Лідары 31 краіны Альянсу і Швецыі вырашаць, якую падтрымку аказаць Украіне, і рыхтуюць зялёнае святло новай сістэме стрымлівання пагроз на кантыненце. Захад таксама плануе абвесціць шматгадовую фінансавую праграму дапамогі ў трансфармацыі ўкраінскай арміі, а таксама павышэнне статусу дыпламатычных адносін з Кіевам.
У другой палове дня ў Вільні пачаўся саміт НАТА, які працягнецца два дні. У першы дзень палітыкі абмяркоўваюць, між іншым, пытанні бяспекі Альянсу.
Саміт НАТА ў літоўскай сталіцы стаў чацвёртым з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Насуперак чаканням Кіева і некаторых краін Усходняй Еўропы, Украіна не атрымае афіцыйнага запрашэння ў НАТА. Аднак падчас саміту праводзяцца перамовы пра тое, як сфармаваць будучае сяброўства Кіева да задавальнення ўсіх саюзнікаў.
Захад таксама плануе абвесціць шматгадовую фінансавую праграму дапамогі ў трансфармацыі ўкраінскай арміі, а таксама павышэння статусу дыпламатычных адносін з Кіевам. Кіраўнік НАТА Енс Столтэнбэрг запэўніў, што сувязі з Украінай будуць умацаваныя, стварэнне Рады Украіна-НАТА стане выразным сігналам падтрымкі Кіева.
- Саюзнікі па НАТА рыхтуюць моцнае, калектыўнае і пазітыўнае паведамленне наконт будучага шляху Украіны. Але я не скажу дакладна зараз, таму што гэта будзе абвешчана публічна, калі тэкст камюніке будзе зацверджаны. Гэта адбудзецца пазней, але вядома, што пасланне будзе моцным і аднадушным. Гэта адносіцца як да шляху да сяброўства, так і да самай важнай задачы, якой з'яўляецца ваенная падтрымка.
Генеральны сакратар НАТА заявіў, што саюзнікі па Паўночнаатлантычнай дамове павінны адмовіцца ад дадатковых патрабаванняў ад Украіны.
- Украіна прайшла доўгі шлях з таго часу, як мы ў 2008 годзе вырашылі, што наступным крокам будзе падрыхтоўка Плана дзеянняў па сяброўству. Украіна значна бліжэй да NATO, таму я думаю, што прыйшоў час адлюстраваць гэта ў рашэннях НАТА. Я таксама чакаю, што саюзнікі дашлюць яснае і пазітыўнае паведамленне аб шляху Украіны да сяброўства. Я прапанаваў пакет з трох дадатковых практычных элементаў падтрымкі ў выглядзе шматгадовай праграмы для забеспячэння поўнай сумяшчальнасці паміж узброенымі сіламі Украіны і НАТА. Гэта наблізіць Украіну да Альянсу. Яшчэ адзін элемент — умацаванне палітычных сувязяў шляхам стварэння Рады Украіна-НАТА і потым адмены патрабавання дарожнай мапы сяброўства.
Палітыкі ў Вільні таксама плануюць зацвердзіць тры рэгіянальныя планы абароны, у тым ліку для краін Балтыі і Польшчы. Гаворка ідзе як аб аб'яднанні ўсёй абароннай дзейнасці, так і аб істотным паскарэнні рэагавання войск у выпадку пагрозы бяспецы адной з дзяржаў-членаў. Гэта першыя падобныя дакументы з часоў халоднай вайны. Яны павінны гарантаваць больш хуткую і эфектыўную абарону дадзенай тэрыторыі ў выпадку пагрозы.
Польшчу ў Вільні прадстаўляе прэзідэнт Анджэй Дуда. Падтрымка Ўкраіны, а таксама падвышэнне бяспекі краінаў усходняга флангу НАТА — такія асноўныя пастулаты Польшчы на саміце Альянсу. Польшча з'яўляецца адной з краін, якія жадаюць як мага хутчэйшага ўступлення Украіны ў NATO.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда таксама заявіў, што хацеў бы пагаварыць пра пагрозу з боку Беларусі, куды Расія перакідвае ядзерную зброю і некаторых наймітаў з групы Вагнера.
- Гэта выразная змена архітэктуры бяспекі ў нашай частцы Еўропы. Мы хочам, каб НАТА паставілася да гэтага сур’ёзна, як і да пераасэнсавання ядзернай палітыкі Альянсу.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падчас адкрыцця саміту НАТА ў Вільні заявіў, што адным з пытанняў, якія будуць абмяркоўвацца падчас сустрэчы, з'яўляецца рост пагрозы з боку Беларусі. Ён дадаў, што гэта асабліва важнае пытанне для краін усходняга флангу:
- Беларусь сапраўды становіцца праблемай. Гэта не Беларусь 2020 года, і нам цяпер не трэба мець ілюзій. Гэта краіна ўжо не незалежная. Гэта яшчэ адна губерня Расійскай Федэрацыі. Тэрыторыя Беларусі цалкам даступная для Расіі, расійскія ўзброеныя сілы плануюць аперацый супраць Украіны.
Прэзідэнт Літвы падкрэсліў, што цяпер найбольшую пагрозу ўяўляюць размешчаная на тэрыторыі Беларусі тактычная ядзерная зброя і інструмэнталізацыя нелегальнай міграцыі рэжымам у Мінску.
Прэзідэнт Украіны прыбудзе ў Вільню сёння вечарам і возьме ўдзел ва ўрачыстай вячэры. Пры гэтым ён нагадаў, што заўтра Уладзімір Зяленскі возьме ўдзел ва ўстаноўчым пасяджэнні Рады НАТА-Украіна.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч