі прэсавы сакратар Дзмітры Пяскоў.

Пры гэтым з суботу ад Прыгожына няма ніякіх паведамленняў. Звычайна  медыйна вельмі актыўны найміт цяпер замаўчаў надоўга. Маўчыць і беларускі бок. Расійскае выданне «Коммерсант» паведаміла раніцай 26 чэрвеня, што крымінальная справа аб арганізацыі ўзброенага бунту супраць заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына, не спыненая. Яе працягвае расследаваць ФСБ Расіі. Дэпутаты дзярждумы пачалі прапаноўваць Прыгожыну застрэліцца пасля спробы перавароту.

Міністэрства абароны РФ паказала кадры з міністрам Сяргеем Шайгу, які не звольнены, а працягвае выконваць свае абавязкі — праверыў перадавы пункт упраўлення заходняй групоўкі войск у зоне так званай СВА.

Сярод замежных аглядальнікаў множацца тлумачэнні таго, што зладзіў Прыгожын ды навошта. Адныя кажуць, што мяцеж быў выкліканы не занепакоенасцю станам арміі, а выключна асабістай зацікаўленасцю Яўгена Прыгожына, які хацеў пазбегнуць помсты Крамля за ранейшыя заявы з крытыкай Пуціна і яго абароннага ведамства. Іншыя, сярод якіх, даследчыкі ISW выказалі здагадку, што Прыгожын перадумаў штурмаваць Маскву з-за таго, што ў калонах «Вагнера» не хапіла байцоў і тэхнікі для поўнага захопу Масквы або вядзення там працяглых баявых дзеянняў. Верагодна, Прыгожын шукаў і не змог атрымаць ваенную падтрымку для свайго паўстання і «стаў больш схільны да перамоў з Лукашэнкам з-за адсутнасці сіл на падыходзе да Масквы», лічыць ISW. У сваю чаргу беларускі аглядальнік Дзмітры Балкунец у стрыме выказаўся, што Лукашенка быў зацікаўлены ў выратаванні Пуціна.

-  Калі б у выніку бунта Пуцін страціў бы пасаду, гадзіны жыцця Лукашэнкі хутка завяршыліся б, не кажучы пра яго знаходжанне ля ўлады. Лукашэнкі як ніхто іншы быў зацікаўлены ў тым, каб гэты бунт завяршыўся.

Былы намеснік начальніка Генштаба Войска Польскага генерал Леон Камарніцкі лічыць, што бунт Яўгена Прыгожына і «Групы Вагнера» з самага пачатку знаходзілася пад кантролем Уладзіміра Пуціна. На думку госця Польскага радыё, гэта быў элемент ціску на Лукашэнку, які не хацеў пагаджацца на прыезд у Беларусь Прыгожына і вагнераўцаў.

- Дзеянні Прыгожына былі пад кантролем Пуціна, былі элементам у перамовах з Лукашэнкам. На маю думку, ён не пагаджаўся, каб Прыгожын са сваёй арміяй апынуўся на тэрыторыі Беларусі. Лукашэнка ды яго армія не спяшаюцца далучацца да нападу на Украіну. Гэту ролю выканае «Група Вагнера». Пуцін дамагаўся згоды Лукашэнкі на гэта.   

Упаўнаважаны Польскага ўрада па бяспецы інфармацыйнай прасторы Станіслаў Жарын не выключыў, што пераезд у Беларусь Прыгожына можа прывесці да эскалацыі напружанасці на мяжы гэтай краіны з Польшчай.

- Ідзецца пра канфлікты паміж рознымі групамі, якія бяруць удзел у вайне ва Украіне. Да сённяшняга дня ў Расіі, ані сярод эліт, ані сярод грамадства няма супраціву агрэсіі ды галоўных стратэгічных мэт. Нельга выключыць, што Прыгожын у Беларусі будзе выкарыстоўвацца для эскалацыя напружання, напрыклад, што тычыцца гібрыднай аперацыі з мігрантамі, якая наўпрост б'е па Польшчы. Нашыя службы будуць больш уважліва манітараваць сітуацыю.

У гэтай сітуацыі Польшча пачала ўмацоўваць узброеныя сілы на мяжы з Расіяй ды Беларуссю. Міністэрства абароны Польшчы паведаміла пра фармаванне новых вайсковых адзінак.  Разбудоўваецца Першая Падляшская брыгады сіл тэрытарыяльнай абароны і пачалося стварэнне Першай Падляшскай пяхотнай дывізіі.

Юры Ліхтаровіч