Беларуская Служба

Польшча канстатуе ўзмацненне актыўнасці расійскіх спецслужб у рэгіёне

03.07.2023 15:13
У Польшчы спецслужбы затрымалі ўжо чатырнаццаць чалавек у рамках расследавання дзейнасці расійскай шпіёнскай сеткі.
Аўдыё
  • Польшча змагаецца з расійскай агентурай
ілюстраційне фотоpixabay.com/CCO

 У Польшчы спецслужбы затрымалі ўжо чатырнаццаць чалавек у рамках расследавання, якое вядзе Агенцтва ўнутранай бяспекі пад наглядам Люблінскага аддзела Дэпартамента па арганізаванай злачыннасці і карупцыі Нацыянальнай пракуратуры. Яны мелі дачынення да дзейнасці ў Польшчы расійскай шпіёнскай сеткі. Агенцтва ўнутранай бяспекі працягвае інтэнсіўную дзейнасць па гэтай справе, і пракуратура не выключае новых арыштаў па гэтай справе. Актывізацыя расійскіх шпіёнаў назіраецца не толькі ў Польшчы, але ў іншых краінах Цэнтральнай Еўропы. З’яўленне ў Беларусі «групы Вагнера» бачыцца як дадатковая пагроза.

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымала на днях чалавека, які меў дачыненне да дзейнасці ў Польшчы шпіёнскай сеткі, якая працавала на карысць Расіі. Затрыманы — грамадзянін Расіі, прафесійны хакеіст клуба першай лігі. Мужчыне прад'яўлена абвінавачанне, рашэннем суда ён арыштаваны на тры месяцы, паведаміла Нацыянальная пракуратура.

Гэта не першы затрыманы апошнім часам па падазрэнні ў  супрацы з расійскай выведкай. Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі яшчэ 16 сакавіка казаў, што Агенцтва ўнутранай бяспекі выкрыла цэлую шпіёнскую сетку, якая дзейнічала на карысць Расіі.

- Нядаўна Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымала 9 чалавек па падазрэнні ў супрацы з расійскімі спецыяльнымі службамі. Затрыманыя вялі шпіёнскую дзейнасць супраць Польшчы і рыхтавалі дыверсійныя акты на загад расійскай выведкі. Затрыманыя – гэта замежнікі з Усходу. 6 з іх суд арыштаваў. Пракуратура абвінавачвае іх у шпіёнстве на карысць Расіі ды дзейнасці ў рамках арганізаванай злачыннай групе. Яны вялі маніторынг чыгуначных сплучэнняў у пошуку паставак узбраення ва Украіну. Затрыманыя рыхтавалі дыверсію з мэтай спаралізаваць пастаўкі зброі ды дапамогі ўкраінцам.   

Згодна з інфармацыяй, атрыманай польскімі СМІ, уся група выкарыстоўвалася расіянамі для вядзення разведвальнай дзейнасці, у тым ліку маніторынгу чыгуначных маршрутаў, і атрымлівала ўзнагароду за выкананую дзейнасць.

Агенцтва выкрыла 50 электронных шпіёнскіх прылад, якія былі ўсталяваныя расійскімі агентамі. Таксама група займалася прапагандысцкай дзейнасцю з мэтай дэстабілізацыі польска-ўкраінскіх адносін, распальвання варожых настрояў да краін НАТА ў Польшчы, і крытыкавала палітыку польскага ўрада ў дачыненні да Украіны.  

Паводле слоў урадавага ўпаўнаважанага па бяспецы інфармацыйнай прасторы Польшчы Станіслава Жарына, апошнія затрыманні – гэта сведчанне маштабаў выклікаў, якія стаяць перад польскімі службамі.

- Гэта людзі, якія мелі наладжанае жыццё ў Польшчы ды легальны статус, аднак усё адно пайшлі на супрацоўніцтва з расійскай выведкай. Іх адпраўлялі ў розныя месцы. Наша контрразведка мае на ўсё доказы. Яны збіралі інфармацыю, у тым ліку і мультымедыйнага характару, і перадавалі рэгулярна расійскай выведцы, за што атрымоўвалі заробак. Яны разумелі, што робіць.

Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Вонсік заявіў, што расійскія агенты, затрыманыя Агенцтвам унутранай бяспекі, дзейнічаюць у рамках шпіёнскай сеткі, якую выкрылі польскія службы.

- Гэтых людзей надзвычай цікавіла польская інфраструктуры, асабліва чыгуначная, але не толькі. Гэта сапраўдны поспех контрразведкі, тым больш, што гэта ўжо чарговы затрыманы, і, верагодна, не апошні. Польская контрразведка мае шмат поспехаў на гэтым напрамку. Вельмі добра працуе. Нагадаю, што больш за 40 расійскіх дыпламатаў было выдалена з Польшчы за супрацоўніцтва з расійскай выведкай на падставе інфармацыі контрразведкі. Гэта добра паказвае пра маштаб дзеянняў расійскай выведкі.    

Затрыманы грамадзянін РФ знаходзіцца ў Польшчы з кастрычніка 2021 года. Дзеянні, якія інкрымінуюцца падазраванаму, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да 10 гадоў. Расіянін стаў 14-м чалавекам, затрыманым у рамках расследавання шпіёнскай сеткі, якая супрацоўнічае з расійскімі спецслужбамі. Падазраваныя, ідэнтыфікаваныя як замежнікі з-за ўсходняй мяжы, вялі разведвальную дзейнасць, а таксама прапаганду супраць Польшчы і рыхтавалі дыверсіі ад імя расійскай выведкі. Пракуратура не выключае новых арыштаў па гэтай справе.

У Фэйсбук ужо тры гады дзейнічае сетка фан-старонак, якія прасоўваюць сайты з фэйкавымі навінамі, а таксама з прарасійскай і антыўкраінскай прапагандай, усталявала OKO.press. Яе абсяг складаў 4,5 мільёнаў палякаў.

Арышты расійскіх агентаў адбываюцца не толькі ў Польшчы. Шпіёнскія скандалы, звязаныя з дзейнасцю расіян, мелі месца ў Эстоніі, Літве, Венгрыі. У сакавіку 2022, пасля таго як Расія ўварвалася ва Украіну, Славакія ўпершыню скараціла колькасць расійскіх амбасад у Браціславе і адправіла дадому 35 супрацоўнікаў амбасады. Гэта частка сумеснага адказу заходніх краін на ўварванне Расіі ва Украіну. За некалькі тыдняў сотні расійскіх шпіёнаў, якія працавалі пад дыпламатычным прыкрыццём, былі высланыя з краін ЕС і НАТА.

Цяпер у Польшчы ды Літве непакояцца, што можа адбыцца інтэнсіфікацыя расійскіх дыверсійных ды разведвальных дзеянняў у Цэнтральнай Еўропе з беларускага боку. Асабліва цяпер, напярэдадні ліпеньскага саміту НАТА ў Літве. Намеснік міністра нацыянальнай абароны Войцех Скуркевіч звязаў гэта са з’яўленнем  у Беларусі наймітаў з «групы Вагнера».

- Тыя, хто сёння ў Беларусі, каго будуць у бліжэйшыя дні перакідваць у Беларусь, ідзецца пра «групы Вагнера», яны могуць далучыцца да розных дзеянняў, напрыклад, для ўзмацнення міграцыйнага ціск на ўсходнюю мяжу ЕС.

Расійская выведка ў апошнія гады ў значнай меры актывізавала сваю дзейнасць, накіраваную не толькі на шпіянаж, але і на дэстабілізацыю дзяржаўных інстытутаў і грамадстваў у Цэнтральнай Еўропе. Цяпер расійскае кіраўніцтва называе Польшчу, краіны Балтыі, разам з Вялікабрытаніяй ды Фінляндыяй - варожымі краінамі. Гэта значыць, што магчыма інтэнсіфікацыя актыўнасці расійскай выведкі ў рэгіёне.

Юры Ліхтаровіч