У выданні Gazeta Wyborcza вялікі рэпартаж журналісткі Ірыны Халіп пра беларускіх палітвязняў. Сама Ірына прайшла праз вязніцу, была затрыманая за ўдзел у пратэстах у 2011 годзе, асуджаная ўмоўна на два гады, знайшла палітычны прытулак у Польшчы. Яна піша: «Здавалася б, што былому палітвязню прасцей пісаць пра сённяшніх вязняў рэжыму, але менавіта таму, што ведаеш, што яны сядзяць у камерах, дзе зімой жахліва холадна, а летам можна памерці ад спякоты, дзе сцены пакрытыя цвіллю, кожнае слова адгукаецца ўласным болем.
Аднак пісаць пра іх трэба, паколькі на фоне іншых сусветных катастрофаў, войнаў, беларускія палітвязні становяцца быццам бы часткай краявіду. Тысячы былі асуджаныя і сядзяць, але яны жывыя, іх не забіваюць, і добра. Не! Чым больш іх пакуты становяцца часткай краявіду, тым больш трэба пра іх крычаць», – мяркуе Халіп.
Ірына апісвае двух палітвязняў – расказвае пра Анджэя Пачобута, які добра вядомы чытачам выдання, паколькі ён быў карэспандэнтам гэтай польскай газеты, а таксама пра палітолага Паліну Шарэнду-Панасюк, якую ў Беларусі называюць Жаннай Д’Арк. «Раней ці пазней яны вернуцца дадому. А калі, гэта залежыць ад саміх беларусаў і ад жорсткасці заходніх санкцый. Але Мікалай Клімовіч ніколі не вернецца, хаця яго прыгаварылі толькі на год. Гэтага хапіла, каб турма яго забіла. І мы заўсёды будзем адчуваць сябе вінаватымі, што не ўдалося выратаваць добрага чалавека», – дадае Ірына. Яна сумняецца, што тыя, хто выслаў у турму хворага чалавека, хаця б на секунду адчуў сваю віну. Беларускія каты – гэты іншы від, у іх няма пачуцця сораму, віны, сумлення.
«Я напісала толькі пра некалькіх палітвязняў з тысячаў, але кожны беларус можа расказаць гісторыю сваіх знаёмых, сваякоў, якія сядзяць у турме. Рэпрэсіі – як вайна, яны закранулі кожнага. Памятайце пра іх, калі ласка», – заканчвае свае разважанні Ірына Халіп.
нг