Rzeczpospolita друкуе інтэрв’ю з генералам Польскага войска Вальдэмарам Скшыпчакам. Ён кажа, што арміі Вагнера ўжо практычна няма, з яго боку няма пагрозы для Польшчы. У інтэрв'ю з былым камандуючым сухапутнымі войскамі закранаецца таксама тэма аснашчэння польскай арміі, ці міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак прымае правільныя рашэнні.
«У кантэксце таго, як ён узбройвае войска, я ўлічваю меркаванне вайскоўцаў, – адзначае генерал Скшыпчак. – Гэта добры міністр – так яны кажуць». На пытанне, ці існуе яшчэ Прыватная ваенная кампанія «Вагнер» у якасці рэальнай сілы і ці яна ўяўляе для Польшчы пагрозу, генерал адказвае: «Пагроза для Польшчы ёсць толькі ў СМІ і расійскай прапагандзе, якой нашы прапагандысты, нашы палітыкі вельмі ахвотна карыстаюцца, каб палохаць палякаў. Інфармацыя, якая паступае ад амерыканскай, брытанскай і ўкраінскай разведак, паказвае, што, па-першае, група Вагнера не знаходзіцца ў Беларусі. Па-другое, з мінулага тыдня (калі завяршыўся кароткі бунт Яўгена Прыгожына – рэд.), гэтая група практычна рассыпаецца. Камандзіры арміі Вагнера былі адпраўленыя ў адстаўку або арыштаваныя. Няма адпаведнай каманды, каб кіраваць гэтай групоўкай войскаў», – сказаў генерал Вальдэмар Скшыпчак.
Тэматыку будучыні ПВК «Вагнер» і яе камандзіра закранае таксама Deutsche Welle, публікацыю якога цытуе Defence24.pl. Былы афіцэр аўстрыйскай арміі Густаў Грэсель адзначае: «Я не думаю, што ў яго (Прыгожына) наперадзе доўгае жыццё». Эксперт прызнаўся, што вагнераўскае паўстанне яго здзівіла, таксама нечаканы быў фінал бунту: «Я не думаў, што перамовы пройдуць так лёгка. І я не думаю, што гэта канец гісторыі. У канцы канцоў, гэта была джэнтльменская здзелка ў Расіі, дзе няма джэнтльменаў», – сказаў Грэсель і дадаў, што падрыў дамбы на ГЭС у Новай Кахоўцы быў «чыстым актам помсты». «Пуцін разбурае гэтую краіну, таму што не змог яе ўтрымаць. На самай справе падрыў плаціны і паводка былі горшыя, чым выбух атамнай бомбы, калі гэта была б толькі адна бомба. Падрыў Запарожскай АЭС таксама быў бы горшы за атамную бомбу», – мяркуе былы вайсковец.
Густаў Грэсель таксама заявіў, што Украіне трэба «больш таго, што ўжо пастаўлена, і шмат боепрыпасаў» з Захаду. Эксперт таксама сказаў, што Пуцін хоча зацягнуць вайну да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, паколькі ён спадзяецца, што ў нейкі момант Захад ужо стоміцца і перастане цікавіцца Украінай.
нг