Беларуская Служба

Блізкія да Крамля бізнесмены хочуць выкупіць медыяімперыю Прыгожына

30.06.2023 12:26
Адміністрацыя прэзідэнта Расіі, верагодна, будзе ажыццяўляць непасрэдны кантроль над медыйнымі актывамі Прыгожына, незалежна ад асобы іх будучых уладальнікаў.
Заснавальнік ПВК «Вагнер» крыніца: Наша Ніва

Блізкія да Крамля прадпрымальнікі могуць выкупіць медыяімперыю ўладальніка групы Вагнера Яўгена Прыгожына, піша Амерыканскі інстытут ваенных даследаванняў (ISW) у сваім апошнім дакладзе.

Крыніцы выказалі меркаванне, што адміністрацыя прэзідэнта Расіі, верагодна, будзе ажыццяўляць непасрэдны кантроль над медыйнымі актывамі Прыгожына, незалежна ад асобы іх будучых уладальнікаў.

Расійскі незалежны партал The Bell са спасылкай на крыніцы, якія працуюць з кампаніямі Прыгожына, паведаміў, што «асабісты банкір» Уладзіміра Пуціна Юрый Кавальчук можа набыць холдынг Прыгожына «Патрыёт», а РІА ФАН – яго «Нацыянальную медыягрупу».

Некаторыя каналы ў Telegram сцвярджаюць, што старшыня Herst Shkulev Media Віктар Шкулеў таксама можа выкупіць некаторыя медыяактывы Прыгожына.

Абмяркоўваецца таксама лёс генерала Сяргея Суравікіна

Абмяркоўваецца таксама лёс генерала Сяргея Суравікіна, чыё імя звязваюць з мяцяжом Прыгожына. Амерыканскі інстытут ваенных даследаванняў ISW адзначае, што прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў у чацвер адмовіўся каментаваць пытанні аб месцазнаходжанні Суравікіна.

Інстытут падкрэслівае, што Пяскоў мог бы абвергнуць здагадкі пра Суравікіна, калі б яго не ўзялі пад следства. Той факт, што ён гэтага не зрабіў, сведчыць аб тым, што такое расследаванне можа працягвацца.

Незалежны расійскі партал «Важные истории» са спасылкай на дзве крыніцы, блізкія да расійскага генштабу і Фэдэральнай службы бяспекі, паведаміў, што расійскія ўлады дапытвалі Суравікіна, але адпусцілі.

Заходнія аглядальнікі таксама працягваюць разважаць пра месцазнаходжанне начальніка Генштаба генерала Валерыя Герасімава, які ў апошнія дні не з'яўляўся на публіцы.

Не выключана, што Пуцін яшчэ канчаткова не вызначыўся, як адказаць на мяцеж «Групы Вагнера», у тым ліку магчымай перастаноўкай расійскага каманднага складу і каго пакінуць у складзе камандавання.

яс